А в речке не вода, а кровь плыла …

img_0216 Цёця Аня з Шубнікаў… Для мяне яна менавіта “цёця Аня”, хаця для каго іншага ўжо даўно бабуля. Ведаемся шмат гадоў і, можна смела казаць, што сябруем, бо як жа па-іншаму назавеш тыя прыязныя, добрыя стасункі людзей з розных пакаленняў. Для мяне цёця Аня — крыніца жыццёвай мудрасці і непрачытаная кніга  цікавых гісторый. Можна слухаць яе і дзень, і два і, здавалася б, вечнасць. Калі прыязджаю ці заходжу да яе, заўсёды шкадую, што не бяру дыктафона, бо хіба ж запомніш, бо хіба ж занатуеш? Можна скласці цэлую энцыклапедыю жыцця з расповядаў цёці Ані.

Анюціна энцыклапедыя

А распавядае яна, вобразна кажучы, кусціста – як дрэўца расце: ад асноўнай лініі аповяду тут жа ідуць галіны, суквецці, лістота. А колькі ж вобразаў, а колькі ж слоў з народу, якіх не знойдзеш ні ў адным слоўніку!
Жыве бабуля адна. Лічы, што адна і на ўсе Шубнікі. Другая такая ж небарака яшчэ летуе на другім канцы вёскі. Вось і ўсе жыхары. Яшчэ ўлетку сёй-той з шубнян паказваецца на бацькаўшчыне, а зімою і гэтыя абедзве бабулі з’язджаюць у горад. Вёска становіцца зусім пустой.
Нікуды не хоча ехаць з Шубнікаў наша апавядальніца. Тут ёй лепей за ўсё. Ды што зробіш, калі здароўя няма, а нават вады ці дроў тут зімою няма каму прынесці. Не сядзець жа хворай у халоднай хаце. Даводзіцца ехаць. А ўлетку, хай сабе трава не расце — зноў у родную хатку. Папросіць — хтосьці на агародзе капне, свет не без добрых людзей. Дачка прыедзе, хоць і далекавата, градкі пасадзіць. Пчолкі вунь яшчэ лятаюць ля двух вулляў. Сэрца Анюціна грэецца тут, ля хаткі, на сонейку, ля роднай студні, з якой, праўда, ужо сабе вады не бярэ, запусціла, вадзіцу трэба чэрпаць і чэрпаць, каб была прыдатная, а хто ж яе чэрпаць будзе. Каму ж яна тут зараз патрэбна? Зрэдзьчас прыносяць піць суседзі са свайго калодзежа.
Слухаць Ганну Трубчанку можна гадзінамі, аднак сёння выношу на суд чытача яе расповяд з нагоды. Сёння, дваццаць другога чэрвеня, Ганна Ільінічна распавядае пра трагедыю сям’і Трубчанкаў з Паддуб’я. Героямі гэтага расповяда з’яўляюцца яе свёкар са свекрывёю і старэйшая сястра мужа Аня, між іншым, поўная цёзка апавядальніцы.
Аднак на пачатку — пра тое, якой бачыла вайну сама Ганна Ільінічна.
Ну, якой можа бачыць вайну пяцігадовае дзіця? Вядома ж, страшнай. Жылі ў Азерцах — тых, што некалі былі ля Юндзілаўкі. Два эпізоды з вайны запомніліся маленькай Ані. Вось у хату ўрываецца народнік, якіх поўна было навокал. А ў Юндзілаўцы і ўвогуле яны жылі. Бранскімі галаварэзамі звалі іх людзі. Урываецца народнік, патрабуе ў маці кажушок. А той кажушок даўно ўжо забралі іншыя, і шуфлядку выцягнулі старэйшай сястры са сшыткамі, і з хворай бабулі сарвалі апошнюю коўдру — і той няма чым прыкрыць хворыя ногі, якія халадзеюць. Патрабуе кажушок і ствол карабіна да грудзей прыставіў. А тая — па ствале наводмаш. І толькі кулі ў столь паляцелі. Прашылі вунь столь — дзіркі былі, тата з вайны вярнуўся, канапаціў.
Другі эпізод. Любіла маленькая Аня пакатацца на свінні. Як каня, асядлае — і ездзяць з ёю па агародзе. Тая траву скубе, рылам зямельку скародзіць, а малая забаўляецца. Разумная была свіння: як захоча пакупацца, дзіця скіне асцярожна, а сама — у гразь.
Раптам прылятаюць народнікі, як нячыстая сіла, малую за ногі сцягнулі — і тут жа, на вачах у дзіцяці — бах па свінні з карабіна, каб іх капытом бахнула. Дзіця закрычала, спужалася. Добра, маці выскачыла, забрала.
— Такая вось вайна, — скрушна ўздыхае цёця Аня, — нават з дзецьмі ваявалі. Усё забралі. Авечкі ў нас былі, белыя, прыгожыя, і гусей забралі, усё. Есці не было чаго. А мне дык і добра, бо не будуць прымушаць, есці мне ніколі не хацелася. Бабуля памерла ў вайну ад хваробы сэрца. Занядужыла, а лекі дзе ўзяць? І ў поле па зёлкі не сходзіш, не дай бог, прыстрэляць. Шкада мне было бабулі, добрая, мы з ёй сябравалі, яна мяне і ў Міхалова вадзіла…
Сама цёця Аня ў вечным палоне бясконцых хваробаў і ўжо не аднойчы была на спатканні са смерцю ды кожны раз вярталася да жыцця. Нават сама дзівуецца, як яшчэ трымаюць яе анёлы на гэтым свеце. Ужо ж за восемдзясят. Верыць у Бога і верыць у місію, якая кожнаму дадзена на гэтым свеце: пакуль яе не выканаеш, датуль будзеш жыць.
Хто ведае, магчыма, цёця Аня жыве так доўга і за сваю цёзку, якая так недарэчы загінула маладой…

