Лепельчанин, курсант Академии МВД, желает работать в родном городе

n-1 Перада мной малады чалавек менавіта з такой характарыстыкай. Гэта адчуваецца нават па знешнім выглядзе. Андрэй Дарашкевіч — курсант Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

ам родам з Лепеля, вучыўся ў СШ №1. Пасля заканчэння адзінаццаці класаў паступіў у Акадэмію МУС на спецыяльнасць “адміністрацыйна-прававая дзейнасць”. Пасля вучобы плануе вярнуцца ў родны горад і стаць участковым інспектарам міліцыі. І не проста ўчастковым, а добрым участковым.
Участковы — гэта не прафесія, а лад жыцця. Трэба ўсюды паспець, дапамагчы людзям вырашыць іх праблемы, быць “суддзёй” у сямейных спрэчках. Трэба ўмець параіць у розных жыццёвых пытаннях, заўсёды быць аб’ектыўным. Упэўнена, што Андрэй Мікалаевіч (так яго ў бліжэйшы час будуць называць жыхары раёна) з гэтай задачай справіцца “на выдатна”, бо яму падабаецца дапамагаць людзям.
Што прадвызначыла шлях хлопца? У першую чаргу — нарадзіўся ў сям’і ваеннага. Бацька з маленства прывучаў Андрэя да парадку, таму дысцыплінаваным хлопчыкам быў ужо ў дзяцінстве. З часам патрабавальнасць да сябе стала звычкай. Таму і бачу перад сабой сур’ёзнага, разважлівага чалавека, які ўпэўнена ідзе да сваёй мэты.
Акрамя гэтага, мой суразмоўца заўсёды паважаў людзей у пагонах і марыў сам іх насіць. Захапляўся і фільмамі аб работніках міліцыі. Адзін з любімых — “Глухарь”. З дзяцінства абурала яго несправядлівасць, хацелася дапамагчы слабейшаму, абараніць. Павага да старэйшых выхавана бацькамі з малога ўзросту. Не можа прайсці міма чалавека, якому патрэбна дапамога. Успомніў і выпадак, калі ўдзельнічаў у спаборніцтвах у іншым горадзе. Маленькая дзяўчынка, гадоў васьмі, згубілася, шукала маму і плакала. Спыталі, як выглядае маці, і разам з хлопцамі дапамаглі адшукаць роднага чалавека.
Бацькі станоўча ўспрынялі выбар прафесіі сына, не адгаворвалі.
Андрэй — спартыўны хлопец, у дзяцінстве наведваў секцыю па футболе і зараз з любімай справай не развітваецца. Пакуль вучыўся ў школе, удзельнічаў у спаборніцтвах, абараняў гонар раёна ў складзе каманды не толькі на абласным узроўні, а і рэспубліканскім. Быў прызнаны лепшым абаронцам на абласных спаборніцтвах. Разам са сваёй камандай бываў у розных гарадах. І зараз захапляецца гэтым відам спорту. Не прапускае трансляцыі матчаў, глядзіць нават уначы. Асабліва падабаецца прафесійная гульня футбольнага клуба “Манчэстар-Юнайтэд”, заўсёды сочыць за матчамі з іх удзелам. Так, на самой справе ў вопытных футбалістаў ёсць чаму павучыцца. Зараз Андрэй таксама гуляе ў футбол, стварылі са знаёмымі сваю каманду. На дадзены момант удзельнічае ў адкрытым чэмпіянаце раёна па міні-футболе. Акрамя гэтага, захапляецца рыбалкай. Сярод усіх азёр Лепельшчыны вызначае Жэжлінскае. Яно бліжэй да душы, бо там жыве бабуля, адтуль родам бацькі. Найлепшыя ўспаміны з дзяцінства захаваліся ў памяці ад той мясцовасці. І зараз хлопец не забывае родныя мясціны. Па магчымасці наведвае бабулю, дапамагае ў хатніх справах. А ў вёсцы заўсёды іх хапае: прынесці вады, насекчы дроў, папрацаваць на агародзе… Аднак не кажа Андрэй аб справах гаспадарскіх з сумам, а, наадварот, з аптымізмам і натхненнем. Ну, а ў вольную хвіліну бяжыць з вудай на возера. І хоць яшчэ не злавіў вялікую рыбіну, аднак не страчвае на гэта надзеі.
