Цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі

Служба тылу

249  У многіх людзей сфарміраваны адмоўны вобраз вайскоўцаў службы тылу. Найчасцейшая яго крыніца — кнігі і фільмы пра вайну, дзе тылавікоў паказваюць гэткімі тоўстымі, лянівымі дзядзькамі, якія баяцца вылезці са сваіх складоў у бок перадавой. Магчыма, дзесьці так і бывала. Між тым важнасць службы тылу, своечасовага і поўнага забеспячэння пера­ацаніць цяжка. Ва ўспамінах франтавікоў сустракаў апісанні пачатковага перыяду вайны, калі не ставала літаральна ўсяго ад патронаў да медыкаментаў. Аднак недзе з сярэдзіны 1942 года сітуацыя мяняецца карэнным чынам, на фронт ідуць рэгулярныя пастаўкі. У акопах гэта бачылася так: у пачатку вайны эканомілі кожны патрон, кожны снарад. А ўжо з лета 42-га было па-іншаму. Падыходзіш да старшыны, маўляў, выдай патроны, а той адказвае: “Вунь ляжыць адкрытая скрынка, бяры, колькі хочаш. А побач яшчэ скрынка з гранатамі, набірай таксама, колькі трэба”. А гэтую масу бое­прыпасаў і іншага рыштунку трэба было вырабіць, прывезці на фронт, правільна размеркаваць па часцях і падраздзяленнях. Высокую важнасць службаў забеспячэння прадэманстравалі падзеі апошніх гадоў на Каўказе і ва Украіне. Перамогу атрымлі­вае той, хто можа забяспечыць свае падраздзяленні зброяй, боепрыпасамі, харчаваннем, рыштункам, тэхнікай, запчасткамі, палівам, хто здолее наладзіць медыцынскае забеспячэнне на перадавой і ў тыле.

Менавіта тылавому забеспячэнню баявых дзеянняў былі прысвечаны зборы афіцэрскага саставу ў Заслонаве. У іх ­удзельнічалі больш за 100 ваеннаслужачых тылавых службаў усіх часцей і падраздзяленняў Узброеных сіл Беларусі. Кіраваў зборамі намеснік Міністра абароны па тыле — начальнік тылу Узброеных сіл РБ генерал-маёр Віталь Кірэеў.

Аўтар гэтых радкоў пабываў у адзін з дзён на палігоне ў Заслонаве, дзе і разгортваліся асноўныя падзеі.

 

Нафта – кроў вайны

 

250=0 Гэта выказванне нара­дзілася ў часы Другой сусветнай вайны, калі галоўную ролю на палях бітваў сталі адыгрываць вялікія механізаваныя злучэнні. І зараз вайсковая тэхніка ад УАЗікаў да танкаў і верталётаў не зможа выканаць сваю баявую задачу без паліва. Вось мы з маёрам Дзмітрыем Міхеевым з групы ідэалагічнай работы 19-й асобнай гвар­дзейскай механізаванай брыгады, на палігоне якой і адбываецца асноўная дзея, падыходзім да ляснога лагера. Першае, што заўважае вока, — закрытыя маскіровачнымі сеткамі капані­ры. Шчыра прызнацца, заўважыў іх, калі толькі наблізіўся метраў да 20 — настолькі добрай была маскіроўка. У далейшым, навастрыўшыся, маскіраваныя аб’екты заўважаць стаў раней. У капанірах стаялі палівазапраўшчыкі на базе аўтамашын “Урал”. Стаялі машыны блізка да дарогі, па якой тэхніка магла пад’язджаць і дазапраўляцца.

Колькі патрэбна паліва? Адразу адкажам — шмат. Варта хаця б успомніць, што амаль уся вайсковая тэхніка ўсюдыходная, здольная пераадольваць бездараж, броды і іншыя перашкоды.

Поўнай запраўкі на 1200 літраў дызельнага паліва танку, паводле падлікаў ваенных спецыялістаў, хапае на два дні актыўных баявых дзеянняў. Крыху менш спажываюць баявыя машыны пяхоты, колавыя ды гусенічныя броне­транспарцёры.

 

На тры – пяць дзён

 

Пад час тэрміновай службы ў войску выязджаў на палігон, жылі амаль месяц у палатках. Гэта былі вялікія, на 30 чалавек шатры, якія складаліся з трох слаёў рознай тканіны. Таксама везлі двух’ярусныя жалезныя койкі, шчыты-насцілы з дошак, якія служылі падлогай, печкі-буржуйкі. Словам, для перавозкі адной такой палаткі патрабаваўся грузавы КамАЗ, сіламі 30 салдатаў яна ўстанаўлівалася амаль за дзень, столькі ж часу разбіралася і грузілася на транспарт.

