Блакітны паток

DSC09809Прафесійнае свята працаўнікоў РВУ “Лепельрайгаз” сёлета супала са святам горада. Іх уклад у павышэнне дабрабыту, зручнасці жыцця для лепяльчан цяжка пера­ацаніць. Кожны жыхар Лепеля, вясковец сутыкаўся са службай газу.
У “Лепельрайгазе” працуюць 65 чалавек. Здаецца, не так і шмат, аднак працу іх можа бачыць на Лепельшчыне кожная сям’я, кожны чалавек, бо прадпрыемства абслугоўвае 8760 індыві­дуальных газабалонных установак і 8622 абаненты спажывання прыроднага газу. Кожная абаненцкая кропка — гэта кватэра, дом, дзе пражывае сям’я, дзе кожны дзень маці гатуюць стравы, дзе ў катлах падаграваецца вада для мыцця і ацяплення. Таму калі ў газавай службе адбудуцца перабоі, гэта адчуюць дзясяткі абанентаў, сотні спажыўцоў. Кажа дырэктар РВУ “Лепельрайгаз” Дзмітрый Лабуноў:
— Для таго, каб падтрымліваць газапровады і абаненцкія кропкі ў спраўным стане, дзейнічаюць службы эксплуатацыі газавых сетак, абароны падземных газапровадаў. Там працуюць такія заслужаныя работнікі, як Валерый Будрэвіч, Міхаіл Кулеш, Сяргей Салаўёў, Аляксандр Дуброўскі. Калі падсумаваць іх працоўны стаж, то атрымаецца, што разам яны адпрацавалі больш за стагоддзе.
Самай жа экстрэмальнай па праве лічыцца аварыйная служба, якой кіруе майстар Цімур Прускі. Дзяжурствы — кругласутачныя. Аварыйныя брыгады ў кожную хвіліну гаторы выехаць на выклік. Калі машына з надпісам “аварыйная служба газу” імчыць па вуліцах, міжволі халадзее на душы, аднак больш паловы выклікаў, як правіла, не ўяўляюць значнай небяспекі, працечкі газу хутка ліквідоўваюцца.
У апошнія гады актыўна пераводзіцца жыллёвы фонд на блакітнае паліва. Так, з 8622 абанентаў 2363 — індывідуальныя дамы, астатнія — кватэры. З пачатку года яшчэ 42 кватэры падключыліся да прыроднага газу. Гэтым займаюцца праектная і будаўнічая службы пад кіраўніцтвам, адпаведна, Алены Мурашкінай і Жанны Палтавец.
Перадавыя тэхналогіі прыходзяць у сферу газазабеспячэння. Напрыклад, калі раней газапровады рабілі з выкарыстаннем толькі металічных труб, то зараз з поліэтыленавых. Матэрыял гэты больш практычны пры ўкладцы, устойлівы да карозіі, больш танны ў эксплуатацыі. Да таго ж, у выпадку няштатнай сітуацыі поліэтыленавую трубу можна хуценька дастаць і пераціснуць у любым месцы, тым самым перакрыўшы доступ газу да месца пашкоджання.
Разам з тым, хаця колькасць абанентаў, якія выкарыстоў­ваюць звадкаваны газ, скарачаецца, усё ж пакуль што застаецца даволі значнай. Дастаўка газавых балонаў — праца цяжкая. Не кожны малады вытрымае штодзённыя развоз і пераноску на сваіх руках па хатах і кватэрах 40-кілаграмовыя балоны. За працоўную змену слесары і вадзіцелі Віктар Юшко, Уладзімір Александроў, Валерый Лях, Сяргей Клундук пераносяць 45 — 50 балонаў.
Не толькі працай жыве калектыў. Работнікі “Лепельрайгазу” рэгулярна ўдзельнічаюць у разнастайных культурна-масавых мерапрыемствах. І не проста ўдзельнічаюць, а займаюць прызавыя месцы. Конкурсы песні, прафесійнага майстэрства, турыстычныя, — усюды лепяльчане высока трымаюць марку.
Да свята горада свайму Лепелю газавікі зрабілі выдатны падарунак — на двары ўстанавілі скульптуру. Па заказе РВУ “Лепельрайгаз” самадзейны скульптар Ігар Трыба стварыў статую міфічнай дагістарычнай жывёлы. Прататыпам паслужыў старажытны дыназаўр. Пры гэтым, нягледзячы на грозную назву, аблічча ён мае абсалютна міралюбівае, а грэбень будзе размаляваны пад колер языкоў газавага полымя…
Васіль
МАТЫРКА.
На здымку: калектыў РВУ “Лепельрайгаз”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.