Ужо і не здзівілася, калі мой суразмоўца назваў свае любімыя кнігі — раманы амерыканскага пісьменніка Марыё Пьюзо “Хросны бацька” і “Сіцыліец”. У іх аўтар распавядае аб сацыяльных каранях арганізаванай злачыннасці, пра звычаі амерыканскай, сіцылійскай мафіі і структуры ўлады ў гэтай арганізацыі.
Любімым прадметам у школе, канечне, была фізічная культура, дзе таксама ўдзельнічаў у спаборніцтвах па футболе і валейболе. Успомніў і любімы прадмет “Замежная мова”, які вяла класны кіраўнік Рэгіна Карлаўна Кутырла. З цеплынёй успамінае ўсіх сваіх педагогаў, кажа, што шмат чаму навучылі.
Пасля вучобы збіраецца працаваць у родным горадзе. Вельмі дзіўна ў наш час, бо моладзь, наадварот, жадае застацца ў вялікіх гарадах.
— Люблю Лепель, прыгажэй не сустракаў горада. У нас шмат прыгожых азёр, самая лепшая прырода. Нашымі краявідамі захапляюцца пісьменнікі і мастакі. Мы павінны шанаваць край, у якім нарадзіліся і выраслі, — кажа Андрэй.
У калектыве яго таксама ўжо ўспрымаюць як маладога калегу. З участковым паспеў наведаць сталых людзей, якія адзінока пражываюць, піцейныя ўстановы з мэтай аховы грамадскага парадку. У мінулым годзе дзяжурыў на “Славянскім базары ў Віцебску”.
З любімых прадметаў у Акадэміі Андрэй адзначае прафесійна-прыкладную фізічную падрыхтоўку. Яна складаецца з навучання баявым прыёмам барацьбы, затрымання, дзеянням з рознымі відамі зброі, валоданню падручнымі сродкамі і іншых. Таксама на занятках развіваюцца хуткасныя, сілавыя здольнасці, цягавітасць і каардынацыя. Курсанты павінны асвоіць тое, з чым могуць сутыкнуцца на практыцы, і быць гатовымі да вырашэння службовых задач у любых умовах.
Да таго ж хлопцу падабаецца агнявая падрыхтоўка. Курсанты займаюцца ёй у трох цірах, дзе можна стварыць любыя ўмовы для трэніровак. Выкарыстоўваюцца і палігоны ўнутраных войскаў.
Асаблівы прадмет — арганізацыя дзейнасці міліцыі грамадскай бяспекі, дзе вучаць быць прафесійнымі спецыялістамі, добрымі ўчастковымі.
— Андрэй, ці адчуваў страх на практыцы, калі ўпершыню выязджаў з калегамі на выклік?
— Не, больш страху адчуваў, калі ехаў упершыню ў акадэмію. Напужалі, што першы месяц там вельмі складаны.
Так, у адрозненне ад іншых ВНУ, вучоба ў акадэміі пачынаецца на месяц раней: у жніўні ўсе курсанты-першакурснікі адпраўляюцца на лагерны збор. Умовы жыцця амаль вайсковыя. Гэты перыяд яшчэ называюць школай маладога байца. Пачынаюцца першыя выпрабаванні: строгі рэжым дня, фізічныя нагрузкі, абмежаванні ў побыце. Кажуць, менавіта за гэтыя чатыры тыдні навабранцы ўсведамляюць, ці правільна зрабілі выбар будучай прафесіі. У гэты час адбываецца асноўны адсеў выпадковых людзей.
Аднак мой суразмоўца вытрымаў з годнасцю выпрабаванні, хутка прыедзе на працу ў родны горад. Наперадзе — вялікі шлях, які, я ўпэўнена, Андрэй пройдзе годна. Гэта адчуваецца і ў позірку, і ў час размовы.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.