Далики

daliki-lepelski-r-vyasko%d1%9ecy-shto-pracuyuc-%d1%9e-selskaj-gaspadarcy-16-11-19-3Далікі — адна з вёсак Слабадскога сельсавета. Ад Слабады
да Далікаў — чатыры кіламетры, якія можна пераадолець бойкай жвіроўкай, што падбіраецца пад гару Міласніцу. На самай вяршыні пагорка і размяшчаецца населены пункт, адкуль адкрываюцца
прыгожыя краявіды на наваколлі. За лясным масівам,
які падступае да вёскі з усходу, пачынаюцца межы
Валосавіцкага сельсавета.

Патанаючы ў густым ранішнім тумане, вёска сустракае бязлюднымі вуліцамі. Субота, выхадны дзень… Вяскоўцы не спяшаюцца распачынаць гаспадарчыя справы. Таму больш блізкае знаёмства з паселішчам пачынаю з агляду могілак, што месцяцца на ўскрайку. Не адно пакаленне жыхароў Далікаў, а таксама суседніх Гаразянак, Падбрусаў і Іван-Бору спачыла тут. Пакінулі жыццё колішнія старажылы Агаф’я Мазго, Фёдар Зубовіч, Анатоль Зубовіч і шмат хто яшчэ, з кім давялося сустракацца ў папярэднія гады.
Ранішні туман паступова рассеяўся. Сярод старых, таўшчэзных соснаў, якіх яшчэ шмат захавалася ў старой частцы некропаля, праглядаюцца парослыя мохам надмагіллі з прыродных, розных па форме камянёў. Ёсць і адзін невялікі каменны крыж. Шэраг магільных грудкоў абкладзены камянямі. Цяжка сказаць, колькі часу хаваюць у гэтым месцы нябожчыкаў. На пні, ад спілаванай старой сасны, што да нядаўняга часу расла на адной з магіл, налічыў больш за 250 гадавых кольцаў. Адсюль можна зрабіць выснову, што навакольныя мясціны былі абжыты амаль тры стагоддзі таму назад.
Першыя пісьмовыя згадкі пра Далікі, якія знайшоў у архіве, датуюцца 1856 годам. Тады ў вёсцы жыў 81 чалавек. Па дакументах можна прасачыць, як на працягу наступных дзесяцігоддзяў насельніцтва вёскі і колькасць двароў толькі павялічваліся. У 1951 годзе налічвалася 73 гаспадаркі з агульнай колькасцю жыхароў у 222 чалавекі.
На пачатку 2000-х адна са старэйшых жыхарак вёскі Еўфрасіння Зубовіч распавяла пра паходжанне назвы Далікі наступнае: ”Назва гэтая з’явілася даўно, яшчэ пры панах. Тут былі багатыя землі, а паны жылі далёка — у Слабадзе і Валосавічах. Далёка ад нашай мясцовасці, таму і назва Далікі — значыць, далёкія”.
Спакон веку і да цяперашняга часу ў вёсцы жывуць руплівыя людзі, якія свой лёс звязалі з працай на зямлі. У 1920-м толькі адзін вясковец — Стэфан Аношка, сям’я якога налічвала трох чалавек, патрапіў у спіс бяднейшага насельніцтва Валосавіцкай воласці. У яе склад уваходзілі і Далікі. У пачатку 1930-х гадоў Купрыян Стэльмах, Цімох Дзёмка, Аляксандр Воўк, Марк Стэльмах, Лук’ян Азаронак былі сярод перадавікоў веснавой сяўбы. Іх прозвішчы неаднаразова ўзгадваліся на старонках раённай газеты “Калгасная праўда”. Пазней у вёсцы была ўтворана калектыўная гаспадарка “VII з’езд Саветаў”. На пачатку 1950-х яе ўключылі ў склад калгаса “Пражэктар”. За высокія паказчыкі ў сельскагаспадарчай вытворчасці шэраг вяскоўцаў адзначаны ордэнамі і медалямі. У 1966 годзе ордэнам “Знак Пашаны” ўзнагароджана даярка Еўдакія Стэльмах, медалём “За працоўную доблесць” — пастух Іван Гайко. Трактарыст Васіль Мазго атрымаў ордэны “Знак Пашаны” і Працоўнай Славы ІІІ ступені.
У пачатку 1920-х гадоў у Даліках была адкрыта школа. Сярод першых настаўнікаў былі Серафіма Зубовіч і Сяргей Зубовіч. У пачатку 1930-х гадоў вучыў дзяцей Мітрафан Чарнуха. Тады навучальная ўстанова размяшчалася ў наёмным памяшканні, дзе ў чатырох класах навучалася 56 вучняў. Затым школай загадваў Васіль Макарэвіч. Пасля Вялікай Айчыннай вайны школа працягвала работу. З цягам часу яе перамясцілі ў суседнюю вёску Гаразянкі, куды працягвалі хадзіць дзеці да пачатку 1990-х гадоў. У цяперашні час школьны аўтобус возіць даліцкіх дзетак на заняткі ў Слабаду.
