Березинская водная система приходит в упадок

img_8234 Лепельшчыну наведаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык. Першым пунктам стаў Бярэзінскі біясферны запаведнік. На прыём да чыноўніка прыйшоў былы работнік запаведніка, а зараз пенсіянер, Станіслаў Дулінец.

Станіслаў Адамавіч пачаў працоўную дзейнасць у прыродаахоўнай установе ў 1979 годзе, абышоў сотні гектараў лясных угоддзяў, удзельнічаў у абследаванні рэк, азёр і балот, даследаванні звяроў і птушак.
— Бярэзінскі запаведнік — край балот, рэк і азёр, звязаных у адзіную экасістэму, якая фарміравалася стагоддзямі, — кажа С. Дулінец. — Плыні вады, баланс, абнаўленне іхтыяфлоры і іхтыяфаўны — усё звязана ў адзіны арганізм. Балансаванне тым больш тонкае таму, што па нашых землях праходзіць падзел басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў, некаторыя рэкі нясуць свае воды на поўнач, іншыя — на поўдзень. Першая значная карэкціроўка была зроблена 200 гадоў таму, калі была пабудавана Бярэзінская водная сістэма, накіраваная на ажыўленне суднаходства і перагон плытоў з лесам. Тады былі пракапаны каналы, якія злучылі абодва напрамкі водападзелу. На каналах і рэках зманціравалі сістэму шлюзаў для рэгулявання ўзроўню вады, каб плыты і маламерныя судны маглі праходзіць.
У сярэдзіне ХХ стагоддзя Бярэзінская водная сістэма страчвае сваё практычнае значэнне і прыходзіць у заняпад, збудаванні разбураюцца, сценкі каналаў размываюцца. Для рэгулявання воднага балансу ў 1960 годзе каля вёскі Кветча збудавалі плаціну з шандорай. Яна дазваляла пры неабходнасці скідваць ваду. Аднак вада зліваецца з верхніх слаёў, у ніжніх слаях адбываецца назапашванне адмерлых рэшткаў раслін, рыб і г.д. У выніку вадаёмы забалочваюцца з-за недастатковага натуральнага ачышчэння. Ды і рыба на нераст ісці не можа, не пераскочыць яна праз плаціны і дамбы. Частыя заморы рыбы на Домжарыцкім возеры, якое зусім мелкае, мае сярэднюю глыбіню 1,6 метра.
img_8241 img_8277З ініцыятывай па абнаўленні гідратэхнічных збудаванняў выступалі мы, работнікі Бярэзінскага запаведніка, яшчэ 15 гадоў таму. Аформілі пакет дакументаў: навуковае абгрунтаванне, праекты. Нават былі праведзены некаторыя работы, але сур’ёзнага выніку пакуль што няма, праблема натуральнага абнаўлення вады ў рэках і каналах стаіць па-ранейшаму востра, пагроза забалочвання не змяншаецца.
Прашу пасадзейнічаць у актывізацыі работ. У першую чаргу трэба зрабіць шлюзавыя збудаванні, якія б дазвалялі скідваць ваду не толькі з паверхні вадаёмаў, а і з глыбінных пластоў, каб плынню выносіліся рэшткі біямасы.
Прапанову былога супрацоўніка падтрымаў дырэктар Бярэзінскага біясфернага запаведніка Андрэй Пракошын:
— Сапраўды, пагроза забалочвання вадаёмаў з кожным годам набывае ўсё большую актуальнасць, як і праблема замораў рыбы. Сёлета замораў не было, на ўсіх вадаёмах рыба перазімавала без асаблівых страт. А летась заморы былі даволі значныя. Гідратэхнічныя работы маглі б карэнным чынам палепшыць сітуацыю. На гэта патрабуюцца пэўныя фінансавыя сродкі.
Міністр выказаў сваё бачанне:
— Умяшанне ў экасістэму, тым больш такую важную, як Бярэзінскі біясферны запаведнік, павінна быць вельмі асцярожным і ўзважаным. Фінансавыя сродкі ёсць, але ўкладваць іх мы зможам толькі пасля ўсебаковай навуковай экспертызы і складання дэталёвага праекта. Таму папрашу ў першую чаргу вашых навукоўцаў падключыцца да справы, правесці даследаванні на месцах і даць заключэнне, наколькі і ў якой ступені дапушчальна ўмяшальніцтва ў экасістэму, у абарот вады. А потым будзем прымаць прынцыповае рашэнне.
-2-
Другое пытанне падняў дырэктар запаведніка:
— Домжарыцы — спецыфічны анклаў, які жыве і працуе па сваіх спецыфічных законах. Усё гэта абумоўлена аддаленасцю ад райцэнтра, буйных населеных пунктаў. Адна з нашых праблем — утылізацыя цвёрдых камунальных адходаў. Яна дужа дарагая з-за адлегласці, зараз смецце з Домжарыцаў да палігона цвёрдых камунальных адходаў трэба везці амаль 50 кіламетраў, большую частку цаны ўтылізацыі складае менавіта дастаўка. Мы дабіліся таго, што смецце ў лес мясцовыя жыхары не выкідваюць, а карыстаюцца паслугамі ЖКГ па ўтылізацыі. Аднак бывае, што ў гаспадароў назапашваюцца адначасова вялікія аб’ёмы смецця, часцей гэта будаўнічы друз. Вывезці, утылізаваць яго для вясковых гаспадароў, асабліва для жыхароў вёсак Кветча, Пераходцы, вельмі накладна менавіта з-за адлегласці.
