Клим Пацейко — ответственный редактор “Калгаснай праўды”
Клім Пацэйка быў прызначаны адказным рэдактарам “Калгаснай праўды” 8 лютага 1943 года, бадай у самы складаны і драматычны для газеты час, калі яна выдавалася і распаўсюджвалася падпольна сярод насельніцтва на акупаванай фашыстамі тэрыторыі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны.
Нарадзіўся Клім Пацэйка ў 1916 годзе ў вёсцы Ваўчо Ушацкага раёна. У 1939-40-х гадах прымаў удзел у савецка-фінляндскай вайне, дзе быў паранены.
У верасні 1942 года Пацэйка добраахвотна ўступіў у партызанскі атрад сфарміраваны Фёдарам Дуброўскім, дзе займае пасаду палітрука роты. Асабліва вызначыўся ў абарончых баях за вёску Пышна, за што быў узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” першай ступені.
Пасля прызначэння на пасаду рэдактара Клім Пацэйка ў кароткія тэрміны здолеў арганізаваць работу друкарні. Акрамя лепельскай “Калгаснай праўды” пад кіраўніцтвам Пацэйкі выдаваліся яшчэ чатыры раённыя газеты, друкаваліся плакаты “Весткі з Радзімы” і агітацыйная лістоўкі.
Адзін з работнікаў падпольнай друкарні мастак Мікалай Абрыньба пасля вайны ўспамінаў : “Жнівень 1943 года. Мы былі ў разведцы з Пашам Лагвіненкам і Клімам Пацэйкам, рэдактарам нашай газеты. Пацэйка перадалі, што ў яго нарадзіўся сын, ён упрасіў нас заглянуць да яго дадому: “Хоць патрымаю яго, ці мала што чакае…” – прамовіў Клім. І мы зайшлі. Жонка яго, маладзенькая, зусім дзяўчынка, дастала з калыскі немаўля. Клім асцярожна ўзяў сына, падымаў, круціў перад сабой на выцягнутых руках. Жонка дастала самагонку, выпілі, выйшлі на двор, і тут я сфатаграфаваў іх утрох. Усё гэта было падчас блакады.”
Рэдакцыю газеты Пацэйка ўзначальваў да мая 1944 года, пасля чаго быў прызначаны на пасаду камісара атрада № 9 брыгады імя Сталіна. 27 чэрвеня атрад у поўным складзе злучыўся з часткамі Чырвонай арміі. За ўдзел у партызанскім руху Клім Пацэйка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Пасля вызвалення Лепельшчыны Клім Раманавіч Пацэйка, маючы вялікі досвед у друкарскай справе вярнуўся да мірнай прафесіі, узначаліў раённую газету “Калгасная праўда”.
Валерый Тухта
На здымку: Клім Пацэйка за працай у падпольнай друкарні. Фотаздымак з фондаў Лепельскага краязнаўчага музея.