И однажды ночью запылал деревянный домик

dva-pozhara-proizoshli-v-orle-etoy-nochyu-37782 Пажар — страшная стыхія. Давялося сутыкнуцца з ёй і аўтару гэтых радкоў. Па суседству жыў пажылы мужчына. Раней сумесна з ім пражывалі жонка ды сын. Абодва памерлі. Дзядуля застаўся векаваць адзін. Выпіваў. Дроўцаў на халодную пару не прыдбаў. Абаграваўся электрапрыборам сумніўнай канструкцыі. І аднойчы ўначы запалала драўляная хатка. Вокны майго спальнага пакоя выходзяць акурат на суседскі агарод. Нібы нехта ўдарыў знячэўку пад бок. Расплюшчваю вочы — а па сценах адбіваюць смяротныя рытмы чырвоныя сполахі.

Адразу ў пажарную службу патэлефанаваў і кінуўся ратаваць суседа. Ды агонь не дазволіў пранікнуць у пабудову. Полымя гуло, нібы той тайфун. Гучна лопаўся старэнькі шыфер, ладныя кускі, нібы з гарматы, ляцелі на мой участак, іскры скакалі, быццам у нейкім пачварным трансе, па цаглянай кладцы. Не буду накаляць жарсці. Страху нацярпеўся! Не дай бог каму перажыць такі калатун, калі побач, мо метраў за пятнаццаць, трашчыць, патыхае невыноснай спякотай дом суседа…
Не магу без пэўнага душэўнага шчымлення пісаць радкі пра вогненную статыстыку на Лепельшчыне. За дзевяць мінулых месяцаў адгуло ў вэлюме людскога гора і слёз дзевятнаццаць пажараў, шаснаццаць — у жылым сектары. Прамыя эканамічныя страты перасягнулі 104 тысячы рублёў. А ўрон мог быць большым, каб не дапамога пажарных. Выратавана 25 будынкаў, адна адзінка тэхнікі, матэрыяльных каштоўнасцей — больш за 37 тыс. руб. Найчасцей “чырвоны певень” раскідваў свае вогненныя крылы ў райцэнтры, на тэрыторыях Стайскага, Валосавіцкага і Слабадскога сельсаветаў.
Спытаўся ў начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўніка ўнутранай службы Валянціна Лаўца наконт асноўных прычын наступлення вогненнага смерчу.
— Новага нічога не скажу, — зазначыў Валянцін Эдуардавіч. — Асноўная колькасць пажараў прыпадае на няспраўнасці пячнога ацяплення, а таксама неасцярожнае абыходжанне з агнём. А магло быць і горш, намнога горш, калі б не займаліся ўшчыльную прафілактыкай. Праведзены адрасныя праверкі больш за 11100 домаўладанняў. Перавагу аддавалі малазабяспечанай катэгорыі насельніцтва, грамадзянам, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, а таксама тым, хто злоўжывае спіртнымі напоямі. Па месцы жыхарства прайшлі навучанне мерам пажарнай бяспекі больш за 19,4 тысячы чалавек. Асноўнымі і найбольш часта выяўляемымі ў ходзе праверак парушэннямі з’яўляюцца няспраўнасць пячнога ацяплення і электраабсталявання, а таксама няспраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Вядома, не апошняе слова належыць пры аглядзе супрацьпажарнага стану жылога фонду назіральным камісіям пры сельвыканкамах. Аднак слова тое гучыць з году ў год не дужа важка і доказна. Пераважна прафілактыкай займаюцца, як і раней, некалькі членаў камісіі і пазаштатны пажарны інспектар, прадстаўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, часам участковы інспектар раённага аддзела ўнутраных спраў далучаецца або работнік аддзела адукацыі. Назіраецца недастаткова эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж зацікаўленымі суб’ектамі прафілактыкі. Маю на ўвазе прыняцце мер рэагавання да домаўладальнікаў, якія парушаюць правілы бяспекі.