Не абміналі жыхароў Далікаў трагічныя падзеі першай паловы мінулага стагоддзя. Вядомыя прозвішчы траіх вяскоўцаў, якія прымалі ўдзел у Першай сусветнай вайне. Гэта Якаў Дзёмка, Кірыл Аношка і Стэфан Аношка. Можна адшукаць у трагічным спісе ахвяраў рэпрэсій 1930-х гадоў прозвішчы чатырох жыхароў: Андрэя Пшонкі, Пятра Хрола, Фядоса Аношкі і Цімафея Дзёмкі.
22 мужчыны не вярнуліся з Вялікай Айчыннай вайны. Іх прозвішчы значацца на абеліску, устаноўленым у Слабадзе ў гонар загінулых жыхароў калгаса “Пражэктар”.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Далікі кватараваў трынаццаты атрад Лепельскай партызанскай брыгады пад кіраўніцтвам Пятра Літвінава. Час ад часу немцы наведваліся ў вёску, і тады партызаны вымушаны былі ўцякаць у лес без бою. Па сведчанні вяскоўцаў, дзякуючы гэтаму вёску ў вайну немцы не спалілі. У хаце Пятра Кавалеўскага размяшчаўся партызанскі штаб на чале з Літвінавым. Хата захавалася да цяперашняга часу, у ёй жыве дачка Пятра Яўгенія Кавалеўская. У вайну яна была дзяўчынкай, але добра запомніла, што партызаны жылі ўсю зіму, было іх шэсць чалавек. Нагадваюць пра вайну і акопы, якія захаваліся на ўскрайку вёскі. Іх капалі партызаны.
Ужо ў мірны час, у гады вайны ў Афганістане, “панюхалі пораху” двое вяскоўцаў — сапёр Віктар Зайцаў і верталётчык Пётр Раманенка, якія адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі.
Цяперашняя вёска Далікі значна адрозніваецца ад той, што была некалькі дзесяцігоддзяў таму. Адна з вуліц амаль цалкам забудавана дыхтоўнымі цаглянымі катэджамі, у якіх жывуць работнікі КУВСГП “Пражэктар-агра”. Месціцца тут і магазін, які працуе тры разы на тыдзень. Пакрысе мяняе аблічча і “старая” вуліца з традыцыйнай забудовай — вяскоўцы паступова абуладкоўваюць сядзібы сучаснымі матэрыяламі з сайдынгу і металапрофілю. Аднак шэраг хат сіратліва пазірае цёмнымі вокнамі, у якіх ужо ніколі не запаляць святло колішнія гаспадары.
Пераважная большасць вяскоўцаў працаздольнага ўзросту шчыруе ў гаспадарцы “Пражэктар-агра”, а гэта каля трыццаці чалавек. Васямнаццаць з іх рупяцца на мясцовай ферме, якую ўзначальвае малады брыгадзір Яўгеній Пшонка. На гэтай жа ферме працуе жывёлаводам і жонка Яўгенія Таццяна. Маладая сям’я Пшонкаў жыве ў Даліках, гадуе траіх дзетак, якія наведваюць школу ў Слабадзе. У шэрагу перадавікоў — аператары машыннага даення Паліна Стэльмах і Зінаіда Дзямко.
Жыхары вёскі Далікі — сапраўдныя рупліўцы, людзі ад зямлі. Як іх дзяды і прадзеды, яны не здраджваюць цяжкай сялянскай працы. Многія трымаюць вялікую падсобную гаспадарку, разводзяць свойскую жывёлу. Бадай ва ўсім сельсавеце не налічыцца столькі кароў і коней, колькі трымаюць у Даліках на ўласны падворках.
Дзень майго наведвання вёскі супаў са святочнымі мерапрыемствамі да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Вось чаму на вуліцах вёскі было амаль бязлюдна. Большасць вольных ад працы вяскоўцаў прымалі віншаванні, граматы і грашовыя прэміі ад кіраўніцтва гаспадаркі ў Слабадзе. Пашанцавала сустрэцца з імі, калі яны, задаволеныя, вярталіся дадому і нават не адмовіліся сфатаграфавацца. Аб’ектыў фотаапарата фіксуе шчырыя, адкрытыя і святочныя вобразы працаўнікоў. Менавіта на такіх людзях і трымаецца вёска.
Валерый ТУХТА,
краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.