Какими быть улицам и дорогам Лепельщины?

Напэўна, няма таго аўтамабіліста, які б устрымаўся ад рэзкіх рэмарак, праязджаючы ранняй вясной па разбітых участках вуліц і дарог, калі, каб абехаць выбоіны, трэба рэзка скідваць хуткасць, манеўраваць. І наадварот, мы часта не заўважаем адрамантаваныя ўчасткі з роўным асфальтам, успрымаем іх як будзённасць, як патрэбнае і належнае, а між тым кожны кіламетр вулічнага і дарожнага рамонту, нават ямачнага, гэта даволі значныя ўкладанні .

— Давайце звернем увагу, якія ўчасткі вуліц Лепеля былі капітальна адрамантаваны толькі ў мінулым годзе, — прапануе намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Быстрыцкі. — Два ўчасткі вуліцы Савецкай: насупраць школы №1 і ад скрыжавання з Ульянкай да аўташколы, кавалак вуліцы Войкава ад гандлёвага цэнтра “Мікс” да скрыжавання з Ульянкай, два ўчасткі вуліцы Чуйкова: каля вакзальнай плошчы і на скрыжаванні з вуліцай Максіма Горкага. Многія аўтамабілісты зараз забыліся, але лёгка ўспомняць, як дрэнна было праязджаць па гэтых месцах, як яны прытарможвалі, каб абехаць яміны ў асфальце. Гэтыя работы каштавалі раённаму бюджэту соцень тысяч рублёў. Успомнім яшчэ значныя абёмы работ па рамонце тратуараў і пешаходных дарожак. Напрыклад, на прымыканні вуліцы Партызанскай да Чуйкова, каля былой крамы “Дыяніс”, на вуліцы Калініна.

— Якімі сіламі выконваліся гэтыя работы?

— Выключна сіламі мясцовых арганізацый: КУВП “Бароўка”, ДРБУ-202, ДЭУ-37. Ва ўсіх арганізацыях ёсць належная тэхніка: грузавыя машыны, асфальтаўкладчыкі, каткі, а самае галоўнае — кваліфікаваныя дасведчаныя работнікі.

Вяртаемся ў дзень сённяшні. Апошняя зіма нанесла даволі істотны ўрон дарожнаму пакрыццю. Па словах спецыялістаў, устойлівае марознае надворе больш мяккае, спрыяльнае для асфальту ці бетону. Але калі на працягу кароткага часу тэмпература то апускаецца ніжэй за нуль, то ўздымаецца, тады варта біць трывогу. Таму, напрыклад, за прайшоўшую зіму на вуліцы Лепеля было зроблена амаль удвая больш пасыпак, чым у ранейшыя зімы. З лютага сярод лепельскіх аўтамабілістаў нядобрай славай карыстаюцца частка вуліцы Ульянка ад новага маста да Заазерскага лясніцтва, падезд да раённай бальніцы, некаторыя ўчасткі вуліц Інэрнацыянальная, Партызанская, Будзённага, Валадарскага, выклікаюць нараканні і некаторыя вясковыя вуліцы.

— У бягучым годзе ямачны рамонт быў распачаты, як толькі пачаў сыходзіць снег і лёд, — кажа майстар КУВП “Бароўка” Ірына Каваленка, — у асноўным на гэтым відзе рамонту задзейнічана наша прадпрыемства. Зімой мы карысталіся аргана-мінеральнымі сумесямі, у цёплы перыяд прымяняем струмене-інекцыйны спосаб. Акрамя Лепеля крыху падлапілі асфальт у Бароўцы.

Вядома, ямачны не можа замяніць сабой паўнавартасны рамонт, але на пэўны перыяд часу, як аператыўнае рашэнне праблемы — даволі неблагі. З пачатку года да канца красавіка такім чынам было падрамантавана больш за 1750 квадратных метраў вуліц і дарог, асвоена больш за 44 тысячы рублёў.

— Якія планы наконт капрамонту на год бягучы? — зноў звяртаюся да Сяргея Быстрыцкага.

