Из воспоминаний прапорщика Игоря Макаревича

dsc_0040

Прапаршчык Ігар Яўгенавіч Макарэвіч у Афганістане служыў з 14 мая 1984 па 4 чэрвеня 1987 года. Узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме ва УС СССР» III ступені і медалём «За баявыя заслугі».

15 лютага 1989 года завяршыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Здавалася б,  балючая праблема, якая доўжылася амаль дзесяць гадоў, назаўжды сышла ў мінулае.

Аднак рэха вогненных гор многія адчуваюць і да гэтага часу. Яно — ва ўспамінах удзельнікаў тых падзей, а таксама ў незагойнай ране бацькоў, чые сыны не вярнуліся з вайны.

Напярэдадні памятнай даты давялося пагутарыць з тымі, хто не па чутках ведае, як усё адбывалася ў далёкім Афганістане.

Нарадзіўся Ігар Яўгенавіч у 1937 годзе на Кузбасе — у Новакузнецку. У 1954 годзе, пасля заканчэння 10 класаў мясцовай школы, накіраваўся ў Омск, каб паступіць ва ўніверсітэт. Аднак не пашанцавала. Паўгода папрацаваў у тэатры рабочым сцэны і зразумеў, што трэба атрымліваць адукацыю. А тут якраз і ў лісце аб бацькі прачытаў: “Кідай гэтую працу, трэба вучыцца, набываць прафесію”. Вярнуўшыся на радзіму, мой суразмоўца паступіў у вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі. З установы Ігар Яўгенавіч выйшаў трактарыстам-машыністам шырокага профілю. На той час гэта была вельмі патрэбная спецыяльнасць разам з патрыятычным рухам “Даеш Цаліну”. Хакасія стала адным з цэнтраў асваення некранутых земляў. Туды пацягнуліся эшалоны з маладымі людзьмі, сярод якіх быў і Ігар Макарэвіч. Грандыёзная мэта прадугледжвала правядзенне комплексу мерапрыемстваў, каб ліквідаваць адставанне сельскай гаспадаркі і павялічыць вытворчасць збожжа.

Трэба сказаць, Цаліна патрабавала ад людзей мужнасці і вынослівасці, хоць і пасылалася ў тыя месцы новая тэхніка. Два сезоны Ігар Яўгенавіч сеяў пшаніцу і пахаў землі на вялізных палях, памеры якіх дасягалі 600 гектараў.

У 1957 годзе хлопец быў прызваны на службу ва Узброеныя Сілы. Улан-Удэ, Іркуцк, Чыта, Афганістан, Беларусь — геаграфія  гарадоў і краін шырокая. У Іркуцку на танцах на 23 лютага пазнаёміўся з будучай жонкай Галінай Івановай. Запрасіў на танец, праводзіў да дому — і завязалася сяброўства, якое паступова перайшло ў моцныя пачуцці.

У 1960 годзе, пасля трох гадоў тэрміновай службы, крыху папрацаваў на заводзе ў Іркуцку і перайшоў у ахову вайсковай часці, бо там была магчымасць атрымаць жыллё. А пазней па прапанове саслужыўца пайшоў на звыштэрміновую.

З часам атрымаў спецыяльнасць ваеннага шыфравальшчыка і “засеў” у штабе акругі.

— І што гэта за прафесія?

— У ваеннай сферы такія спецыялісты, як правіла, займаюцца складаннем спецыяльных шыфраў, ключоў да іх, перадачай сакрэтных паведамленняў, перахопам і расшыфроўкай даных ворага. Напрыклад, мне давалі тэкст, а маёй задачай было яго зашыфраваць і адправіць. Такім чынам, з 1966 па 1980-ы служыў у разведвойсках.

У 1980 годзе разам з жонкай прыбылі ў зенітна-ракетную брыгаду, якая дыслакавалася ў вёсцы Межыца. Чатыры гады быў шыфравальшчыкам, а ў 1984 годзе прапанавалі паехаць у Афганістан.

— Маючы двух сыноў, не раздумваў ні хвіліны. Разважаў так: калі я буду ў гарачай кропцы, сыноў ужо туды не накіруюць, — кажа Ігар Яўгенавіч.

Трапіў у саветніцкі апарат, задачай якога было даваць парады іншым афіцэрам. Разам за мужам паехала і Галіна Нікіцічна ў Кандагар. Як адзначае жанчына, даводзілася класціся спаць, а побач заўсёды напагатове стаяла зброя.

— Я нават паспела там пасадзіць невялічкі агародзік і завесці сабачку. Але па стане здароўя праз 7 месяцаў была вымушана пакінуць тую краіну.

Траплялі і пад абстрэл. Так, аднойчы Галіна Нікіцічна працавала ў сваім агародзіку. Ігар Яўгенавіч заўважыў ворагаў і крыкнуў: “Абстрэл!” Толькі паспелі забегчы ў пакой, як пад акном узарвалася міна.

Сям’я Макарэвічаў успамінае Афганістан не толькі як “гарачую” кропку, а і як вельмі прыгожую краіну. Такой прыроды, маўляў, не бачылі нідзе, асабліва парк, які, на жаль, пазней быў знішчаны паветранымі снарадамі.

Падумалася: жонцы ваеннаслужачага заўсёды даводзілася ехаць за мужам, мяняць не толькі месцажыхарства, а і прафесіі.

Гляджу на прыемную, гасціную жанчыну і думаю: “Якая яна моцная духам!” Гэта ж трэба працаваць у ваеннай часці адразу пасля заканчэння 7-годкі. Ды кім?.. На базе захавання і па рамонце ўзбраення рамантавала аўтаматы. А іншых прафесій на той час і не было ў воінскай часці. Хочацца адзначыць, што Галіна нарадзілася ў сям’і ваеннаслужачага, і маці таксама рупілася на такой жа спецыяльнасці. А вось бацьку свайго жанчына не памятае: як пайшоў на заданне, так і не вярнуся жывым.

— А ці змаглі б зараз узяць у рукі зброю і стрэліць?

— Канечне, без складанасцяў, — з упэўненасцю адказвае Галіна Нікіцічна.

З 1987 года Ігар Яўгенавіч на пенсіі, аднак не сядзеў без справы мужчына, знаходзіў сабе работу. 40 гадоў сям’я Макарэвічаў жыве ў Межыцы. Тут вырасцілі сыноў Алега і Яўгена. Ёсць ужо чатыры ўнукі і праўнук Мікалай.

З 2002 года муж і жонка свой вольны час праводзяць у сезон на агародзе, вырошчваюць бульбу, агуркі і іншую гародніну. Любяць і за ляснымі дарамі схадзіць. А зімой дзеля здароўя пасля абеду выходзяць на прагулку. Ад 5 да 8 кіламетраў “намотваюць” па лясной дарозе…

***

Да гэтага часу толькі праездам была ў вёсцы, якая мне чымсьці нагадала курортны гарадок. Шматпавярховікі сярод лесу, рэчка Ула звіліста працякае ў нізіне. Машын на сваім шляху амаль не сустрэлі. Маляўнічы ў нас усе ж такі край!

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.