Дзяўчынка з Поўсвіжа, на Лепельшчыне, звязала… танк

IMG_20150120_073433 З чаго складаецца танк? Хтосьці падумае: вось дзівак! Не ведае будовы танка. Ды кожнаму зразумела, што танк складаецца з корпуса, башні, дула, гусеніц. Магчыма-магчыма… А з чаго яго робяць? Вядома ж, са сталі? Вось і не ўгадалі, танк робяць з… вязальных нітак. Калі не верыце, наведайце выставу работ, дасланых на рэспубліканскі конкурс “Дзень добры, свет”. Вы пабачыце вязаны танк. Грозную машыну стварыла дзяўчынка з Вялікага Поўсвіжа Дзіяна Бондарава з дапамогаю вязальнага кручка і залатых рук.

— Доўга рабіла? – пытаюся ў Дзіяны

— Ды не, можа, дні са тры ці чатыры.

— А хто табе падкінуў ідэйку танк звязаць?

— Мы з татам фільм пра вайну глядзелі, вось і вырашылі. А чаму б не паспрабаваць! Тата ў мяне быў тэхнічным кансультантам, сама я ў тэхніцы не разбіраюся.

У тэхніцы яна, можа, і не разбіраецца, а вось у майстэрстве вязання сёе-тое шурупіць. Нездарма ж ужо два з паловай гады ходзіць у школьны гурток “Чароўны клубочак”, якім кіруе Марына Славікава, вяжа кручком. Звязала світар, майку. Зрэшты, ці толькі вязаннем захапляецца дзяўчынка. Ніколькі не горш яна малюе.

— Чым ты малюеш і што ў цябе лепей атрымліваецца?

— Магу і гуашшу, і алоўкам. Малюю і нацюрморты, і пейзажы, аднак лепей за ўсё атрымліваюцца людзі.

Паспрабуй намаляваць чалавека! Просты аловак у руках здольнай дзяўчынкі выконвае зусім не простыя задачы.

А жыве яна з татам і прадзядулем, якіх вельмі любіць. Лёс аказаўся не вельмі літасцівым да Дзіяны. Не было і пяці гадоў, як страціла маці, а зусім нядаўна пасля цяжкай хваробы памерла і бабуля. Лёс калі чагосьці недадае, то абавязкова ў іншым кампенсуе. Вось і Дзіянцы ад прыроды дадзены рукі ўмелыя і нястомнае працалюбства, яна пазначана іскрынкай таленту. Лёс падарыў ёй добрую душу.

Гэта іншыя могуць прыйсці са школы, закінуць партфель на паліцу і, пакуль бацькі не загоняць дадому ды не пасадзяць за ўрокі, гойсаць па вуліцы, альбо зашыцца з галавою «Укантакт» і не вылазіць з віртуальнага свету да вечара. У Дзіянкі ж усё па-іншаму, у яе іншы расклад. Прыйсці з урокаў, пакарміць, падаіць коз, управіцца з іншаю працаю па гаспадарцы, прыгатаваць вячэру – сабе, дзядулю, бацьку, які позна вернецца з працы. Адным словам, Дзіяна – маленькая гаспадынька дома.

— Што больш за ўсё любіш і гатаваць, і есці?

— Галубцы.

— Але ж гэта колькі клопату…

— А што зробіш, каб смачна паесці, трэба пастарацца. Зрэшты, галубцы можна і лянівыя зрабіць, калі ўжо лянота.

— Якое там! Гляджу, табе танк не лянота было вязаць. Спадзявалася, што зоймеш другое месца ў рэспубліцы?

— Нават і не чакала.

— Ты ездзіла ў Мінск на ўзнагароджанне. Падзяліся ўражаннямі.

— Спадабалася. Уручылі дыплом і прыз – білет у Нацыянальны гістарычны музей.

— І што там бачыла?

— Увогуле цікава. Расказвалі пра першыя фотаздымкі і фотаапараты, пра розныя стылі адзення, вадзілі ў залу Вялікай Айчыннай вайны.

— А ў цябе ёсць мара?

— Мара? – Дзіяна крыху прызадумалася. – Скочыць з парашутам.

— З парашутам? Ты што ваеннай хочаш стаць – танкі, парашуты?

— Хачу стаць урачом.

Хацеў спытаць, чаму, аднак своечасова спахапіўся. І правільна зрабіў. Усё і так зразумела, калі бліжэй прыгледзецца да лёсу дзяўчынкі…

Спытаўся іншае:

— Што ты больш за ўсё цэніш у жыцці?

— Родных і блізкіх людзей.

Не хацелася далей вярэдзіць яе параненую нядаўняй сямейнай драмай душу, і я перайшоў да іншага:

— Ты любіш кветкі, і якая твая любімая?

— Люблю, вядома, і асабліва белую лілею. Сімвал чысціні і свабоды.

— Няўжо не сядзіш, як усе, «Укантакце», не ходзіш гуляць на вуліцу?

— Чаму ж? І па нэце палазіць люблю, і на стадыён, дзе мы збіраемся, увечары да сяброў выходжу. Проста не заўсёды часу хапае, трэба і ўрокі ж зрабіць.

— А летам?

— А летам пачнуцца ягады…

На здымках: Дзіяна Бондарава і яе вязаны танк.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.