— Усё залежыць ад фінансавання. Пакуль што раённым бюджэтам плануецца выдзяленне 440 тысяч рублёў. На гэтыя грошы мяркуем у першую чаргу зрабіць капітальны рамонт участка вуліцы Ульянка ад новага маста да канторы Заазерскага лясніцтва, а таксама вуліцы Бярэзінскай ад Ульянкі да раённай бальніцы. Тым самым мы закрыем самы праблемны і сацыяльна значны ўчастак. Далей — частка вуліцы Партызанскай насупрасць ДЭУ-37. У тым месцы, калі вы памятаеце, нізіна, дзе збіраецца вада, з-за яе і адбываецца разбурэнне асфальту. Там трэба наладзіць бесперабойны сцёк вады, а затым пакласці новы асфальт. Яшчэ плануем рамонт дзвюх або трох (будзем глядзець па наяўнасці грошай) вуліц у Бароўцы, яны пасля апошняй зімы проста ў жудасным стане. У дадатак плануецца абуладкаванне тратуара па адным баку вуліцы Партызанскай ад былой крамы “Дыяніс” да аўтобуснага прыпынку.

— Хацелася б значна больш.

— Паверце, мне таксама хацелася б, каб усе вуліцы Лепеля і вёсак былі абуладкаваны самым найлепшым чынам, але мы вымушаны дзейнічаць выключна зыходзячы з наяўных магчымасцяў, найперш — фінансавых. Дарэчы, з рэспубліканскага бюджэту плануецца выдзяленне яшчэ 200 тысяч рублёў на рамонт вулічна-дарожнай сеткі раёна, але гэта пакуль што толькі планы.

Не выпадае з поля зроку і стан мясцовых дарог. Яшчэ зімой была агледжана большасць з іх, скарэктаваны планы рамонту і абслугоўвання. Як толькі надворе стала дазваляць, выехала і дарожна-будаўнічая тэхніка. Пра самы першы ў бягучым годзе рамонт дарогі ад Чарэйшчыны ў бок Усавікаў раённая газета “Лепельскі край” пісала ў публікацыі “Дарожныя артэрыі” ў №34 за 29 красавіка. На тым абекце шчыравалі работнікі ДРБУ-202, з заяўленым абёмам работ яны ўправіліся за лічаныя дні.

З 10 па 13 мая праводзіліся рамонтныя работы на дарозе ад Каменя на Улу, там ужо выдатна праявілі сябе работнікі ДЭУ-37. Распавядае галоўны інжынер прадпрыемства Яўген Шляжко:

— Капітальны рамонт праводзіўся на ўчастку дарогі даўжынёй 4 кіламетры. Фактычна мы закрывалі асфальтам у дзень па 1 км дарогі. Былі задзейнічаны 1 асфальтаўкладчык, 3 каткі, 8 грузавікоў для падвозу асфальту. Запусцілі асфальтабетонны завод, працавалі больш за 20 чалавек. На першым этапе асвоена каля 560 тысяч рублёў. Прыблізна праз месяц будзе праведзена паляпшэнне пакрыцця, падсыпка шчэбенем і паліванне эмульсіяй, абуладкаванне ўзбочын, на што яшчэ будзе патрачана каля 200 тысяч рублёў.

— Як я пагляджу, дарожныя работы даволі дарагія…

— Галоўная доля ў кошце — цана матэрыялаў, якая паступова, але няўмольна расце. Так, даволі дарагія сёлета сталі шчэбень, бітум, эмульсіі, якія выкарыстоўваюцца пры вырабе асфальту. Мы падлічвалі і параўноўвалі, што летась аналагічны абём работ абыйшоўся б у суму на 30-40 працэнтаў меншую.

Падводзячы вынік, прыйшоў да высновы, што галоўным стрымліваючым фактарам для павелічэння інтэнсіўнасці дарожнага рамонту па-ранейшаму застаецца недахоп грошай. Амаль усе суразмоўцы адзначаюць, што на Лепельшчыне ёсць усе магутнасці для правядзення маштабных работ, прадпрыемствамі асвоены тэхналогіі дарожнага будаўніцтва і рамонту, галоўная ж замінка за фінансаваннем.

Васіль МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.