…А для души — цветы

img_6585Праглядаючы спіс перадавікоў жывёлагадоўчай галіны, якія не так даўно атрымалі ўзнагароды ў канцэртнай зале “Віцебск”, убачыў знаёмае імя — Таццяна Гогалева, аператар па адкорме і вырошчванні свіней філіяла “Дражна” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт”.
Успомніў, што некалькі гадоў таму прозвішча гэтай жанчыны было ў пераліку перадавікоў вытворчасці Лепельшчыны, на старонках газеты была змешчаны і матэрыял пра яе. Якія ж перамены адбыліся ў жыцці Таццяны Уладзіміраўны за апошні час, як увогуле складваецца будзённае жыццё перадавіка?
Размова з Таццянай Гогалевай адбылася ў яе выхадны дзень, таму ўдалося патрапіць у госці. Вялікі прасторны дом у аграгарадку Стаі, дагледжанае падвор’е, парадак вакол пабудоў — вось, што ўбачыў адразу пры ўваходзе.
Пачалі размову пра рабочыя будні.
— Як працуецца ў “Дражне”?
— Уношу ўдакладненне, — адразу сказала Таццяна Уладзіміраўна. — Свінаферма ў Стаях з трэцяга студзеня бягучага года з’яўляецца самастойным вытворчым участкам, які напрамую падпарадкоўваецца ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Ферма разлічана на ўтрыманне да шасці тысяч галоў свіней у трох хлявах. Працуе чацвёра аператараў, па адным — у хляве, адна жанчына — падменная. Такім чынам у мяне васьмідзённы працоўны графік: шэсць дзён на ферме і два дні — выхадныя. Такая спецыфіка працы: жывёла патрабуе штодзённага догляду, увагі, не зважаючы ні на ўмовы надвор’я, ні на святы ці якія-небудзь іншыя асабістыя абставіны.
— Такім чынам, пад вашым доглядам на сённяшні дзень…
— 1300 галоў свіней.
— Нават уявіць сабе такую колькасць цяжка! Звычайна, калі гутарым з вяскоўцамі, яны кажуць, што трымаюць адного-двух парасят, больш пагалоўя ім утрымліваць цяжка. А вы — 1300!
— Магу сказаць, што праца ўсюды, дзе магчыма, механізаваная. Гэта і паенне, і раздача корму, і гноевыдаленне. І ўсё роўна шмат даводзіцца папрацаваць і фізічна, адчышчаючы гной, і падносячы корм.
— Як праходзіць ваша працоўная змена?
— На ферму прыходжу а восьмай гадзіне раніцы. Пераапранаюся, іду ў памяшканні. Найперш трэба агледзець уважліва ўсё пагалоўе, галоўная задача — не дапусціць захворвання, а пры выяўленні жывёлы, якая захварэла, трэба неадкладна паведаміць ветурачу і ў далейшым дапамагаць яму ў лячэнні.
— Наколькі вялікая пагроза захворванняў?
Здараюцца адзінкавыя выпадкі. І гэта вынік пастаяннай прафілактыкі. Прывяду прыклад: работнікам вытворчага ўчастка забаронена трымаць у сваёй асабістай гаспадарцы свіней. Наконт гэтага ёсць асобны пункт у кантракце, які сур’ёзна кантралюецца. Таму дома ў нас толькі куры, каты і сабака. Карову трымалі некалькі гадоў таму, але цяпер, калі дочкі выраслі і жывуць самастойна, мы яе збылі. Апрацоўваем агарод, я для душы вырошчваю вакол дома кветкі.
Вось так паступова мы падышлі і да тэмы сям’і.
Таццяна Уладзіміраўна нарадзілася і вырасла ў вялікай сялянскай сям’і, дзе, акрамя яе, выхоўвалася яшчэ пяцёра дзяцей. Маці, Ніна Віктараўна, працавала даяркай у калгасе “Салют”, тата, Уладзімір Васільевіч, там жа быў механізатарам, таму для ўсіх дзяцей сялянская праца была знаёмая з самага ранняга ўзросту. Накарміць жывёлу, прапалоць градкі на агародзе, паварушыць сена, каб хутчэй сохла, — гэтыя і іншыя справы змалку рабіла вясковая дзятва, якой часта было і не да гульняў. Вось чаму часта менавіта карэнныя вяскоўцы ў асноўным становяцца самымі стараннымі і адказнымі работнікамі.