Такая іскра падпаліць любы аб’ект
І яшчэ адзін пракол. Відавочны і недаравальны. Іскра ад такога праліку можа падпаліць любы аб’ект. Гэта вобразна сказана. “Дык аб чым тады размова?” — спытае ўважлівы чытач. Аб ведамасным жыллі, канечне. Суб’екты гаспадарання скрозь пальцы пазіраюць на бяспеку такога жылля. І дарэмна. Да бяды — адзін крок. У прыватнасці, пад час вывучэння захадаў па прафілактыцы пажараў на аб’ектах аграпрамысловага комплексу выяўлена: прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў самаўхіліліся ад важнай работы, супрацьпажарны стан дамоў не ацэньваюць, супрацьпажарныя інструктажы з жыхарамі не праводзяць. Горш таго, часцяком з наймальнікамі не заключаюцца дамовы найму жылля з вызначэннем у іх адказнага за захаванне пажарнай бяспекі. Як вынік — наймальнікі не сочаць за бяспекай пячнога ацяплення, электраправодкі, не падтрымліваюць у спраўным стане аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Дарэчы, сёлета выдзелены фінансавыя сродкі на набыццё дваццаці АПА з СЗУ для ўстаноўкі ў домаўладаннях малазабяспечаных грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі Баброўскага сельскага Савета.
Замалёўку з раз’юшанага разгулу вогненнай стыхіі мы намалявалі ў пачатку артыкула. Дарэчы, і тады праблема з запраўкай вадой спецмашыны ўзнікла спантанна. Урок не пайшоў на карысць. І колькі падобных урокаў праігнаравана. Сабе на бяду. Як праз капірку тыражуецца праблема штогод. Мяркуйце самі. Да цяперашняга часу адкрытым застаецца пытанне прывядзення ў адпаведнасць з нормамі вонкавага супрацьпажарнага водазабеспячэння тэрыторый населеных пунктаў. Апошняя вясновая праверка засведчыла: з 167 наяўных пажарных гідрантаў застаюцца няспраўнымі восем. Ніхто не можа гарантаваць, што менавіта ў гэтым месцы не замахае вогненнымі крыламі і не кукарэкне “чырвоны певень”! А яго спрадвечная “песня” дужа балюча б’е па нервах, жыццях, фінансах.
Мы ўжо штрыхом пазначалі праблемы фізічных асоб. Хапае іх і ў юрыдычных. На аб’ектах суб’ектаў гаспадарання адпалала тры пажары. Па колькасці гэта намнога менш, а па наступствах — даволі адчувальна. Матэрыяльны ўрон перавысіў 28 тысяч рублёў. Складнікі бушавання вогненнага бедства — ігнараванне кіраўнікамі суб’ектаў гаспадарання супрацьпажарных патрабаванняў, неналежная ахова аб’ектаў, адсутнасць кантролю з боку кіраўнікоў і службовых асоб да падначаленых.
Тое-сёе робім, каб утаймаваць наступленне агню, але пачатае да лагічнага канца не заўсёды даводзім. Факты? Калі ласка. Іх багата. І б’юць прамой наводкай не ў брыво, а ў вока. Сёлета работнікамі інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях паводле каардынацыйных планаў кантрольнай дзейнасці праведзена сем планавых праверак суб’ектаў гаспадарання. Для выканання кіраўнікам накіравана 94 супрацьпажарныя мерапрыемствы, з якіх 19 перакачавала з мінулых гадоў.
Праверкі і пажарна-прафілактычныя мерапрыемствы паказваюць, што некаторыя аб’екты не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства ў галіне пажарнай бяспекі. Найбольш неспрыяльная абстаноўка склалася практычна на ўсіх прадпрыемствах сельскагаспадарчай вытворчасці. Па заганнай завядзёнцы ігнаруюцца прадпісанні дзяржаўнага пажарнага нагляду. Кіраўнікі наракаюць на адсутнасць фінансавых сродкаў, хоць на рэалізацыю асобных пунктаў не патрабуецца асаблівых капітальных укладанняў. Недаравальна адкладваюцца на потым праверкі электраправодкі на супраціўленне ізаляцыі. Размеркавальныя скрынкі асвятляльнай сеткі не зачынены вечкамі, злучэнне правадоў выконваецца скруткай, свяцільні не ўкамплектаваны ахоўнымі плафонамі.