Трагедыя сям’і Трубчанкаў

img_0204Сваёй цёзкі Ганна Трубчанка, вядома ж, ніколі не бачыла і не памятае. А ведае пра яе з расповядаў іншых: Паўлы — мужа, яго сясцёр Зоні, Дуні і Каці. Нікога з іх ужо няма ў жывых. Малодшая Каця, якая нават ездзіла на кані да сястры ў турму, а пасля яе смерці — да помніка, дзе высечана імя гераічна загінулай Ганны, памерла мо тры гады таму. Такім чынам, ведае цёця Аня пра трагедыю сям’і Трубчанкаў ад іншых, але дзякуючы таленту апавядальніцы, расказвае вобразна, як бы бачыла сваімі вачыма.
Жылі Дзяніс з Марыяй Трубчанкі на хутары Бяленіца ля Паддуб’я. Чаму так зваўся хутар? Магчыма, таму, што там было шмат белага камення, якое, дарэчы, пячнік Дзяніс выкарыстоўваў, калі рабіў печы. Пасля бацькава рамяство перадасца і Паўлу. Марыя зайшла сюды замуж з Луцішча. Дзяцей амаль усіх іхніх мы ўжо пералічылі. Не назвалі хіба маленькага Яўхіма, які памёр у пяць ці шэсць гадоў.
З хутароў сям’я перасялілася ў Паддуб’е. У вайну старэйшай Трубчанкавай дачцы Ані не было яшчэ і дваццаці. Аднак дзяўчына за свой кароткі век шмат чаго паспела. Скончыла сямігодку, педвучылішча і ўжо працавала ў Заходняй Беларусі. Была дзяўчына фізічна моцная, спартыўная — і плавала, і на лыжах хадзіла, і на конях. Больш таго, сама рабіла мэблю, а як жа хораша малявала!
Калі пачалася вайна, разам з вайскоўцамі падалася ў адступленне. Па дарозе закапала дакументы па той бок ракі, пад бярозай. Перапраўляліся праз рэчку, а фашысцкія самалёты “з брэйлера” (магчыма, так зваўся “бреющий полёт”) касілі людзей з кулямёта. І ў рэчцы не вада плыла, а кроў. Мужная дзяўчына выратавала на вадзе шасцігадовага хлопчыка, які тануў.
Дайшлі да родных мясцін — і Аня меркавала адступаць далей. Ды па дарозе раззнаёмілася з чырвонаармейцамі, а яны неўзабаве пайшлі ў партызаны, і яна, як чалавек правераны, стала партызанскай сувязной.
Падпільнавалі Аню народнікі, калі тая прымала ўдзел у аперацыі па знішчэнні бургамістра. Па словах Ганны Ільінічны, нават не падпільнавалі, а данесла лепшая сяброўка, якая пасля не аднаго з нашых прадала, за што адседзела ў турме, а пасля кудысьці знікла.
Юную сувязную схапілі і кінулі ў турму, якая месцілася, як кажа цёця Аня, дзесьці на цяперашняй Плінтоўцы, бліжэй да пераезда, што на Чуйкова. Тут яшчэ, казала, курган быў. Аднак зараз гэтага кургана нідзе не відаць. Кінулі ў турму. Знайшлі і дзённік Ані, які яна вяла і хавала на агародзе ў збаночку. Зразумела, што падпільнаваў нехта з блізкіх людзей, якія ўсё ведалі пра сям’ю. А пасля прыехалі за бацькамі. Забралі маці, бацьку і сястру Валю. Неўзабаве бацьку і Валю пагналі на акопы. Валі ў хуткім часе ўдалося ўцячы, а бацька захварэў на тыф — і яго выцягнулі, выкінулі за калючы дрот. Падабрала і вылечыла незнаёмая жанчына. Не, каб у яе перасядзець вайну — захацелася дадому. Ледзьве прыйшоў, як яго зноў здалі, прыехалі на конях, зачапілі за рукі — і павалаклі волакам.
У той турме, па словах цёці Ані, загінулі не адны Трубчанкі. З яе не вярнуліся Мальчэўскі, Алейнік з Шубнікаў… Аню ж павесілі на вачах у маці на турэмным двары, дзе ўжо загадзя была выкапана яма. А пасля пацягнулі да ямы і Марыю, расстралялі і скінулі.
Калі Каця прыехала ў турму да родных і прывезла ім падушку, тых ужо не было ў жывых. Аднак падушку ў яе забралі.
Каця кожны год хадзіла да помніка ў гарадскі парк, дзе было высечана імя яе гераічнай сястры Ані. Імёны ж іх бацькоў Марыі і Дзяніса Трубчанкаў так і засталіся сярод іншых невядомых герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Уладзімір МІХНО.
Фотаздымкі аўтара
і з сямейнага архіва. Трубчанкаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.