У маленькіх вёсках на Лепельшчыне парадак наводзяць прыезджыя

20 ліпеня 012 Мае родныя Чэрцы, як і большасць невялікіх вёсак, якім не пашанцавала стаць аграгарадкамі, старэюць і драбнеюць… Аднак, я не аб тым. Хочацца расказаць пра людзей, чыімі намаганнямі не толькі пакуль трымаюцца на плыву «неперспектыўныя» вёсачкі кшталту нашай, але і харашэюць. Такіх людзей няшмат. Як ні дзіўна, яны пераважнай большасцю не мясцовыя, прыезджыя. Здавалася б, чаго такім людзям рупіцца, старацца.

Дзеля чаго і каго? Яны – залётныя птушкі. Сёння атабарыліся тут, заўтра, калі не спадабаецца, паляцяць далей шчасця шукаць. Аднак людзі прыязджаюць розныя, і не ва ўсіх прыезджых – «залётная псіхалогія». Факт застаецца фактам, не паспелі ў нашых Чэрцах  паявіцца пакінутыя хаты, як ім не давялося доўга сумаваць, хутка амаль усе раскупілі. Не ўсім, праўда, пашанцавала аднолькава, аднак большасць купленых, як мы называем, «дачнікамі», старых хат літаральна ўздыхнулі з палёгкаю і проста на вачах пачалі маладзець і пераўтварацца. Сёння такіх хат з вернутым жыццём можна налічыць каля дзясятка. Ды і не заўсёды дачнікамі жывуць тут новыя гаспадары. Завітаўшы, як думалася, часова, яны атрымалі сталую прапіску і рупна ўзяліся за працу.

Пра адну з такіх прыезджых руплівіц хачу распавесці. Ганна Валошына, можна сказаць, мая суседка. Жывем не побач, аднак амаль суседнічаем агародамі. І калі я аднойчы ўбачыў ля старой скасабочанай хаты, гаспадары якой паўміралі, сталага веку жанчыну, якая корпалася на заросшым двары, быў заінтрыгаваны. Звычайна пакінутую хату купляюць, і потым яна доўга яшчэ стаіць без асаблівых прыкмет выздараўлення. Аднак тут усё было па-іншаму, даволі імкліва. Вось да хаты папоўз электрычны дрот, у адначассі вокны, што мелі гнятлівы выгляд, былі заменены на сучасныя шклопакеты. Праўда, новыя вокны ўсё яшчэ не могуць паразумецца са старымі сценамі, са зношаным дахам і г.д. Аднак, галоўнае – пачатак.

20 ліпеня 017 Тым часам проста рэвалюцыйныя змены пачаліся і на падворку. Зарослыя старыя дрэвы ў садзе былі старанна акультураны, дзікае кустоўе выцераблена. Маліннік, што быў схаваўся ў бур’яне, аддзячыў шчодрым ураджаем, улетку за хатай пышна зацвіла бульбачка, пацягнуліся да сонца гонкія радкі сланечніку, разлапушыліся капуста і буракі, часначок парос у вяночку з клубнічнікам. Нягледзячы на халаднаватае лета, да шчодрага ўраджаю падрыхтаваліся і перац з памідорамі. А агуркі… схаваліся ў бочку. Так-так, менавіта ў бочку… Гаспадыня літаральна не вылазіла з агарода. Усю зіму і рана ўвесну яна выграбала смецце і быльнёг, пазней перакопвала дзёран, асвойваючы метр за метрам цаліны, затым узялася за пасевы, за праполку і г.д.

Зразумела, вырашыў пазнаёміцца з такой пазітыўнай суседкаю. І тут я са здзіўленнем пераступіў ганак… Прызнацца, мне не часта даводзілася быць у той хаце, аднак памятаў, што, заходзячы, дзвярам трэба пакланіцца, каб не набіць гуза. І чаму такія нізкія рабілі раней дзверы? І толькі сабраўся кланяцца, як вочы ад здзіўлення на лоб палезлі – вачам сваім не паверыў. У калідоры дзверы новыя, ды і кланяцца ім ўжо няма неабходнасці, пашырэлі, падвысіліся, дзверы ж у хату і ўвогуле высокія, калі ласка, заходзь як ёсць у повен рост, — «гарадскія», са шкельцам. «Гарадскою» стала і печ, абкладзеная кафляю. Падлога новая, сцены зусім не бярвёнчатыя, а роўненька абшытыя гіпсакардонам ды акуратна паклееныя. Аконныя адкосы па-майстэрску аздобленыя дэкаратыўнай вагонкаю. Чысціня, парадак, максімальная ўтульнасць, якую толькі можна зрабіць у інтэр’еры старой вясковай хаты.

Сядзі, гаспадыня, тым болей, што ўжо за семдзесят, адпачывай. Чым не святліца! Дзе там пасядзіць! Малінкі сабрала, варэння наварыла. Агуркі ў бочцы выраслі… Далібог не жартую. Дзівачка дзесьці вычытала, ці то ў інтэрнэце падгледзела, што агуркі някепска растуць у дзяжы, нанасіла зямелькі і – вось табе, ураджай!.

У Беларусь прыехала Ганна Нічыпараўна яшчэ за перабудоваю. Сама яна з Паўночнага Казахстана. Нарадзілася ў грозным сорак першым у Акмолінскай вобласці. Вайны, вядома ж, не памятае, толькі ведае, што на фронце прапаў без вестак дзядзька. А вось суровыя пасляваенныя гады – як на далоні. Бацька працаваў на зернесушылцы. Строгія былі часіны. Галадалі. Аднак нават у кішэню зерня нельга было насыпаць, каб дадому прынесці. Аднаго разу ўзялі прасушыць на печ, тут жа прымчала міліцыя, праверыла накладныя… Памятае і пяцідзясятыя, калі цалінным зернем завалілі краіну. Вось тады было еш не хачу. У сям’і было шасцёра дзяцей. Адна дзяўчынка памерла маленькай. Брат і сястра Ганны дагэтуль жывуць у Казахстане. Астатніх раскідаў лёс па свеце – каго ў Германію, каго на Далёкі Усход. Ганна вось апынулася на Лепельшчыне, якую дагэтуль аблюбавалі сваты. Спачатку купілі хату ў Забаенні. Ганна з дачкою і там усё акультурылі. Цяпер у той хаце жыве дачка, Ганна Нічыпараўна ж з сынам спыніліся ў Чэрцах.

20 ліпеня 023Рамонтам у хаце «загадвала» дачка Ірына. Па спецыяльнасці бібліятэкар, яна проста народжаная быць прарабам і не церпіць пярэчанняў. Будаўнічая фантазія і творчы дызайн так і струменяць у Ірыніных пражэктах. Дапамаглі іх увасобіць у жыццё і ўнук з жонкаю. Адным словам, бабулю дзеці і ўнукі пасадзілі ў цёпленькую гатовую хатку, як царыцу на трон – жыві і радуйся.

Ганна Нічыпараўна жыве і радуецца — аднак, не царыцаю, а руплівай Папялушкаю. Радуецца кожнай новай з’яве, што адбываецца на яе ажыўшым падворку, а заадно і цешыць нястомнай сваёй энергіяй нас, аднавяскоўцаў. Паболей бы нам такіх прыезджых…

Уладзімір МІХНО.

 На здымках: не сядзіцца ў святліцы рупнай гаспадыні;  часначок у вяночку з клубнічнікам ; агурочкі ў дзежачцы.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.