Ценный подарок от Министерства образования получила Боровская школа Лепельского района

dsc_0047
dsc_0061dsc_0063dsc_0081Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь выдзеліла для аснашчэння ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці 500 камп’ютараў і 80 мульцібордаў на суму каля 1 мільёна рублёў. Прыемна адзначыць, што ў гэтым спісе знаходзіцца і Бароўская сярэдняя школа. Сертыфікат на 13 камп’ютараў дырэктару ўстановы адукацыі Дыяне Мысінай ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан.

Трэба адзначыць, што тэхніку размяркоўвалі з улікам якасці і выніковасці працы педагогаў. У тым, што менавіта гэтая школа заслугоўвае такога падарунку, мы ў чарговы раз пераканаліся, наведаўшы і ўбачыўшы шматлікія ўзнагароды вучняў і настаўнікаў.

У сучасным свеце тэхналогіі развіваюцца з высокай хуткасцю. Маладое пакаленне мае іншы стыль мыслення, своеасабліва падыходзіць да арганізацыі сваёй дзейнасці. І гэта не дзіўна.

Без інфармацыйных тэхналогій ужо немагчыма ўявіць сучасную школу. І таму сёння важны пераход на новы ўзровень выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі.

Атрыманае абсталяванне зойме сваё пачэснае месца ў кабінеце робататэхнікі, які ў хуткім часе з’явіцца ў Бароўскай СШ. Асноўная мэта яго будзе накіравана на развіццё ў дзяцей інжынерных і практычных навыкаў.

Акрамя гэтага, кабінет стане асновай для стварэння цэнтра, які змогуць наведваць не толькі вучні школы, а і іншыя жыхары населенага пункта.

Плануецца закупка канструктару, накшталт лега, з якімі будуць працаваць дзеці розных узростаў і тым самым развіваць сваё мысленне.

Яны будуць збіраць робата з частак, знаёміцца ​​з асновамі праграмавання, вывучаць, як працуюць і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой розныя механізмы.

Аднак больш за ўсё мяне здзіўляе тое, што створанымі мадэлямі падлеткі змогуць кіраваць з дапамогай смартфонаў.

У будучым, я ўпэўнена, наведвальнікі робататэхнічнага кабінета стануць добрымі спецыялістамі, якія будуць вырашаць складаныя задачы, скажам, па аптымізацыі вытворчасці, удасканаленні лагістычных аперацый і іншыя. А камусьці такія заняткі, магчыма, дапамогуць стаць высакакласнымі распрацоўшчыкамі прамысловых робатаў.

Вось так майстэрня тэхнічнай працы ў школе хутка зменіць назву на сучасны кабінет робататэхнікі, дзе вучні змогуць праводзіць гонкі паміж мадэлямі, што самастойна сканструявалі.

***

Ігар Генадзьевіч пажадаў настаўнікам і дзецям цікавага і займальнага школьнага жыцця, інтэлектуальных і спартыўных перамог:

— Хай цяжкасці вас не палохаюць, а робяць больш разумнымі і вопытнымі. Хай гэтыя камп’ютары дапамогуць вам атрымліваць веды, якія дазволяць у будучыні выбраць прафесію па душы і абавязкова вярнуцца працаваць на малую радзіму.

У Бароўскай СШ на працягу апошніх гадоў у навучальным і выхаваўчым працэсе актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі.

За гады вучобы школьнікі дасягаюць высокіх вынікаў у прадметных алімпіядах, шматлікіх конкурсах, прымаюць удзел у розных праектах, валанцёрскай дзейнасці і іншых мерапрыемствах.

Дырэктар школы Дзіяна Мысіна выказала шчырую падзяку мясцовай уладзе і ўсім, хто дапамог атрымаць такі каштоўны падарунак для ўстановы.

— Для нас гэта вельмі каштоўна і важна. У бліжэйшых планах шмат новых ініцыятыў, накіраваных на выкарыстанне сучасных тэхналогій у адукацыйным працэсе, павышэнне ўзроўню ведаў у галіне інфарматыкі і абсталявання тэхнікі.

Хочацца адзначыць, што паказчыкі высокіх вынікаў дзейнасці вучняў — гэта, у першую чаргу, праца педагогаў. У нашай школе — моцны педкалектыў, сапраўдныя майстры сваёй справы, інтэлігентныя і эрудзіраваныя. Але самай галоўнай якасцю кожнага работніка з’яўляецца любоў да дзяцей.

Педагагічны калектыў школы імкнецца працаваць так, каб для любога вучня школа стала лесвіцай поспеху. У нас шмат выдатных традыцый, якія мы стараемся зберагчы і прымножыць, — рэзюмавала Дыяна Анатольеўна.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.