Лепельчане — лауреаты литературной премии им. П.Бровки Витебского облсполкома

gorbachev-n-n Прыемна пісаць пра добрых людзей, яшчэ прыемней — пра тых, каго ведаю даўно, з кім працавала і заўсёды з вялікім задавальненнем сустракаю ў нашым горадзе. Сярод нас жывуць лепяльчане, якія не абыякавыя да гісторыі роднага краю, хто ўносіць вялікі ўклад у захаванне мінулага. Адзін з іх Мікалай Гарбачоў. Магу з упэўненасцю назваць яго патрыётам сваёй радзімы. Пакуль працавалі разам, заўсёды чула толькі ўзнёслыя словы пра вёску Аношкі, дзе прайшло дзяцінства і школьныя гады майго суразмоўцы.

Адкуль такая вялікая любоў да гісторыі роднага краю, прыроды?
Узгадала ўспаміны Мікалая Мікалаевіча пра турыстычны паход па маршруце Аношкі — Цярэшкі — Пастрэжжа — Крайцы. І як вы думаеце, на чале з кім было тое падарожжа? Канечне, на чале з настаўнікам Замошскай сярэдняй школы Мікалаем Гарбачовым, бацькам нашага героя. Такія маршруты выбіраліся не выпадкова, паколькі яны сумяшчаліся з наведваннем месцаў баявой славы перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Наведвалі брацкія магілы воінаў і партызанаў, ускладалі кветкі, ушаноўвалі памяць аб героях хвілінай маўчання. Вось і адказ на маё пытанне. Калі чалавек з дзяцінства ў сям’і бачыць цеплыню, інтэлігентнасць, павагу і любоў да радзімы, гэта застаецца потым з ім на ўсё жыццё, і гэтыя пачуцці ўжо не выкараніць.
Мікалай Сілівеевіч Гарбачоў быў мэтанакіраванай і настойлівай асобай. У 1977 годзе як лепшы настаўнік Замошскай васьмігадовай школы быў узнагароджаны Ганаровай граматай аддзела адукацыі Чашніцкага райвыканкама, а ў 1986 годзе як перадавы настаўнік Велеўшчынскай васьмігадовай школы быў адзначаны Ганаровай граматай аддзела адукацыі Лепельскага райвыканкама. У канцы 70-х гадоў выбраны дэпутатам Слабадскога сельскага Савета дэпутатаў. Людзі аказвалі яму давер аднагалосна.
Магчыма, таму і абраў прафесію гісторыка яго сын Мікалай Мікалаевіч, а пазней стаў журналістам, каб перадаваць будучым пакаленням старонкі мінулага, вобразы роднага краю.
У 1977 годзе Мікалай Гарбачоў скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Працаваў настаўнікам сярэдняй школы, інструктарам райвыканкама, кансультантам кабінета палітасветы райкама КПБ, карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыё, загадчыкам аддзела радыёінфармацыі раённай газеты, галоўным рэдактарам рэдакцыі раённага тэлерадыёвяшчання, карэспандэнтам раённай газеты “Лепельскі край”.
Прыемна было даведацца, што Мікалай Гарбачоў разам са сваёй каханай жонкай Святланай Якубоўскай сталі лаўрэатамі літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама за 2018 год. Святлана Віктараўна ўзнагароджана ў намінацыі “Паэзія”, а Мікалай Мікалаевіч — у намінацыі “Проза (у тым ліку публіцыстыка і драматургія)”. Творчыя людзі натхняюць адзін аднаго на новыя творы, дапамагаюць. Абодва — члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Празаічныя творы і вершы Мікалая Гарбачова друкаваліся ў калектыўным зборніку літаратараў Лепельшчыны “Наступіць дзень”, раённай газеце “Лепельскі край”. Аўтар выдаў кнігі “Таямніцы мінулага”, “Ліхалецце і старэнне” і “Чалавек з ціхім голасам”. Апошняя і была адзначана прэміяй. Па запыце Кніжнай палаты Рэспублікі Беларусь экзэмпляр выдання нават трапіў у фонд Нацыянальнай бібліятэкі Кітая.
Усе творы прасякнуты пачуццём вялікай любові да родных мясцін і сумнымі старонкамі мінулага. Як мне здаецца, найбольшая цікавасць аўтара — да Вялікай Айчыннай вайны. У свой час шмат матэрыялаў друкавалася на старонках “Лепельскага краю”. Нават у зборніку “Чалавек з ціхім голасам”, які адзначаны прэміяй, два раздзелы прысвечаны Вялікай Перамозе.