— Таццяна Уладзіміраўна, акрамя вас, хто-небудзь у вашай сям’і яшчэ звязаў жыццё з сельскай гаспадаркай?
— Муж, Віталь Мікалаевіч, працуе ў Стайскім лясніцтве вальшчыкам, таму да сельскай гаспадаркі мае дачыненне ўскоснае, апрацоўвае толькі свой прысядзібны ўчастак. Гаспадар ён умелы і старанны, выконвае амаль усю працу на полі. Муж нават мае ўласны трактар і ўсё неабходнае абсталяванне. Дочкі Кацярына і Вікторыя паспяхова скончылі школу, а затым — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава. Кацярына зараз жыве ў Віцебску, атрымала адукацыю на юрыдычным факультэце ВДУ, а Вікторыя, выпускніца геаграфічнага факультэта, уладкавалася ў Лепелі. Мы з мужам рабілі ўсё магчымае для таго, каб дзеці атрымалі добрую адукацыю. Усё ж такі праца ў сельскай гаспадарцы, нават пры сённяшнім узроўні механізацыі, вельмі цяжкая, ды і заробкі ў нас пакуль што невысокія. Абедзве дочкі зараз у дэкрэтных адпачынках — у нас падрастаюць тры ўнучкі. Атрымліваецца, што муж Віталь — у жаночым царстве: я, дочкі і ўнучкі!
Уласны дом Гогалевы пачалі будаваць у 1994 годзе, як толькі пажаніліся. Добраўпарадкаванне, абуладкаванне не заканчваюцца і зараз. Кожны дзень, абышоўшы сядзібу, дбайны гаспадар знойдзе, дзе прыкласці працавітыя рукі. У доме амаль усё ёсць, не праведзены толькі прыродны газ. Паколькі газаправод знаходзіцца далёка, давялося б шмат плаціць за падключэнне.
— Таццяна Уладзіміраўна, наколькі ведаю, стайская свінаферма спецыялізуецца на вырошчванні свіней да забойнай вагі ў 90-100 кілаграмаў.
— Не зусім так, тэхналогія крыху змянілася. Да нас, у асноўным з Дражна, прывозяць парасят ва ўзросце каля месяца і вагой сем-восем кілаграмаў. Мы гадуем іх 160 дзён, за гэты час яны павінны дасягнуць забойнай вагі не менш, як у 140 кілаграмаў. Атрымліваецца, што парася павінна ў сярэднім за суткі набіраць каля кілаграма масы.
Тут зраблю невялікае адступленне. Свінапагалоўе пад доглядам Таццяны Гогалевай за мінулы год мела сярэднясутачныя прывагі ў 1092 грамы — больш, як па кілаграму за суткі! Гэта самы высокі паказчык у вобласці і адзін з найвышэйшых у рэспубліцы. Высокія дасягненні былі адзначаны Падзякай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якая была ўручана лепшаму жывёлаводу на ўрачыстым мерапрыемстве.
— Таццяна Уладзіміраўна, неаднаразова чуў, у тым ліку і ад вяскоўцаў, што многія, адпрацаваўшы год, збіраюць грошы, каб наведаць курорты ў Турцыі, Егіпце або пабываць на Чорным моры.
— Вы ўгадалі, пра што я мару! Хацелася б пабываць у цёплай краіне хоць тыдзень, але пакуль што не атрымліваецца. Аднак у мяне ёсць іншыя, цалкам прымальныя варыянты. Напрыклад, амаль увесь апошні водпуск я правяла ў Віцебску з маімі любімымі ўнучкамі. Так што ў гэтым плане я — шчаслівы чалавек.
— Жадаю, каб вашы мары абавязкова здзейсніліся!
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.