248=0 Што змянілася за апошніх 15 гадоў? Змянілася сама канцэпцыя палявых выхадаў войскаў. Разлічваецца, што падраздзяленні не будуць прывязаныя да аднаго месца, рота, батальён будуць стаяць тры — пяць дзён, ад сілы — сем. Потым — змена месца дыслакацыі, каб праціўнік не паспеў засекчы. Для гэтага патрэбны палаткі і іншае абсталяванне лёгкае і зручнае, каб яго без асаблівых клопатаў можна было сабраць і разабраць. Хай сабе жыць там будзе і не так камфортна, аднак тое жытло часовае. Закупляюцца новыя палаткі расійскай вытворчасці. Яны таксама трохслойныя, але тканіна больш лёгкая. Няма грувасткіх драўляных насцілаў, няма жалезных коек. Першыя ў лесе можна з поспехам замяніць хвойным лапнікам. Дарэчы, чым таўсцейшы слой, тым менш адчуваецца холад ад зямлі. На лёгкія нары салдат можна пакласці дыванок, які ўваходзіць у індывідуальны камплект, пад галаву — рэчавы мяшок, накрыцца — плашч-накідкай. Дарэчы, гэты дыванок робіцца з полімерных матэрыялаў, якія даюць настолькі добрую цеплавую ізаляцыю, што на ім можна спаць нават на халоднай зямлі.

Побач былі пастаўлены палаткі яшчэ меншыя і шатры, зробленыя з падручных матэрыялаў: яловых жэрдак і лапніку.

Такім чынам, на мясцовасці з максімальна магчымай маскіроўкай можна размясціць да мотастралковага батальёна (да 400 чалавек). Аднак гэта  выключэнне, у баявых умовах часцей падраздзяленні размяшчаюцца паротна — да 100 чалавек.

А побач арганізавана паходная лазня. Хаця такім словам пара палатак і воданагравальнік названыя занадта гучна, хутчэй — памывачны пункт. Аднак нават прыняць душ, змыць бруд і пот у палявых умовах — таксама вялікая справа.

 

Пры раненні…

251=0 Калі ідзе бой, то, натуральна, з’яўляюцца параненыя і забітыя, якіх трэба эвакуіраваць з поля бою, аказаць медыцынскую дапамогу. На палігоне ў Заслонаве былі прадэманстраваны абодва этапы.

Для эвакуацыі параненых спецыяльна пераабсталявалі лёгкабраніраваны гусенічны цягач. Ён пад’ехаў непасрэдна да акопаў, дзе былі байцы, сваім корпусам, бранёй прыкрыў людзей. Тыя хуценька заскочылі, унеслі параненых таварышаў і выехалі з-пад абстрэлу.

Вядома, пры прамым пападанні з гранатамёта ці гарматы браня цягача не ўратуе, аднак ад куль і асколкаў ахоўвае надзейна. Пара манеўраў — і брані­раваны цягач у бяспечным месцы, курс — на пры­франтавы перавязачны пункт.

На гэтым пункце, абсталяваным у лесе і зацягнутым маскіровачнай і  сеткай, перад прысутнымі дэманстравалі, як умоўна параненаму спыняюць кровацячэнне, аказваюць першую медыцынскую дапамогу,  далей накіроўваюць у палявы шпіталь, дзе ўрачы праводзяць аперацыі. Паводле слоў ­удзельнікаў, на такім пункце адначасова можна прыняць каля дзясятка параненых.

 

 

Сыты салдат – Радзімы шчыт

 

 

“На пусты страўнік шмат не наваюеш”, — гэта фраза са старога савецкага фільма самым яскравым чынам ілюструе важнасць і патрэбу арганізацыі службы харчовага забеспячэння. Як запісана ў вайсковых статутах, сухі паёк — крайняя мера для харчавання ваеннаслужачых, па магчымасці яны павінны быць забяспечаны гарачымі стравамі. Вось і мы падыходзім да паходнай палявой кухні.

“Трымайся ад камандзі­раў далей, а да кухні бліжэй”, — раіць старая салдацкая мудрасць. Сам пад час службы не раз пераконваўся ў яе правільнасці. Сустрэлі нас некалькі салдатаў пад камандаваннем прапаршчыка. Папрасіў суразмоўцу прадставіцца.

— Начальнік харчовай і рэчавай службы першага механізаванага батальёна старшы прапаршчык Пётр Шалак.

— Вы сёння, бачу, камандуеце палявой кухняй?

— І не толькі сёння, а і ўвогуле ва ўсе палявыя выхады.

