Деликатные струны души

img_1626Роўна год таму, 24 лістапада, пайшоў з жыцця наш калега – журналіст, таленавіты пісьменнік, паэт і драматург Уладзімір Міхно. З нагоды гэтай сумнай даты мы, работнікі газеты, вырашылі падзяліцца ўспамінамі пра цудоўнага чалавека.

Святлана Вазняк, галоўны рэдактар раённай газеты
«Лепельскі край»:
– Першы працоўны дзень Уладзіміра Міхно ў рэдакцыі я запомніла назаўсёды. Гэта было 1 лютага 2010 года. Мы размясціліся ў адным кабінеце – Уладзімір працаваў за сталом насупраць. Памятаю, з якім вялікім захапленнем я глядзела на свайго калегу. Для мяне было вялікім гонарам працаваць разам з таленавітым пісьменнікам, паэтам, аўтарам многіх апавяданняў і аповесцяў, якія чытала яшчэ ў школьным узросце. Разам з тым Уладзімір быў таварыскім, шчырым і пранікнёным чалавекам. Прайшло ўсяго некалькі дзён, а мне здавалася, што Уладзіміра я ведаю ўсё жыццё. Ён заўсёды мог узняць настрой: як сапраўдны майстар слова, з гумарам расказваў пра пэўны эпізод з жыцця, і смех стрымаць было немагчыма. А якімі ж прыемнымі сюрпрызамі былі для мяне яго чулыя і пранікнёныя вершы, якія ён пісаў мне на Дні нараджэння, да святаў 8 Сакавіка, да вяселля… Гэта былі не проста вершы, а паэтычныя шэдэўры, якія беражліва захоўваю ў альбоме. «Спадзяюся, мы папрацуем з табой, калі ты будзеш галоўным рэдактарам», – казаў Валодзя. І гэтыя пажаданні здзейсніліся. Калі ж я пачала працаваць на новай пасадзе, Уладзімір папрасіў мяне паклапаціцца, каб на тэрыторыі рэдакцыі была ўстаноўлена лавачка. Просьбу з задавальненнем выканала. Ля будынка рэдакцыі былі размешчаны 2 прыгожыя лавачкі. Аднак я і зараз не магу паверыць, што Уладзімір ужо больш ніколі не прысядзе ні на адну з іх…»

Наталля Храпавіцкая,
намеснік галоўнага рэдактара:
– Вось ужо год, як няма з намі нашага дарагога калегі Уладзіміра Міхно. За гэты перыяд мы не аднойчы зразумелі, што нам яго вельмі не хапае: яго цёплага слова, душэўных размоў, публікацый пра людзей Лепельшчыны. Уладзімір Фёдаравіч пражыў жыццё добрасумленнага і адкрытага душой чалавека. Ён заўсёды агучваў пра што думае, што ў яго на сэрцы. За гады жыцця ён не толькі набыў велізарны досвед пісьменніка і журналіста, а і заваяваў аўтарытэт сярод калегаў і жыхароў раёна. І цяпер, праз год, жыхары раёна ўспамінаюць публікацыі Уладзіміра Фёдаравіча і кажуць пра яго толькі цёплыя словы.

Васіль Матырка, карэспандэнт:
– У 2009 годзе я прыйшоў з водпуску, гляджу – у суседнім кабінеце за сталом працуе новы работнік. Павіталіся, пазнаёміліся, ён прадставіўся: «Уладзімір Міхно, буду ў вас працаваць». Перакінуліся яшчэ некалькімі словамі, як раптам ён сказаў: «А з табой мы будзем сябраваць». Я тыя словы міма вушэй прапусціў, спяшаўся кудысьці. У далейшым жа справы склаліся так, як і сказаў Валодзя: мы сталі не толькі калегамі, а і добрымі сябрамі. Сёння спаўняецца год, як Ула­дзіміра няма з намі… Гэтую страту я адчуваю і перажываю амаль кожны дзень.
Мікалай Красковіч, кіроўца:
– Мы з Уладзімірам працавалі ў штатным рэжыме – у панядзелак ехалі па матэрыялы, кожны раз патрэбна было знайсці іх не менш за 5: узяць інтэрв’ю ў цікавых суразмоўцаў, даведацца пра значныя падзеі ва ўстановах, у арганізацыях, на прадпрыемствах… А потым, расказваў Уладзімір, ён сядаў дома і пісаў ледзьве не да поўначы, імкнуўся напісаць усё, не пакідаць у доўгую скрыню. Вельмі любіў Валодзя працаваць на сваёй сядзібе – у бацькоўскай хаце. Я бачыў, як шмат сіл і сродкаў уклаў ён, каб адрамантаваць пабудовы, давесці да ладу дом. А яшчэ хачу сказаць, што Уладзімір па жыцці чамусьці быў вялікім песімістам, часта скардзіўся на здароўе. Яно ў яго, ведаю, было не вельмі моцнае, часта хварэў.
Мікалай Гарбачоў, ветэран журналісцкай працы:
– Уладзімір Міхно быў маім сябрам. Так склалася, што мае цесць з цешчай жылі па суседстве з яго бацькамі. Калі ён вагаўся, ісці на працу ў «Лепельскі край» (да гэтага ён працаваў у Чашніцкай «раёнцы») ці не, я яму адразу параіў ісці смела. Так, у нас з Уладзімірам Фёдаравічам здараліся палемікі, часам вельмі вострыя, але пры гэтым мы паміж сабой захоўвалі паважлівыя ўзаемаадносіны. У апошнія гады Уладзімір Фёдаравіч прыйшоў да той высновы, што нашы разыходжанні дробязныя, а нас аб’ядноўвае больш моцнае і трывалае – паважлівае стаўленне да беларускай мовы і культуры.
Андрэй Стычынскі, старшы аператар электроннага набору і вёрсткі:
– Мяне заўсёды здзіўляла ўменне Уладзіміра пі­саць паэтычныя творы. Здаецца, з дробязі, з самага невялікага факта ён мог напісаць верш, а то і паэму. Вершы ён пісаў пра людзей, сябрам дарыў вершаваныя віншаванні.
Любоў Кавалеўская, старшы аператар электроннага набору і вёрсткі:
– Мы некалькі гадоў адпрацавалі разам у адным кабінеце. Уладзімір меў неверагоднае пачуццё гумару, мог любое слова, з’яву, учынак дасціпна прыпаднесці ў камічнай форме. Быў ён такім важным, голас меў спакойны, ціхі, але ўнутры ў яго быў стрыжань. Свае погляды ён адстойваў прынцыпова, часам нават рэзка. Калі прыйшоў да якойсьці думкі, то ўжо не адыхо­дзіў ад яе. Мы з ім часта гутарылі па душах, дзяліліся ўспамінамі. Мы абодва – вяскоўцы, я нарадзілася і вырасла ў вёсцы Кальнікі і толькі потым пераехала ў Лепель. Ён жа ўсё жыццё правёў у сваіх Чэрцах, таму сельскія будні, старыя звычаі і традыцыі нам вельмі блізкія. Уладзіміра нам вельмі не хапае…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.