Солнечные батареи в Лепельском районе

6127412e29164db08a1e564a7b5d3a7aСонечныя панэлі ў пачатку года ўбачыў на даху нядаўна пабудаванай крамы аўтамабільных запчастак і інструменту па вуліцы Чуйкова. Вельмі зацікавіўся гэтым па шэрагу прычын.

Неаднаразова бачыў у інтэрнэце ролікі і фотаздымкі з гарадскімі і вясковымі пейзажамі з еўрапейскіх краін. Звярнуў увагу, што там на дахах шматпавярховых і індывідуальных жылых дамоў устаноўлены сонечныя батарэі. Некалькі гадоў таму я асабіста пабываў у Германіі і ўбачыў гэта насамрэч. Гаспадары дамоў, з якімі мне давялося пагута­рыць, адзначалі, што такая справа для іх вельмі выгадная, бо кошт электраэнергіі, забеспячэнне якой ідзе па электрычных сетках, даволі высокі, а на сонечных батарэях удаецца адчувальна зэканоміць.
Аднак сонечныя батарэі выкарыстоўваюцца і на Лепельшчыне. Намаганнямі нямецкіх валанцёраў была рэканструявана кухня Старалепельскай базавай школы, на даху якой таксама размешчаны сонечныя панэлі. На кухні выкарыстоўваюцца электрапліты, якія даволі энергаёмістыя. Я выказаў занепакоенасць, што магутнасці сонечных батарэй можа не хапіць, каб цалкам забяспечыць прыгатаванне ежы. Аднак работніцы кухні адзначылі, што панэлі і пліты добра выконваюць свае функцыі нават у пахмурныя дні.
Больш грунтоўна пагутарыць пра вартасці і недахопы сонечных батарэй мне ўсё не ўдавалася. У Германіі замінаў моўны бар’ер, а работнікі кухні Старалепельскай базавай школы не мелі ўяўлення пра прынцыпы работы абсталявання.
Між тым энергетычнае самазабеспячэнне ў будучым – пытанне актуальнае. Тарыфы на электраэнергію з году ў год, хоць і паступова, але ўсё ж павялічваюцца. Разам з гэтым растуць і тэндэнцыі да больш глыбокага асваення крыніц, якія ўзнаўляюцца. Адным з галоўных напрамкаў з’яўляецца сонечнае святло.
– Што вас падштурхнула да ўстаноўкі сонечных батарэй? – звяртаюся да ўладальніка аўтакрамы Сяргея Петухова.
– Гэты будынак я ўзводзіў з тым разлікам, каб у 2 пакоях першага паверха была крама, а пакоі на другім паверсе і астатнія на першым былі жылыя. Як вядома, тарыфы на электраэнергію для жылых памяшканняў і разлічаных для вядзення камерцыйнай або вытворчай дзейнасці істотна адрозніваюцца, амаль у 3 разы.
Як паведамілі аўтару ў прадпрыемстве энергазбыту, для энергазабеспячэння жылых дамоў і кватэр электраэнергія рэалізуецца па тарыфе 0,1901 рубля за кілават-гадзіну. Для крамаў цана разлічваецца па наступнай формуле: 0,33048 рубля за кілават-гадзіну. Сюды ж дадаецца падатак на дабаўленую вартасць у 20 працэнтаў і павялічваецца на каэфіцыент, які залежыць ад курсу долара ЗША. Такім чынам, камерцыйныя спажыўцы набываюць электраэнергію не менш як па 40 капеек за кілават-гадзіну.
Я спецыяльна падвёў да будынка трохфазную лінію, – працягвае Сяргей Петухоў. – Меркаваў 2 фазы пусціць, так бы мовіць, на жылыя пакоі, а адну – на краму. Вядома, меркаваў аснасціць яе асобным лічыльнікам. Аднак у раёне электрасетак мне адмовілі. Сказалі, што для камерцыйнай установы, якой і з’яўляецца крама, патрэбны цалкам асобны падвод кабелю. Яго ж немагчыма падвесці без устаноўкі дадатковай апоры лініі электраперадачы. Я зрабіў падлікі. Перагледзеў дзясяткі ролікаў у інтэрнэце, абмеркаваў гэту тэму на форумах з людзьмі, якія сутыкнуліся з падобнымі праблемамі. Думаў, разлічваў, параўноўваў амаль 2 месяцы. У выніку прыйшоў да высновы, што больш выгадна мне ўстанавіць сонечныя батарэі. Вобразна кажучы, за новае падвядзенне электрасетак мне патрэбна было б запла­ціць 1 тысячу ўмоўных адзінак, а аўтаномная сістэма электразабеспячэння каштуе 1,5 тысячы. Аднак у перспектыве, улічваючы розніцу ў тарыфах на электраэнергію, я буду значна эканоміць і кампенсую свае першапачатковыя расходы.
