Алімпійскія надзеі Лепельшчыны

456У размове з членам нацыянальнай зборнай сярод юніёраў, лепяльчанкай Елізаветай Аношка лічыў, што яе любімая вяслярка – беларуска, алімпійскі прызёр Кацярына Карстэн. Аднак потым зразумеў – у дзяўчыны няма куміраў. Ёсць упарты характар і свой, асаблівы погляд на спартыўную барацьбу. Менавіта з такіх людзей і вырастаюць сапраўдныя чэмпіёны.
Упершыню за “штурвал” байдаркі маленькая Ліза села ў дзевяць год. Бацька Аляксандр Яўгенавіч — трэнер спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па веславанні, таму і від спорту быў прадвызначаны. “Спачатку вельмі баялася перакуліцца”, — успамінае дзяўчына. Добрыя вынікі пачалі з’яўляцца вельмі хутка — перамога ў сваёй узроставай групе на абласных спаборніцтвах у Бароўцы.
— Якія далейшыя поспехі?
— Кожны год выступала на абласных спаборніцтвах, потым — рэспубліканскіх. Мяне заўважылі і пасля дзявятага класа СШ №1 перайшла ў вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мінску.
— Не боязна было з’язджаць ад бацькоў, сяброў?
— Боязна. Аднак такі крок быў неабходны для далейшага развіцця. Там трапіла да трэнера Андрэя Удода. Прыслухоўвалася да яго парад, рабіла ўсё магчымае, каб паказваць як мага лепшы час на дыстанцыі. Па выніках упартай працы апынулася ў нацыянальнай зборнай Беларусі сярод юніёраў.
— Дарэчы, што дзеля гэтага патрэбна?
— Паказаць “мадэльны” час — хвіліны, у якія ты павінен праехаць свой заплыў. У нашым спорце вельмі жорсткая канкурэнцыя. Нельга аднойчы “выстраліць” і потым за кошт старых сваіх заслуг трапляць у каманду. Кожны дзень — як у трэніровачным працэсе, так і пад час спаборніцтваў — даказваю, што дастойна выступаць за нацыянальную зборную. Памятаю і свой першы замежны выезд — вяслярны канал у Францыі. Нават неяк не верылася. У класе “байдарка-адзіночка” заваявала бронзавы медаль.
— Зусім нядаўна ты вярнулася з Румыніі. Якія ўражанні?
— У Баскаве праходзіў чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў. Вынікі — шостае месца на байдарцы-двойцы і восьмае — на “чацвёрцы”. Наконт арганізацыі — не лепшы турнір. Асаблівай гарадской прыгажосці не ўбачыла, харчаванне было не вельмі. Таму часцяком наведвалі “Макдональдс”.
— У якім класе байдарак найбольш камфортна выступаць?
— Звычайна гэта залежыць ад выбару трэнера. Найбольш прэстыжная — “адзіночка”. Аднак “у прызы” прабіцца вельмі цяжка.
— Сезон завершаны, наперадзе доўгачаканы адпачынак?
— Адпачываць няма калі. У кастрычніку адбудуцца чарговыя зборы, агульна-фізічная падрыхтоўка. У Беларусі ёсць канал пад Брэстам, ён не замярзае. Будзем там трэніравацца, магчыма, выедзем за мяжу. Сёлетняй зімой, напрыклад, былі ў Партугаліі.
— Зразумела, спорт — пакуль галоўны прыярытэт. Тым не меней якія інтарэсы ў паўсядзённым жыцці?
— Люблю маляваць, калі ёсць час і натхненне. Слухаю музыку. Перад трэніроўкамі і заездамі настройваюся на барацьбу з дапамогай навушнікаў, канцэнтруюся перад барацьбой на дыстанцыі.
— Планы на будучыню?
— Пасля заканчэння адзінаццаці класаў вучылішча перайшла на першы курс. Пасля другога атрымаю дыплом з правам трэнерства. Аднак яшчэ не вызначылася, магчыма, падамся ў фітнэс-інструктары. Галоўнае зараз — перайсці ў старэйшую групу. У залежнасці ад спартыўных вынікаў буду вызначацца з далейшым лёсам.
Гутарыў Яўген МІКАЛАЕЎ.
На здымку: Лізавета Аношка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.