Деревенский дом в наследство

image_8151— Пасля смерці бацькоў я атрымала ў спадчыну іх сядзібу ў вёсцы. Тата з мамай яшчэ пры жыцці паклапаціліся пра афармленне многіх дакументаў. У прыватнасці, яны аформілі і мелі на руках пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі на зямельны ўчастак і жылы дом — іх хату, якую тата збудаваў уласнымі рукамі яшчэ ў 1960-я гады. Тады ж ён узвёў і гаспадарчыя пабудовы: хлявы, кладоўкі, пуню і лазню. Уступаючы ў правы валодання спадчынай, я даведалася, што законным лічыцца толькі дом, усе гаспадарчыя пабудовы – незаконныя. Каб іх легалізаваць, трэба ажыццявіць нямала юрыдычных працэдур і заплаціць немалыя грошы. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца ў сітуацыі: куды звяртацца, якія дакументы афармляць, — такую праблему ўзняла наша чытачка Таццяна Пшонка.
Каб праясніць сітуацыю, карэспандэнт звярнуўся да начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталлі Кляшторнай, якая адказала:
— Для таго, каб пракаментаваць сітуацыю, трэба разгледзець яе дэтатлёва. Звычайна мы дзейнічаем наступным чынам. Пры выяўленні факта самавольнай пабудовы, а да такіх могуць быць аднесены і пабудовы, на якіх няма адпаведных дакументаў, заводзіцца адміністрацыйная справа і перадаецца ў суд. За самавольную пабудову згодна з заканадаўствам фізічная асоба нясе адміністрацыйную адказнасць, а менавіта абавязана заплаціць штраф у памеры ад дваццаці базавых велічынь. Далей справа вырашаецца ў судзе.
— Як параіце людзям засцерагчыся ад падобных непрыемных сітуацый?
— У першую чаргу патрэбна з асаблівай адказнасцю ставіцца да пытанняў будаўніцтва. На вялікі жаль, многія грамадзяне яшчэ з савецкіх часоў прызвычаіліся будаваць, не задумваючыся пра юрыдычныя аспекты. Аднак ужо ў 1980-х гадах правілы істотна змяніліся, што ўжо казаць пра апошнія дзесяцігоддзі. Таму, перш, чым завозіць жвір, цэмент, дошкі і браць у рукі рыдлёўку, варта звярнуцца да спецыяліста. Неабходна пракансультавацца, як зрабіць правільна, як аформіць усе дазволы і вытрымаць нарматывы, каб потым не мець непрыемнасцяў. А Таццяне Пшонка я б параіла прыйсці да нас. Мы на месцы разбяромся ў канкрэтнай сітуацыі, улічым усе нюансы і растлумачым правільны парадак дзеянняў.
Акрамя гэтага, карэспандэнт папрасіў пракаментаваць сітуацыю і суддзю суда Лепельскага раёна Наталлю Сушко:
— Справы аб самавольных пабудовах у нашым судзе разглядаюцца нячаста, ад аднаго да пяці выпадкаў на год. Як правіла, людзі ідуць у сельсаветы, райвыканкам, суд, калі трэба рэгістраваць нерухомасць пасля смерці родных і ўступаць у спадчыну. І тут аказваецца, што гаспадарчыя пабудовы, а часта і жылы дом у вёсцы, не маюць ніякіх рэгістрацыйных дакументаў.
Адметны выпадак разглядаўся судом сёлета. У 1994 годзе бацька падарыў сыну дом з гаспадарчымі пабудовамі ў вёсцы. Дагавор дарэння быў засведчаны сельскім Саветам дэпутатаў. Далей па законе новаму ўладальніку даецца тэрмін, звычайна шэсць месяцаў, для таго, каб ён цалкам перааформіў дакументы на сваё імя ў філіяле агенцтва па інвентарызацыі і зямельным кадастры (па-старому — БТІ). Мужчына ж не надаў належнай увагі гэтай працэдуры, меркаваў, што, толькі маючы на руках дагавор дарэння, ужо з’яўляецца паўнаўладным гаспадаром нерухомасці. У 2005 годзе бацька памёр, і толькі тады сын успомніў, што трэба аформіць дакументы на нерухомасць — пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Паколькі ўсе тэрміны выйшлі, прызнанне права ўласнасці на нерухомую маёмасць давялося ўстанаўліваць у судзе. Пасля прыняцця рашэння новы стары ўласнік у хуткім часе сваю маёмасць зарэгістраваў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.