Аўдыторыі акадэміі чакаюць лепяльчан

Без имени-1 Заканчвае юнак ці дзяўчына школу і вызначае свой далейшы лёс. У кожнага свая дарога. Кожны выпускнік стараецца выбраць справу па душы. Мы ж на гэты раз павядзём гаворку аб прэстыжнай і найстарэйшай вышэйшай навучальнай установе краіны — Беларускай  дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі. Дарэчы, сёлета ВНУ адзначыць  175-годдзе свайго існавання на ніве вышэйшай адукацыі.  Даўнія сувязі існуюць у БДСГА і Лепельшчыны: там навучаюцца выпускнікі УА “Лепельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж”,  школ горада і раёна. Нашымі суразмоўцамі на гэты раз сталі загадчык кафедры гісторыі і педагогікі Н.С. Шатраўка і старшы выкладчык кафедры А.В. Радзюк.

Н.С. Шатраўка:

— Адзінаццаць лепяльчан летась паступілі вучыцца ў нашу акадэмію. Напрыклад, Яўген Сафонаў, Валерый Лагун і Раман Пусташыла пасля заканчэння Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа працягваюць сваю адукацыю ў вядучай сельскагаспадарчай навучальнай установе краіны. Яны паступілі на факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі. І не шкадуюць аб прынятым рашэнні.

— Чаму лепяльчане, і не толькі яны, аддаюць перавагу вашай акадэміі?

А.В. Радзюк:

— Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія  —  найбуйнейшая шматпрофільная вышэйшая навучальная ўстанова аграпрамысловага напрамку сярод краін СНД і Еўропы. ВНУ валодае выдатнай сучаснай  матэрыяльна-тэхнічнай базай. Скажам, на ўпамянутым факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі студэнты маюць выдатную магчымасць вывучыць будову аўтамабіля, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, атрымліваюць трывалыя акадэмічныя веды па розных аспектах развіцця галіны. І гэта не толькі мая асабістая выснова. Многія нашы выхаванцы па­дзяляюць яе.

Н.С. Шатраўка:

— Дапоўню сказанае калегам. Сапраўды, наша навучальная ўстанова — гэта горад у горадзе Горкі Магілёўскай вобласці. На тэрыторыі акадэміі размешчаны 16 навучальных карпусоў, Палац культуры, бібліятэка, батанічны сад, спартыўны комплекс, амфітэатр.  І што немалаважна ў цяперашняй сацыяльнай сітуацыі — іншагароднія студэнты забяспечваюцца камфортнымі інтэрнатамі. Падрыхтоўка студэнтаў арганізавана на дзевяці  асноўных факультэтах дзённага аддзялення: аграэкалагічным, агранамічным, зааінжынерным; механізацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыйна-будаўнічым, землеўпарадкавальным; бізнэсу і права, бухгалтарскага ўліку і эканамічным.

— Як праходзіць вучоба? Гэта пытанне мы адрасавалі лепяльчанцы Юліі Шатко, студэнтцы факультэта бізнэсу і права (спецыяльнасць — права­знаўства). Юлія закончыла лепельскую сярэднюю школу №3, вучыцца на першым курсе сельгас­акадэміі.

—  Шчыра скажу, выбраўшы БДСГА — мы не расчараваліся ў сваім выбары. Тут сапраўды выдатныя выкладчыкі, вельмі ўтульны і кампактны акадэмгарадок, выдатныя добраўпарадкаваныя інтэрнаты. Вельмі спадабаўся спартыўны комплекс акадэміі. У нас ёсць магчымасць удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці, хадзіць у спартыўныя секцыі, займацца ў трэнажорных залах, плаваць у басейне, наведваць шматлікія студэнцкія клубы. Тут у нас з’явілася шмат новых сяброў.

Акрамя таго, у студэнтаў ёсць магчымасць паехаць на практыку за мяжу. Праўда, для гэтага трэба добра ведаць замежную мову.

Мне падабаецца вучыцца. Імкнуся паспяваць усюды: я стараста вучэбнай групы, сакратар УВК, гуляю ў валейбол, займаюся лёгкай атлетыкай. Яшчэ наведваю вельмі цікавы клуб «Прыступкі», удзельнічаю ў розных студэнцкіх конкурсах і мерапрыемствах: «Алё, мы шукаем таленты!», «Акадэмічная вясна» і інш. Жыву ў камфартабельным інтэрнаце. Магу параўнаць яго з добраўпарадкаванай гасцініцай. Нас у пакоі двое, так што ёсць магчымасць і да заняткаў рыхтавацца, і адпачываць. На будучыню шмат планаў, спадзяюся, усё складзецца добра.

— Вы заканчваеце першы курс. Не старажыл акадэміі, але многае ўжо ведаеце. Якія парады хацелі б даць выпускнікам школ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў?

— Перад выпускнікамі рана ці позна паўстае пытанне пра паступленне ў ВНУ. Да выбару неабходна падыходзіць сур’ёзна і з усёй адказнасцю. Хочацца ім пажадаць паспяховай здачы тэстаў на цэнтралізаваным тэставанні. Не бойцеся паступлення. Спрабуйце стаць студэнтам, атрымаць вышэйшую адукацыю. Спецыяльнасці, што атрымлі­ваюць у нашай ВНУ, вельмі запатрабаваныя. Мы па праве ганарымся тым, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка — выпускнік БДСГА.

Н.С.Шатраўка:

— Не лішне дадаць, што ў ліку выпускнікоў — 21 акадэмік і член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, чатыры дзеючыя рэктары беларускіх ВНУ, 36 працэнтаў старшыняў раённых выканаўчых камітэтаў, 40 начальнікаў сельскагаспадарчых упраўленняў райвыканкамаў і амаль палова ўсіх кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэспублікі.

— Шаноўныя суразмоўцы, ваш лаканічны і даходлівы аповед пра сельгасакадэмію, мажліва, стане той вызначальнай кропкай для лепельскіх выпускнікоў, якая зніме апошнія ваганні ў выбары ВНУ і прывядзе іх у аўдыторыі БДСГА.

Уладзімір

ШАЎЧЭНКА.

На здымку: Юлія Шатко.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.