А в конце развала Советского Союза устроился на молочно-консервный комбинат

img_5222 Міхаіл Васільевіч з цэха масла і марожанага ААТ “Лепельскі МКК” мае, па-першае, рэдкае, можна сказаць, арыгінальнае для Лепельшчыны прозвішча, а па-другое — высокую кваліфікацыю ў сваёй справе. Людзей з прозвішчам Гладышаў у Лепелі не сустракаў, а тэлефонны даведнік даў яшчэ толькі двух такіх жыхароў.

Міхаіл Васільевіч распавёў, што яго бацькі родам з Забароўя, у свой час і ён сам заканчваў Забароўскую васьмігодку. Паступіў на вучобу ў Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, які скончыў у 1977 годзе. Атрымаў кваліфікацыю тэхніка-тэхнолага па апрацоўцы металаў рэзаннем.
Міхаіл Васільевіч мае самы высокі разрад, ён з’яўляецца майстрам па рамонце і наладцы тэхналагічнага абсталявання цэха масла і марожанага. Усе работнікі на лініі прызнаюць яго кваліфікацыю, аўтарытэт і багаты працоўны вопыт.
Пасля заканчэння тэхнікума Міхаіл два гады служыў у войску ў Харкаве. Пасля звальнення ў запас непрацяглы час папрацаваў на віцебскім заводзе “Эвістар”. Пасля жаніцьбы вярнуўся ў Лепель.
Куды пайсці на працу выпускніку станкаінструментальнага тэхнікума ў Лепелі напрыканцы 1970-х гадоў? Вядома ж — на Лепельскі завод шасцерняў, які на той час інтэнсіўна развіваўся, выпускаў дзясяткі найменняў прадукцыі партыямі ў сотні тысяч штук. Заводу Міхаіл Васільевіч аддаў амаль дзесяць гадоў.
А напрыканцы развалу Савецкага Саюза ўладкаваўся на малочнакансервавы камбінат.
— Мне працу прапанавала на той час начальнік цэха Тамара Нікіфараўна Доўгая. Яна была сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, душой за яе балела. Паспела папрацаваць на малакаперапрацоўчых прадпрыемствах Віцебска, дакладна вывучыла тэхналагічны працэс, ведала розныя маркі абсталявання, іх тэхналагічныя характарыстыкі, спосабы наладкі. А маім першым настаўнікам тут стаў слесар Анатоль Пятровіч Лобкіс, які на той момант ужо меў 15 гадоў працоўнага стажу на МКК. Уся вучоба, шчыра сказаць, адбывалася адзін дзень, толькі ўладкаваўся — назаўтра на змену. І пайшло-паехала, дзень за днём, год за годам. Не заўважыў, як больш за 25 гадоў адпрацаваў тут, сёлета адзначыў сваё 60-годдзе.
У той час у Лепелі марожанага не выпускалі, толькі сметанковае масла. Мы цяпер набываем прывычныя 200-грамовыя пачкі, а многія лепяльчане памятаюць гэтую прадукцыю ў вялікіх 20-кілаграмовых каробках. Прадаўцы ўскладалі іх на прылавак і нажом адразалі, колькі трэба, загортвалі ў паперу, узважвалі… Такія каробкі пакаваліся ў цэху па вытворчасці масла. А марожанае наш камбінат стаў выпускаць каля 15 гадоў таму. Тады ж, з узбуйненнем цэха, Міхаіла Васільевіча перавялі на пасаду майстра, прысвоіўшы адпаведную кваліфікацыю.
— Міхаіл Васільевіч, якія самыя важныя ўрокі вам далі старэйшыя таварышы на новай працы?
— Яны вучылі, што любую паломку, няспраўнасць трэба рамантаваць, выпраўляць у самы кароткі тэрмін. На заводзе шасцерань мы мелі справу з жалезам, сталёвымі загатоўкамі, шасцернямі. Вобразна кажучы, у 17 гадзін, калі заканчвалася змена, мы маглі спыніць абсталяванне, скласці інструменты і пайсці дахаты, нягледзячы ні на якія непаладкі. Ну, калі толькі масла машыннае не працякала. Але і яго можна было хутка заглушыць. А рамонт адкласці да заўтра, з жалезам за ноч нічога не зробіцца. З харчаваннем, малаком такі фокус не пройдзе. Пакінеш нават на некалькі гадзін — сапсуецца. Таму не дзіва, што цэх, бывае, працуе да апоўначы і пазней, каб паспець цалкам перапрацаваць паступаючую сыравіну. Адпаведна і мы, рамонтнікі, павінны гэтак жа хутка выпраўляць любую паломку, каб тэхналагічны працэс не прыпыняўся.
— Таму вы…
— Перыядычна раблю прафілактыку. Выбіраю час, калі перабіраю пэўныя агрэгаты, якія, так бы мовіць, не ўнушаюць даверу. Лепей у спакойнай абстаноўцы пару гадзін аддаць, пераправерыць, змазаць, дзе трэба, чым потым рамантаваць іх у аўральным рэжыме. А па-другое, у сваёй слясарнай кладоўцы маю неабходны запас запчастак і запасных агрэгатаў, каб у выпадку паломкі не рамантаваць, скажам, помпу ці электраматор, а адразу цалкам замяніць яго. Гэта нашмат хутчэй. За гады працы, дарэчы, ужо сабраўся пэўны аварыйны набор, так што ніякая паломка не стане нечаканасцю.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Міхаіл Гладышаў у слясарным пакоі, на сцелажы — “аварыйны набор” помпаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.