«Балаган» 30 лет на сцене

dscf3675 Свой 30-гадовы юбілей адзначыў народны тэатр мініяцюр “Балаган” раённага Дома культуры. З насычанай праграмай “Нам 30!” удзельнікі калектыву паказалі гледачам лепшыя інсцэніроўкі, якія сабраліся за працяглы, у некалькі дзясяткаў год, час працы.

dscf3706Шмат гадоў радуюць прыхільнікаў гумару яркімі выступленнямі Віктар Вярхоўскі, Віктар Джамілашвілі, Вольга Пятрова, Яўген Ясюкевіч, Віталь Хватынец, Юлія Грыдзюшка і іншыя артысты. І на гэты раз яны падарылі гледачам зарад пазітыўных эмоцый. Мініяцюры, якія бачылі прыхільнікі гумару 30 гадоў таму, не страцілі актуальнасці і зараз. Гэта было бачна па апладысментах і ўсмешках у зале. Актыўна ўліліся ў апошнія гады ў калектыў тэатра Леанід Забабура, Дзмітрый Паўлаў і Аляксей Краўчанка.
dscf3775Сабралася поўная зала гледачоў, каб падтрымаць любімых артыстаў і пасмяяцца разам з імі. Пачалося свята не зусім традыцыйна — з выхаду калектыву барабаншчыц. Дзяўчаты адразу настроілі прысутных на пазітыў. Многія акунуліся ў настальгію па часах, калі не было інтэрнэту, калі спяшаліся ў РДК на любімыя канцэрты. Здаралася, што білеты немагчыма было набыць. Як кажуць прыхільнікі гумару, захапляе ў сцэнах “Балагана” тое, што ўсе гумарэскі ўзяты з жыцця, многія нагадваюць уласныя гісторыі.
— Кожны год прыходжу пабачыць выступленні “Балагана”. Для маёй сям’і гэта традыцыя. Для жыхароў і гасцей горада — гэта сапраўднае свята гумару, жартаў і весялосці. Чарговае прадстаўленне таксама парадавала вясёлымі нумарамі. Каларыт тэатра — невычэрпная тэма. Кожны раз адчуваецца, што скарбонка гумару артыстаў папаўняецца новымі жартамі. Асабліва радуе тое, што на канцэртах можна ўбачыць поўны склад калектыву, — кажа Вольга Міснік пра выступленне любімых артыстаў.
— Паказалі мініяцюры “на злобу дня”, што асабліва любіць глядач. Моцныя эмоцыі выклікаў маналог Вольгі Пятровай “Правадніца”. Прысутныя ў зале не хацелі адпускаць са сцэны артыстку. Вельмі прыемна, што ў канцы праграмы зал апладзіраваў стоячы з гучным “брава”, — кажа Таццяна Невядомская, кіраўнік калектыву.
У 1989 годзе Лепельскай раённай камсамольскай арганізацыяй праводзіўся конкурс “Гумарына” сярод каманд калгасаў. Вольга Пятрова з Сяргеем Кухто занялі першае месца. Тады і нарадзілася ідэя стварыць на базе яркага калектыву тэатр мініяцюр “Балаган”.
Спачатку ён складаўся з чатырох чалавек. У рэпертуары былі гісторыі з жыцця. Вельмі падабаліся гледачам аўтарскія творы Віктара Джамілашвілі і Сяргея Кухто.
У 1993 годзе тэатр мініяцюр “Балаган” атрымаў званне “народны”.
Шмат змянілася ў калектыве: і яго склад, і рэпертуар. Нязменнай застаецца любоў гледача да выступленняў артыстаў. Кіравалі тэатрам у розныя часы Сяргей Кухто і Яўген Ясюкевіч (дзевяць гадоў). Апошнія дзесяць год кіраўніком тэатра з’яўляецца Таццяна Невядомская. Таццяна Мікалаеўна прыйшла на працу ў раённы Дом культуры маладым спецыялістам пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў і адразу спадабалася лепяльчанам. Аднак на тэатральнай дзейнасці дзяўчына не спыняецца, удзельнічае ў розных раённых мерапрыемствах як салістка і вядучая.
Якія толькі тэмы не закранае калектыў у сваіх гумарэсках, каб развесяліць гледачоў! Жыццёвы гумар добра ўспрымаецца лепяльчанамі і гасцямі горада. Тэатр імкнецца ісці ў нагу з часам, падбіраючы адпаведныя гумарэскі. Ідэі бяруцца з інтэрнэту і прыдумваюцца ўдзельнікамі. Над касцюмамі працуюць самі артысты, вырабляючы іх самастойна.
Калектыў самадзейны і заўсёды папаўняецца ініцыятыўнымі і актыўнымі людзьмі. У тэатры занятыя работнікі з розных галін. Аднак іх аб’ядноўвае адно — любоў да сцэны. Шмат часу даводзіцца аддаваць рэпетыцыям і выступленням, працаваць у вольны ад асноўнай дзейнасці час. Таму, трэба сказаць, людзі тут сабраліся невыпадковыя. Многія акцёры знаходзяцца ў калектыве на працягу больш за 10 — 15 гадоў.
Сяргей Кухто таксама падтрымлівае добрыя адносіны з калектывам, не забывае справу маладосці. Неаднаразова прымаў удзел у праграмах тэатра, быў госцем юбілейнай праграмы, прысвечанай дваццацігоддзю “Балагана”. Праўда, на гэты раз не атрымалася папрысутнічаць з-за вялікай колькасці спраў. Аднак не забыў павіншаваць усіх “балаганаўцаў” з юбілейнай датай.
Калектыў тэатра таксама з’яўляецца частым удзельнікам розных конкурсаў. Штогод першага красавіка прадстаўляе сваю новую гумарыстычную праграму. Артысты пастаянна ўдзельнічаюць у розных канцэртных праграмах. Зараз актыўна і плённа рыхтуюцца да абласнога свята гумару “Смяяцца не грэх”, які будзе праходзіць у Шуміліне. Трэба сказаць, што “Балаган” заўсёды паказвае добрыя вынікі, а некалькі гадоў таму на свяце стаў лаўрэатам першай ступені.
* * *
Нядаўна калектыў тэатра мініяцюр пабываў на фестывалі гумару і цыркавога мастацтва імя Ю. Нікуліна ў Дзямідаве. Там збіраюцца творчыя калектывы і госці з розных раёнаў Смаленскай вобласці і Рэспублікі Беларусь. Гледачам былі паказаны тэатральныя коміксы, урыўкі са спектакляў, цыркавыя і гумарыстычныя нумары. Вітаў удзельнікаў і гасцей фестывалю дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай Федэрацыі Арцём Тураў.
— Прынялі нас вельмі гасцінна, потым нават даслалі падзячны ліст. Наша каманда складалася з дзевяці чалавек. Атрымалі шмат пазітыўных эмоцый і ўражанняў, была арганізавана экскурсія на сядзібу Юрыя Нікуліна. Наша выступленне адрознівалася ад іншых — у асноўным паказваліся цыркавыя нумары. Аднак мы змаглі здзівіць гледачоў і развесяліць сваімі жартамі. Прыемна, калі разносяцца па зале смех і апладысменты. Разумееш, што не дарэмна працавалі, — кажа кіраўнік калектыву Таццяна Невядомская.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымках: “Балаган” на сцэне і ў жыцці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.