Калісьці ў Домжарыцах быў свой міні-палігон. Ці можна было б разгледзець пытанне аб адкрыцці яго?
Са свайго боку пытанне пракаментаваў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі:
— У свой час райвыканкам правёў значную работу па закрыцці міні-палігонаў, якія былі раскіданы па ўсім раёне. Зараз смецце вывозіцца цэнтралізавана. Увогуле маё цвёрдае перакананне — міні-палігон з цягам часу ператвараецца ў натуральны сметнік.
Яго падтрымаў міністр:
— Сапраўды, сметнік на тэрыторыі запаведніка — недапушчальная з’ява. Я так лічу. Калі дазволіць усім скідваць смецце абы-дзе, то атрымаем сметнік паўсюль. І што ў такім выпадку пакінем нашым дзецям, унукам? Якую прыроду?
А рэзерв бачу найперш у раздзельным зборы цвёрдых камунальных адходаў. У Швейцарыі на палігонах захоўваецца не больш за адзін працэнт адходаў. Смецце сартуецца, з яго дастаюцца другасныя матэрыяльныя рэсурсы: драўніна ідзе, скажам, на паліва, металалом, шкло цэлае і бітае, поліэтылен, пластык, папера — усё, што можа быць перапрацавана ў далейшым, дастаецца і адпраўляецца на спецыялізаваныя перапрацоўчыя прадпрыемствы. Для захоўвання застаецца мізэр. Вось ідэал, да якога мы павінны імкнуцца. Але пакуль што ў Беларусі перапрацоўваюцца каля 13 — 15 працэнтаў другасных матэрыяльных рэсурсаў. Каля 85 — 87 працэнтаў цвёрдых камунальных адходаў закопваюцца ў зямлю, страчваюцца для эканомікі, а ў далейшым яны ствараюць пагрозу для экалогіі.
-3-
Варта разгледзець і ў Домжарыцах, і ў маштабах рэспублікі больш уважліва ідэю раздзельнага збору смецця, выдзялення другасных матэрыяльных рэсурсаў. У такім выпадку рэйсаў непасрэдна на сметнік будзе ўсё менш і менш, утылізацыя атрымаецца таннейшай.
Яшчэ адзін варыянт патаннення рэйсаў на сметнік — аб’яднанне некалькіх гаспадароў. Напрыклад, робяць два-тры вяскоўцы рамонт, утвараецца пэўная колькасць друзу. Няма неабходнасці кожнаму заказваць машыну або прычэп для вывазу яго. Можна аб’яднацца і заказаць адзін на траіх і аплату раздзяліць — атрымаецца ў тры разы танней для кожнага. А калі перад гэтым яшчэ і сартаванне зрабіць… Выбраць драўніну на паліва, бітай цэглай і рэшткамі раствору, пяском можна засыпаць яміны на дарогах, арганічныя адходы накіраваць на перагной — застанецца зусім мала таго, што рэальна трэба вывозіць на сметнік. Вось дзе патэнцыял для далейшай працы.
Увогуле, Віцебская вобласць, Лепельшчына бачацца своеасаблівай рэкрэацыйнай зонай Беларусі, месцам з ідэальным прыродным асяроддзем. Чыстая Беларусь павінна стаць дэвізам, брэндам, які будзе завабліваць турыстаў. Гэта мэта, да якой трэба ісці кожны дзень, вырашаючы задачу за задачай. Напрыклад, на Лепельшчыне ёсць возера Лядненскае, у ім утрыманне фосфару перавышае норму ўтрая. Будзем глядзець, што можна зрабіць.
Жыхарам раёна трэба далучацца да навядзення парадку, добраўпарадкавання нашага агульнага дома. І адзін з першых крокаў — раздзельны збор смецця, выбіранне другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Паездка па раёне была вельмі насычанай і налічвала некалькі пунктаў: станцыя фонавага маніторынгу ў Домжарыцах, цэнтр міфалагічнага турызму, турыстычны комплекс у Ніўках, раённы палігон цвёрдых камунальных адходаў, ачышчальныя збудаванні ў Бароўцы. Па выніках аб’езду былі дадзены даручэнні.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: на прыёме: дырэктар запаведніка Андрэй Пракошын, міністр Андрэй Худык, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі, старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслан Вінакураў, начальнік раённай інспекцыі Максім Тарасаў і Станіслаў Дулінец; начальнік станцыі фонавага маніторынгу (справа) расказвае аб установе; на станцыі абезжалезвання вады ў Ніўках.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.