Калейдоскоп творчества артистов села

img_20180424_054605_41 Дзень работнікаў культуры прыпадае на сярэдзіну кастрычніка. Самы час падводзіць папярэднія вынікі года. Напярэдадні свята мы сустрэліся з намеснікам дырэктара ДУК “Лепельскі РДК” па сельскіх клубных установах Наталляй Івановай, каб пагутарыць пра культурніцкія планы і падзеі з вясковага жыцця.

— Наталля Вячаславаўна, раскажыце, што сабой уяўляе сетка ўстаноў культуры ў сельскай мясцовасці.
— У вёсках і аграгарадках Лепельшчыны працуюць дванаццаць устаноў культуры. Сярод іх два Цэнтры культуры і адпачынку — у Слабадзе і Бароўцы, сельскі клуб у Горках, два клубы-бібліятэкі — у Забароўі і Юркоўшчыне, астатнія — сельскія Дамы культуры. У сельскіх установах культуры раёна занята каля двух дзясяткаў працаўнікоў: дырэктары, мастацкія кіраўнікі, акампаніятары, хормайстры.
— Каго з іх можна назваць майстрамі сваёй справы, ветэранамі?
— У Юркоўшчыне загадвае клубам-бібліятэкай Наталля Міснік, якая больш за трыццаць гадоў працуе ў сферы культуры. Сёлета юбілей у Іны Лябік са Слабадскога Цэнтра культуры і адпачынку. Больш як паўжыцця гэтая жанчына аддала любімай справе. Ганна Белаглазава шчыруе ў Старалядненскім СДК, чатыры дзесяцігоддзі з гакам яе імя гучыць на культурных падмостках нашага краю. Загадвае СДК у Поўсвіжы Лідзія Ганчар. Вынікам яе плённай працы, скажам, з’яўляецца народны тэатр “Кактус — як Туз” пры Доме культуры. Не магу не прыгадаць і яшчэ адно імя — Анжэла Пятрышча, загадчыца Каменскага СДК, вялікі энтузіяст. Ды ў нас увогуле засталіся адны энтузіясты. Гэта людзі, якія ўжо не ўяўляюць сябе без культуры.
— Чым займаліся ў гэтым годзе?
— Мастацкая самадзейнасць сельскіх клубных устаноў актыўна ўдзельнічала ў мерапрыемствах горада і раёна, выязджала на абласныя конкурсы, фестывалі, прывозіла заслужаныя ўзнагароды. Напрыклад, сёлета вакальная група “Раксалана” Каменскага СДК прыняла ўдзел у фестывалі міжрэгіянальных культур як пераможца абласнога этапу. Поўсвіжская вакальная група “Вяселіца” стала ўдзельніцай рэспубліканскага “Фестывалю двух рэк у Докшыцах”. Домжарыцкі хор “Беразіначка”, якім кіруе Алена Пракаповіч, пабываў на міжнародным свяце традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”.
— А якія падзеі адбываліся ў нашым раёне?
— На базе Стайскага СДК прайшлі два выязныя форумы. На адным — па пытанні “Аб рабоце ўстаноў культуры раёна па захаванні і развіцці нацыянальных культурных традыцый і народнай творчасці” аматарскія аб’яднанні са Стай і Слабады прэзентавалі “Валачобныя забавы”. Удзельнікаў жа выязнога пасяджэння абласнога Савета дэпутатаў вітаў Стайскі народны клуб нацыянальнай кухні, гульні і фальклору “Стайскія прысмакі”, частаваў лепельскімі клёцкамі.
На раённым конкурсе дырэктараў сельскіх клубных устаноў “Магістр культуры-2018” перамагла Алена Пятрышча з Каменя, другое месца — за Таццянай Паранок з Баброва, трэцяе дасталася Наталлі Быкавай са Стай. Дырэктары зрабілі самапрэзентацыю, адказалі на пытанні, паказалі свае здольнасці і таленты, прынялі ўдзел у конкурсе касцюма з падручнага матэрыялу “Вячэрняя сукенка”.
— Ці ўдзельнічалі ў “Славянскім базары”?
— Алена Матузава з Бароўскага і Інэса Лябік са Слабадскога цэнтраў культуры і адпачынку прынялі ўдзел у конкурсе гарманістаў і прыпевачніц, які праводзіўся на “Славянскім базары”.
— Якія бліжэйшыя планы?
— Рыхтуемся да Дня маці. Напрыклад, аўтаклуб паедзе па вёсках з канцэртамі з нагоды гэтага свята.
— Як ушаноўваеце ветэранаў?
— У нас каля дзясятка ветэранаў-культработнікаў, якія зараз на заслужаным адпачынку. Запрашаем іх на розныя мерапрыемствы, віншуем са святамі.
— Што прапануеце моладзі?
— Штогод праводзім раённы конкурс маладых выканаўцаў “Белыя росы” ў Бароўцы. А канкурсантаў нам выдзяляе вёска. І, канечне, танцавальныя вечары, тэматычныя праграмы, гутаркі, гульні, забаўляльныя праграмы — таксама для моладзі.
— Як арганізавана гуртковая праца?
— На базе сельскіх устаноў культуры працуюць восемдзесят чатыры клубныя фарміраванні, з іх сорак сем дзіцячых. Гэта спеўныя, драматычныя, вакальныя, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і іншыя аматарскія аб’яднанні. У кожнага з іх свая спецыфіка і свой твар. Можа, не ўсе яны маюць назвы, аднак гэта не мяняе іх сутнасці — паказаць, што вёска не правінцыя, заахвоціць і вярнуць у клуб сельскага жыхара, хоць гэта і няпроста рабіць у наш электронна-камп’ютарны час.
Гутарыў Уладзімір МІХНО.
На здымку: незабыўныя моманты культурнага жыцця вяскоўцаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.