Апошнім часам жыллёвае будаўніцтва ў Лепельскім раёне вялося вельмі інтэнсіўна, у некаторыя гады ў эксплуатацыю ўводзілася да 17 тысяч квадратных метраў

Як вядома, зімой актыўнасць будаўнічых і рамонтных работ прыпыняецца, магчымыя хіба што работы ўнутры ацяпляемых памяшканняў. Затое з надыходам вясны ажываюць і будаўнічыя пляцоўкі.
Апошнім часам жыллёвае будаўніцтва ў раёне вялося вельмі інтэнсіўна, у некаторыя гады ў эксплуатацыю ўводзілася да 17 тысяч квадратных метраў. Гэтая лічба дзялілася прыблізна надвое паміж шматкватэрнымі дамамі і індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Нават крызісны 2011-ы не здолеў збіць набраны высокі тэмп. Летась у эксплуатацыю было ўведзена амаль 12 тысяч “квадратаў”, з іх 4055 — метадам індывідуальнага будаўніцтва.
Самым галоўным стымулятарам будаўнічага працэсу з’яўляюцца фінансавыя сродкі і найперш ільготныя крэдыты ААБ “Беларусбанк”. У мінулым годзе было выдзелена больш за 42,3 мільярда рублёў. У тым ліку, напрыклад, на ўзвядзенне 40-кватэрнага дома па вуліцы Калініна насупраць аграрна-тэхнічнага каледжа — больш за 17 мільярдаў. Індывідуальныя забудоўшчыкі былі прафінансаваны на 4,1 мільярда рублёў.
Аднак бягучы крызіс вельмі моцна падкасіў аснову жыллёвага будаўніцтва, зменшылася фінансаванне. Многія з запланаваных аб’ектаў — пад пытаннем.
Нягледзячы на некаторыя праблемы, будаўнікі прыступаюць да ўзвядзення 38-кватэрнага дома па вуліцы Школьнай, 15. Праектная дэкларацыя па гэтым аб’екце змешчана ў нашай газеце (№21 за 15 сакавіка). Плануемы час здачы ў эксплуатацыю — 10 кастрычніка, забудоўшчыкам выступае ДКУП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Лепельскага раёна”. Адзін квадратны метр агульнай плошчы ацэньваецца ў 8591674 рублі. Самае галоўнае, што на гэты аб’ект прадугледжаны льготныя крэдыты.
Як паведаміла начальнік аддзела рознічнага бізнэсу ЦБП №211 ААБ “Беларусбанк” Наталля Носік, для ўзвядзення ў Лепелі 38-кватэрнага дома адкрываецца крэдытная лінія. Пры гэтым змяняюцца прынцыпы выдзялення фінансавання. Раней забудоўшчыкі аб’ядноўваліся, стваралі жыллёвабудаўнічы кааператыў, які надзялялі функцыямі юрыдычнай асобы заказчыка. Ён наймаў забудоўшчыка, якім у Лепелі зазвычай было ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. УКБ ажыццяўляла заказ, падрыхтоўку і збор праектна-каштарыснай дакументацыі, праводзіла тэндар для вызначэння генеральнага падрадчыка, які і вёў будаўніцтва. На працягу вядзення будаўніцтва УКБ кантралявала работы, а потым прымала дом і здавала яго кааператыву. Адпаведна, і крэдыт для будаўніцтва банк выдзяляў кааператыву.
Нядаўна адбыліся змяненні ў заканадаўстве, якія дазваляюць не карыстацца такой формай арганізацыі, як жыллёва-будаўнічы кааператыў. Грошы па льготных крэдытах выдзяляюцца напрамую людзям, з якімі УКБ індывідуальна заключае дагаворы на будаўніцтва шматкватэрнага дома. Гэта форма называецца долевае будаўніцтва жылых памяшканняў.
— Пакуль што прадугледжваецца льготнае крэдытаванне толькі па будаўніцтве 38-кватэрнага дома па вуліцы Школьная, 15, — кажа Наталля Носік. — Працуем над тым, каб былі выдзелены яшчэ сродкі, бо кватэрнае пытанне ўсё роўна не губляе сваёй вастрыні. Аднак скарачэнне фінансавання дзяржаўных праграм закранула і Беларусбанк. Напрыклад, з сярэдзіны года прыпынілася заключэнне дагавораў на льготнае крэдытаванне індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Раней заключаныя крэдытныя дагаворы фінансуюцца ў абумоўленых аб’ёмах.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.