Зацікавіла назва. Хто ж такі чалавек з ціхім голасам? А гэта, аказваецца, Герой Савецкага Саюза, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Полацка-Лепельскай партызанскай зоны Уладзімір Лабанок. Як адзначае аўтар зборніка, менавіта такім памятаюць Уладзіміра Елісеевіча яго паплечнікі, нягледзячы на высокія пасады.
А вось мне ў зборніку вельмі спадабаўся аповед пра галубку Вульку, якую выратавалі ад гібелі. Увесь твор прасякнуты цёплымі адносінамі да параненай птушкі.
Магчыма, са мной хтосьці паспрачаецца, аднак я лічу, што толькі жанчына, якая ідзе побач, натхняе аўтараў кніг, мастакоў, скульптараў на стварэнне новых твораў. Пра Святлану Якубоўскую можна казаць толькі самыя лепшыя словы. Жанчына са светлымі і спакойнымі думкамі — так хочацца яе ахарактарызаваць. Інтэлігентная і мудрая па жыцці, вельмі творчая асоба. Вершы Святланы друкаваліся ў рэспубліканскай газеце “Чырвоная змена”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Першацвет”, абласных газетах “Народнае слова”, “Витьбичи” і “Витебские вести”, абласных літаратурных альманахах “Дзвіна” і “Ратуша”, а таксама раённай газеце “Лепельскі край”. Чытаю яе творы з вялікім задавальненнем, бо яны напоўнены цеплынёй душы, прасякнуты шчырымі пачуццямі. Асабліва падабаюцца гумарэскі, у якіх трапным словам аўтар распавядае пра розныя жыццёвыя сітуацыі. Зборнікі “Вясёлкавыя сны”, “Туманы над возерам”, “Палітра лесу” вядомы шматлікім чытачам. Святлана Якубоўская — лаўрэат першай ступені абласнога агляду-конкурсу літаратурных і музычных твораў “Калыска, мая Беларусь”, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Творца таксама вырасла непадалёк ад Бярэзінскага запаведніка, які багаты прыгожымі краявідамі. Гэта, напэўна, і натхніла Святлану складаць вершы. Паэт адчувае свет па-іншаму, і гэта не проста зарыфмаваныя радкі. Кожная падзея, адлюстраваная ў паэтычных творах, праходзіць праз душу аўтара, знаходзіць водгук у сэрцах чытачоў.
— Пішу пад уражаннем таго, што хвалюе, адразу, як прыходзіць натхненне. А яно заўсёды наведваецца нечакана. Напрыклад, збіраю ў лесе журавіны. Бабіна лета, сонейка прыгожае свеціць — і пачынаюць ліцца радкі самі па сабе. Аднойчы брат прывёз яблыкаў з бацькоўскага саду, а я даўно не была на радзіме. Расхвалявалася, нават слёзы выступілі на вачах — і адразу з’явіўся верш з чатырох слупкоў. Заўсёды з сабою нашу ручку і нататнік.
Святлана Якубоўская адзначана прэміяй за кнігу “Туманы над возерам”, якая прысвечана Віцебшчыне. Тут змешчана 170 лірычных, патрыятычных, духоўных і дзіцячых вершаў. Уражваюць сваёй чароўнасцю назвы раздзелаў: “Трапяткія струны душы”, “Святая музыка кахання”, “Дарога да нябёсаў”…
Крытык Вольга Шпакевіч піша: “Зборнік вершаў Святланы Віктараўны “Туманы над возерам” прынёс мне шмат светлых часін. Тут так многа аптымізму, пяшчоты, радасці, замілавання… Назва падабрана вельмі трапна: аўтар нарадзілася і жыве на Віцебшчыне — славутым азёрным краі. А той факт, што не адно дзесяцігоддзе яна прысвяціла выхаванню дзетак (па адукацыі — выхавальнік дзіцячага сада), напоўніцу выявіўся ў вершах. Дзеці-дашкаляты – самыя шчырыя, чыстыя, непасрэдныя, таму і вершы пазначаны: “Спагадаю, ласкай, пяшчотай”.
Святлана Якубоўская і Мікалай Гарбачоў актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці горада, уносяць вялікі ўклад у духоўнае развіццё лепяльчан. На іх творах трэба выхоўваць маладое пакаленне. Выступаюць у раённых бібліятэцы і краязнаўчым музеі, на паэтычных пляцоўках у Дзень горада, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і іншых святах. І не толькі на Лепельшчыне вядомыя гэтыя творчыя людзі. Выступалі на сцэне Беларускага паэтычнага тэатра “Зніч”. Полацк, Віцебск, Мінск… — іх творчасць вядомая ў розных гарадах Беларусі. Мікалая Мікалаевіча і Святлану Віктараўну яднае вялікае душэўнае пачуццё. Гэта творчая сям’я глыбока адчувае навакольны свет і іншых людзей.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.