Изменена ответственность за нарушения в сфере охоты

000479_449033_big— Не так даўно даведаўся пра тое, што ўнесены змяненні ў заканадаўства, якім прадугледжана адказнасць за парушэнні ў галіне вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Хацелася б даведацца пра гэта падрабязней, — з такой просьбай звярнуўся на адрас рэдакцыі наш чытач Аляксандр Мазго.
Даць кампетэнтны адказ мы папрасілі дзяржаўнага інспектара Лепельскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Леаніда Крыўца, які адзначыў:
— Так, унесены змяненні ў некаторыя нарматыўныя прававыя акты — у прыватнасці, тыя, якія рэгламентуюць адказнасць за парушэнні ў сферы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Яна становіцца больш дыферэнцыраванай і лібералізуецца ў адносінах да тых, хто дапусціў нягрубыя парушэнні.
Напрыклад, стала больш мяккай адказнасць паляўнічых за парушэнне правілаў бяспекі палявання, незаконнае нашэнне патронаў, падрыхтаваных кулямі і карцеччу. Аднак пры паўторы падобных парушэнняў на працягу года паляўнічаму, як і раней, будуць пагражаць штраф да сарака базавых велічынь або пазбаўленне спецыяльнага права.
Таксама істотна зменшаны санкцыі ў адносінах да службовых асоб паляўніцтвакарыстальнікаў за нягрубыя парушэнні правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі, адказнасць юрыдычных асоб ліквідавана.
Максімальны штраф за іншыя нязначныя парушэнні правілаў зніжаны да дзесяці базавых велічынь, прадугледжана таксама спагнанне ў выглядзе папярэджання.
Новая рэдакцыя артыкула 15.37 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях уступіла ў сілу з трэцяга жніўня бягучага года. Адміністрацыйныя працэсы па гэтым артыкуле, якія пачаліся і не закончыліся на гэты момант, будуць разглядацца з улікам больш ліберальнай рэдакцыі.
Яшчэ адна плынь лібералізацыі закране тых, хто з-за парушэнняў на паляванні будзе пазбаўлены спецыяльнага права на паляванне і ў выніку пазбавіцца права на валоданне зброяй. Калі раней звярнуцца за дазволам на захоўванне і нашэнне зброі такі грамадзянін мог толькі праз тры гады, то зараз — адразу пасля завяршэння тэрміну, на які ён быў пазбаўлены спецыяльнага права на паляванне — гэта можа быць і тры месяцы. Новаўвядзенне прадугледжана змяненнямі, унесенымі ў артыкул 27 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зброі”: “Грамадзянін, у якога ануляваны дазвол у сувязі з накладаннем адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе пазбаўлення спецыяльнага права за парушэнне правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, мае права зноў звярнуцца за атрыманнем дазволу на тыя тыпы грамадзянскай зброі, права на якія ён меў да анулявання дазволу, пасля выканання такога спагнання або ўзнікнення абставін, пры якіх пастанова аб накладанні такога спагнання не падлягае выкананню”.
— Леанід Барысавіч, многіх чытачоў таксама цікавіць пытанне, калі ў нашай краіне будзе адкрыта паляванне на пушных жывёл…
— Паляванне на пушных паляўнічых жывёл — зайца-русака, зайца-беляка, вавёрку, куніцу лясную, куніцу каменную, норку амерыканскую, андатру і тхара ляснога — будзе адкрыта ў нашай краіне ў першую суботу лістапада. Такое паляванне дазволена ў светлы час сутак са зброі, а таксама без яе выкарыстання. Паляванне са зброяй на зайцаў можа праводзіцца з засады, з падыходу і загонам. Дапускаецца таксама прымяненне гладкаствольнай паляўнічай зброі з выкарыстаннем патронаў, падрыхтаваных шротам, а таксама паляўнічых сабак усіх парод, а для палявання без зброі — хартовых паляўнічых сабак і лоўчых птушак.
Паляванне са зброяй на вавёрку, куніцу лясную, куніцу каменную, норку амерыканскую, андатру і тхара ляснога дазволена з падыходу, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі. Прыладамі ружэйнага палявання, якія дазволены, з’яўляюцца гладкаствольныя паляўнічыя стрэльбы з выкарыстаннем патронаў, падрыхтаваных шротам, наразная паляўнічая зброя калібру 5, 6 міліметра, а таксама паляўнічыя сабакі ўсіх парод, акрамя гончых і хартовых.
У час палявання без зброі дазваляецца прымяняць капканы і пасткі, акрамя петляў. Паляванне на зайца-русака, зайца-беляка, вавёрку, куніцу лясную, куніцу каменную і тхара ляснога, норку амерыканскую і андатру будзе працягвацца па апошнюю нядзелю студзеня 2020 года.
Пры гэтым нашэнне і (або) выкарыстанне ў паляўнічых гаспадарках патронаў, падрыхтаваных кулямі і карцеччу (больш за пяць міліметраў у дыяметры) забаронена.
Падрыхтавала
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.