– Напэўна вы маеце спецыяльнасць электрыка, паколькі так добра разбіраецеся ў гэтым пытанні?
– Так, у мяне ёсць навыкі электрыка, але большую колькасць інфармацыі па гэтым пытанні я атрымаў з інтэрнэту.
– З якімі праблемамі вам давялося сустрэцца, прыступіўшы да справы?
– Па-першае, я пераканаўся, што гэта справа магчымая і яе можна выканаць. Варта толькі прыступіць да яе, усё дэталёва абмеркаваўшы. Разам з тым я адкрыў для сябе шмат новага. Напрыклад, эфектыўнасць сонечных батарэй у вялікай ступені залежыць ад надвор’я. Я даведаўся, што ў Віцебскай вобласці, паводле статыстыкі, толькі каля 70 дзён у годзе сонечных, астатнія ж – пахмурныя, дажджлівыя і снежныя. Атрымліваецца, што абсталяванне трэба ўстанаўліваць з пэўным запасам. Батарэі выпускаюцца розных канструкцый, пад розныя ўмовы эксплуатацыі. Акрамя гэтага, панэлі, устаноўленыя на даху, – гэта толькі каля паловы абсталявання і расходаў. Не менш каштуюць апаратура кіравання і акумулятары. Да таго ж акумулятары, якія ўстанаўліваюцца на аўтамабілях, для нашых мэтаў не вельмі падыходзяць, патрэбны спецыялізаваныя. І падобных пытанняў вельмі шмат.
– Што, зыходзячы з ужо атрыманага вопыту, вы б змянілі, зрабілі б па-іншаму?
– Здаецца, нічога. Асаблівых памылак не дапусціў. Хіба толькі на зіму трэба будзе дадаткова набыць сонечныя панэлі, каб забяспечыць надзейнае паступленне электраэнергіі ў пахмурныя восеньскія і кароткія зімовыя дні. Хацелася б таксама набыць спецыялізаваныя акумулятары, якія больш прыстасаваныя пад працяглую працу, пад паступовую выдачу назапашанай раней энергіі.
– Ці ведаеце вы іншых людзей, якія таксама скарыс­таліся сонечнымі панэлямі як пастаяннай крыніцай электраэнергіі?
– Так, побач працуе гандлё­вая кропка. Іх гаспадарам таксама падвядзенне электраэнергіі абышлося б дорага. Зараз яны карыстаюцца бензагенератарам, але з гэтым таксама ўзнікаюць пэўныя цяжкасці. Бензагенератар кітайскай вытворчасці не разлічаны на працяглую, па некалькі месяцаў запар працу. Праз год трэба набываць новы. У цяперашні час уладальнікі сур’ёзна разглядаюць пытанне наконт устаноўкі сонечных панэляў.
– Наколькі, на ваш погляд, было б эканамічна абгрунтаваным выкарыстанне сонечных батарэй для энергазабеспячэння звычайнага жылога дома? З чаго вы рэкамендавалі б пачаць?
– Па-першае, трэба дэталёва разлічыць, наколькі выгадным можа быць гэта рашэнне. Неабходна вылічыць, колькі спажываецца электраэнергіі, у якіх выпадках магчыма яе зэканоміць. Я, напрыклад, набыў сабе ватметр і з яго дапамогай спачатку змерыў усю нагрузку, вызначыў, колькі энергіі спажываюць уся сістэма і кожны асобны прыбор. Затым вельмі важна прагледзець інтэрнэт і сабраць адтуль усю магчымую інфармацыю. Такім чынам магчыма атрымаць параду, якую сістэму лепей выбраць, як заказаць патрэбную тэхніку і абсталяванне, як іх зманціраваць і наладзіць. Толькі вызначыўшы прынцыпова, наколькі выгадны гэты праект, можна будзе працаваць над яго ажыццяўленнем.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.