Безбар’ернае асяроддзе для лепяльчан

558 А ці заўсёды мы здольны адэкватна рэагаваць на людзей «не падобных», не такіх, як мы, папросту кажучы, на інвалідаў? Няхай кожны задасць сабе гэтае пытанне. Няхай кожны прызнаецца сабе, што адчувае ён, убачыўшы чалавека на пандусе… Свет разнастайны, і ўсе мы пад Богам ходзім. Сёння на пандусе ён, а заўтра… Не хочацца пра гэта ні думаць, ні казаць, ні, тым больш, кагосьці пераконваць. Гэта трэба адчуць душою, да гэтага трэба дарасці і “саспець”… Цяжка паверыць, але ў некаторых гарадах Расіі (зусім нядаўна перадавалі ў навінах) дарослыя людзі абураліся тым, што іх дзеці мусяць вельмі часта ў штодзённым жыцці бачыць людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, маўляў, гэта згубна ўплывае на іх псіхіку.

І толькі адкрыўшы каляндар трэцяга снежня, мы раптам успамінаем: яны ёсць, былі і будуць, больш таго, яны — лакмусавая паперка нашага сумлення… І яшчэ невядома, хто на каго згубна ўплывае. Аднак ёсць людзі, для якіх інваліды — не эпі­зод аднаго каляндарнага дня, а жыццёвая сутнасць, праца штодзённая і ўжо не  прывычка, а сэнс жыцця.

У кабінеце дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра Наталлі Івановай сядзіць рослы ўсмешлівы хлопец. Наталля Віктараўна прапанавала напісаць пра гэтага чалавека, маўляў, актыўны ўдзельнік усіх цэнтраўскіх мерапрыемстваў, заўсёднік аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.

Дзмітрый маўчыць ды ўсміхаецца. Можа, саромеецца. Гаварыць у яго не надта атрымліваецца. Вось спяваць — іншая справа.

— Дзіма наведвае аддзяленне ці не з самага пачатку яго існавання, гадоў ужо шэсць, — распавядае Наталля Віктараўна, — ён добра вышывае і любую працу даводзіць да канца. Яшчэ пляце паясы, што для хлопцаў не зусім характэрна, а ён любіць. А якія прыгожыя сурвэткі ён вяжа кручком! Цудоўныя сувеніры робіць з бісеру і любіць іх дарыць сябрам і блізкім. «Што, Дзіма, вышываеш? Ружы, фіялкі, палявыя кветкі?»

Той згодна ківае галавою, часам паўтарае:

— Так, так, менавіта.

— Сёлета хлопец асвоіў ролю вядучага, — працягвае дырэктар, — чытае вершы. Спявае ў ансамблі «Мятліца», а ў гуртку «Калабок» ­удзельнічае ў розных пастаноўках і міні-спектаклях, танцавалі розныя танцы пад назвай…

— Дзірка ў сцяне, — раптам ажыўляецца Дзіма.

— Як-як? — Наталля Віктараўна, не паверыўшы, перапытвае.

— “Дзірка ў сцяне”. Танец так называецца,— упарта паўтарае хлопец. І яны абодва смяюцца.

Адчуваю, яны знахо­дзяць, знайшлі ўжо паразуменне. Наталля Віктараўна праніклася лёсамі гэтых лю­дзей, якія штодня, як на ўрокі, ідуць у тэрытарыяльны цэнтр. Хто з кійком, хто ў вазочку едзе, хто перад сабою вазочак той штурхае, сабе ісці дапамагаючы. Аднак ідуць кожную раніцу, як на працу. Бо гэта іх праца, іх жыццёвы занятак, іх сэнс жыць.

— Дзіму пашанцавала, — прызнаецца Наталля  Віктараўна, — ён самастойна ходзіць. Некаторым ісці сюды дапамагаюць, а то і разам збяруцца і пасабляюць адзін аднаму, так спрытней. Затое хлопец ледзьве выжыў сёлета. Прыступ хваробы застаў яго прама на вуліцы. Заваліўся і галавою аб брук. Быў на мяжы жыцця і смерці. Тэрміновую аперацыю зрабіў яму хірург Андрэй Ганчаронак. Аперацыя была паспяховай, выратавалі… — сказала як бы між іншым і далей працягвае распавядаць-нахвальваць грамадскую актыўнасць свайго падапечнага Дзімы Гаўрушына. — Сам па сабе чалавек спагадлівы, гатовы прыйсці на дапамогу, падтрымлівае ўсіх гурткоўцаў, з’яўляецца міністрантам касцёла Святога Казіміра. Раскажы, Дзіма, як ты трапіў у касцёл.

— Мая прабабуля — каталічка, навучыла мяне па-польску чытаць. Мне ўжо было за дваццаць, калі прыйшоў у касцёл. Дапамагаў ксяндзу Андрэю, а зараз ксяндзу Віталію.

— А яшчэ наш Дзіма актыўны Дзед Мароз. Вось і зараз ужо рыхтуецца, у спартыўных спаборніцтвах удзельнічае. А з ансамблем, па праекце тэрытарыяльнага цэнтра «Вакол свету» быў у Літве, некалькі разоў у Польшчы, не кажучы пра Беларусь — Ліда, Езярышча, Барысаў, Сянно, Віцебск, Глыбокае…

Вось толькі пра ўзрост свайго падапечнага Наталля Віктараўна не стала лішні раз нагадваць. А той, між іншым, ужо не юнак… І ён не вінаваты, што ў сілу асаблівасцяў псіхафізічнага развіцця дзесьці застаецца па-ранейшаму падлеткам…

Яны ні ў чым не вітаватыя. Вінаватыя мы, калі ўспамінаем пра іх хіба што ў адзін з першых снежаньскіх дзён, пазначаных у календары як Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь. А ўбачыўшы на вуліцы, сарамліва апускаем вочы. Нам нязвыкла… Чаму? Паўтараю, усе ж пад Богам… І добра, што ёсць людзі, для якіх гэта і звыкла, і натуральна, і па-чалавечы прымальна. Людзі з вялікім сэрцам…

 Уладзімір МІХНО.

На здымку: Дзміт­рый Гаўрушын на сцэне.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.