Брукаваная вуліца

OLYMPUS DIGITAL CAMERAКожны год у Лепелі да свята горада праводзяцца работы па добраўпарадкаванні, упрыгожанні тэрыторыі. З 2009 года ўстанаўліваюцца скульптуры, пераўтвараюцца грамадскія месцы. Аднак перад тым, як пачынаць працу, выкопваць грунт ці замешваць бетонны раствор, варта распланаваць, вызначыць прыярытэтныя напрамкі, ацаніць варыянты і альтэрнатыўныя прапановы.
Сутнасць маёй прапановы ў наступным – замасціць брукам адну з вуліц у цэнтры горада, у наваколлі парку. На карысць маёй прапановы прывяду некалькі аргументаў.
Многія лепяльчане, асабліва старажылы, памятаюць той час, калі амаль усе вуліцы горада былі выкладзены брукам. Гэта акалічнасць істотна выдзяляла Лепель сярод усіх навакольных населеных пунктаў. Памятаю брукаваны Барысаўскі тракт – ці не апошнюю неасфальтаваную цэнтральную вуліцу.
Брукаваная вуліца ў многіх гарадах з’яўляецца турыстычнай адметнасцю, залацінкай, якая дадае абаяльнасці, прывабнасці. Прычым не абавязкова выкладаць праезныя часткі абчасаным, апрацаваным каменем, дастаткова толькі акуратна выкласці камяні звычайныя, палявыя.
На маю думку, брукаванне каменем вуліцы не даражэйшае, чым асфальтаванне яе, тым больш, што галоўнага будаўнічага матэрыялу – каменю – вельмі шмат на палях. Яго збор і дастаўка не павінна каштаваць дужа шмат. А вось тратуары і пешаходныя дарожкі варта выкласці пліткай, каб у далейшым па іх было зручна хадзіць пешаходам.
Старадаўні, аўтэнтычны брук захаваўся на невялікім участку вуліцы Чырвонаармейскай, магчыма, варта было б, захаваўшы яго, забрукаваць усю вуліцу ці хаця б участак яе ад цэнтральнага парка да скрыжавання з вуліцай Лабанка. Магчымы і іншы варыянт – забрукаваць вуліцу імя Герцэна, самую кароткую ў горадзе, якая спускаецца ад гарадской лазні да Ксяндзова маста. Фасадам да гэтай вуліцы стаіць касцёл Святога Казіміра – яшчэ адзін помнік архітэктуры. На карысць вуліцы Гэрцэна сведчыць і яе ажыўленасць, летам па ёй на пляж праходзяць сотні людзей.
Час яшчэ ёсць, таму і вылучаю сваю прапанову на абмеркаванне, заклікаю да дыскусіі. З увагай і адказнасцю прачытаю ўсе меркаванні і выказванні адносна брукавання вуліцы, а таксама чакаю прапаноў альтэрнатыўных.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: брукаваная вуліца ў Львове, такая магла б быць і ў Лепелі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.