Не за гарамі халады
Зіму сіноптыкі прагназуюць снежную і даволі сцюдзёную. Між тым ледзьве ліпяць ацяпляльныя печы, у тым ліку ўстаноўленыя ў будынках жывёлагадоўчых фермаў. Кіраўнікі і іншыя адказныя службовыя асобы своечасова не прымаюць мер па іх абуладкаванні. Вядома, хібы ўхіляюцца на працягу некалькіх дзён, але толькі пасля ўмяшання работнікаў РАНС.
Будынкі і збудаванні ў поўным аб’ёме не забяспечаны першаснымі сродкамі пажаратушэння, а часцяком нават наяўныя вогнетушыцелі эксплуатуюцца ў непрыдатным стане або са скончаным тэрмінам перазарадкі.
Практычна ва ўсіх гаспадарках за апошнія гады не праводзіліся рамонт і аднаўленне маланкааховы складоў, механічных майстэрняў, аб’ектаў жывёлагадоўлі. Да пажарных вадаёмаў не пад’ехаць. Апошнія спакваля зарастаюць тванню, не чысцяцца і не паглыбляюцца. Некаторыя практычна не маюць запасу вады.
— Колькі слоў пра маніторынг у верасні-кастрычніку, — дапоўніў сказанае Валянцін Эдуардавіч. — Выяўлены шматлікія факты парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі на жывёлагадоўчых фермах і на складах грубых кармоў. Сцірты не абвораны па перыметры, прымыкаюць ушчыльную да аўтадарог. Своечасова не ачышчаюцца ад гаручых адходаў і смецця тэрыторыі фермаў, не абкошваецца сухая расліннасць навокал. На многіх аб’ектах жывёлагадоўлі пажарныя шчыты не ўкамплектаваны супрацьпажарным інвентаром.
Пільна варта сачыць за станам аб’ектаў з масавым знаходжаннем людзей. Іх налічваецца дваццаць восем. Нямала. У большасці сваёй гэта ўстановы адукацыі, спорту і турызму, а таксама інтэрнаты Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, КУВП «Бароўка», ДКУБП «Лепельская ПМК-75», цэнтральная раённая бальніца, «Лепельская псіхіятрычная бальніца», КУП ДРАЦ «Жамчужына», ДУК «Лепельскі раённы Дом культуры». Кіраўніцтвам аддзела адукацыі, спорту і турызму, ПМС не прыняты меры па аднаўленні аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі на падведамасных аб’ектах, а менавіта ў навучальным корпусе старэйшых класаў СШ №1 г. Лепеля, навучальным корпусе №1 СШ №3 г. Лепеля, інтэрнаце №1 прадпрыемства меліярацыйных сістэм. На дзесяці аб’ектах сігналізацыя не выведзена на пульт дыспетчарызацыі і маніторынгу МНС, што можа паўплываць у выпадку ўзнікнення пажару на яго своечасовае выяўленне і своечасовую перадачу інфармацыі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.
На аб’ектах выяўлены шэраг “вузкіх месцаў”, якія могуць перашкодзіць паспяховай эвакуацыі людзей у выпадку ўзнікнення пажараў. У многіх навучальных установах, а таксама ў ЦРБ адсутнічаюць прылады для самазакрывання дзвярэй, якія адлучаюць агульныя калідоры ад лесвічных клетак. Сцены на шляхах эвакуацыі на ўсю вышыню афарбаваны гаручымі фарбамі, часцяком аздоблены гаручымі матэрыяламі (панэлі ПВХ, дрэва). У інтэрнаце Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа не завершана замена лінолеума з непацверджанымі паказчыкамі пажарнай бяспекі на падлозе ў агульных калідорах.
Практычна на ўсіх аб’ектах з масавым і кругласутачным знаходжаннем людзей, за выключэннем УАЗ «Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца», КУП ДРАЦ «Жамчужына», аграрна-тэхнічнага каледжа і некалькіх школ аддзела адукацыі, адсутнічаюць сродкі індывідуальнай абароны органаў дыхання і зроку для эвакуацыі дзяцей у выпадку загарання. Патрабуецца таксама паўторная апрацоўка спецыяльным рэчывам драўляных канструкцый гарышчаў ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Лепеля», ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Лепеля», ДУА «Дзіцячы сад-яслі №9 г. Лепеля» і інш.
З “чырвоным пеўнем” жарты дрэнныя. Непажаданыя, дададзім. У адваротным выпадку можа напаткаць бяда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.