— Колькі чалавек забяспечваюць працу пункта і якая яго прапускная здольнасць?

— Па штаце павінны працаваць тры прафесійныя кухары, ім у дапамогу — восем чалавек нараду. Задача нараду — паднос прадуктаў, дроў і паленне ў печках, калі яны не на дызельным паліве. Яшчэ, вядома, першасная апрацоўка прадуктаў — чыстка бульбы і іншай гародніны. Усе працаўнікі маюць санітарныя кніжкі і допуск да працы з прадуктамі харчавання.

Пункт разлічаны на забеспячэнне гарачым харчаваннем да 750 чалавек.

— Як такое магчыма?! — не ўтрымаўся. — Гэта ж вельмі вялікая колькасць народу, ды і сесці ўсім няма дзе.

— Натуральна, немагчыма, каб увесь батальён адначасова прыйшоў сюды. Ды гэта і не патрэбна. Тут харчуецца частка ваеннаслужачых, якія адносна свабодныя. Дзяжурныя ад падраз­дзяленняў, якія знахо­дзяцца на пазіцыях, прыходзяць сюды, ім запаўняюць гарачай ежай тэрмасы, і тыя разносяць стравы па пазіцыях.

— І адзінаццаць чалавек спраўляюцца накарміць сем соцень?

— Гэта, канешне, пікавыя нагрузкі. Звычайна на пару соцень менш.  Ды і нарад праз суткі мяняецца, каб адпачыць.

— Згодзен, на паказальных вучэннях…

— Зусім не, — запярэчыў суразмоўца. — За апошнія гады наша брыгада ўзмоцнена займаецца баявой вучобай, салдаты тыднямі не выхо­дзяць з палігонаў. Нядаўна прыехалі з вучэнняў з-пад Барысава, там кармілі па 500 чалавек на дзень. Вось гэтыя зборы завяршаюцца, а неўзабаве пачынаюцца новыя вучэнні, дзе таксама трэба наладжваць харчаванне. З дапамогай гэтых палявых выхадаў адладжваецца і наша праца.

 

“Вайна”

Так на вайсковым слэнгу часта называюць актыўную фазу вучэнняў, калі адбываюцца самыя відовішчныя падзеі: абстрэлы, нападзенні, захопы і г.д. Легенда гэтай “вайны” была наступная. За сто кіламетраў на поўнач умоўны праціўнік перайшоў дзяржаўную мяжу, яго наступленне стрымлівае мотастралковая брыгада. У яе бок накіроўваецца калона з падмацаваннямі, зброяй, боепрыпасамі, харчаваннем. Паводле даных разведкі, у раёне маршрута калоны магчыма дзейнасць закі­нутых дыверсійна-разведвальных груп (ДРГ) умоўнага праціўніка. Задача — правесці калону, даставіць груз па прызначэнні.

Па ўзгадненні машрут калоны ўздоўж ваенна-аўтамабільнай дарогі аблятае верталёт. Першым едзе УАЗ з дарожна-каменданцкай службы. Недзе праз кіламетр рухаецца перадавая ахова. Машыны час ад часу спыняюцца, сапёры правяраюць падазроныя ўчасткі. Затым едзе і сама калона.

Першай едзе баявая машына пяхоты, яшчэ па адной у сярэдзіне калоны і ў хвасце. На ўсіх машынах рэгістрацыйныя і бартавыя нумары закрытыя маскіровачнай сеткай — патрабаванне ваеннага часу. Калона праходзіць міма назіральнага пункта і рухаецца далей, на процілеглы бок палігона.

Раптам грыміць выбух, за ім яшчэ серыя — калона трапіла ў варожую засаду. Як ні стараліся, абнак байцы ДРГ усё ж такі лепш падрыхтавалі­ся і замаскіраваліся. І як іх ні шукалі ў паветры і на зямлі, выявіць зага­дзя не змаглі.

Першымі выбухамі фугасаў былі падбітыя грузавая машына і БМП. Салдаты не разгубіліся, байцы саскочылі на зямлю, прынялі бой, БМП рванулі ў бок засады, адцягваючы агонь умоўнага праціўніка на сябе. Верталёт развярнуўся і падтрымаў атаку на дыверсантаў з паветра. Грузавыя машыны між тым у бой не ўвязваліся, рванулі па дарозе далей. Толькі адна затрымалася, каб узяць умоўна падбітую на буксір.

Адбішўы атаку, канвой дагнаў калону і прадоўжыў рух з ёй далей да месца прызначэння.

Васіль МАТЫРКА.

На здымках: у час вучэнняў.

Фота аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.