Лепельская Ула была суднаходнай

Фота. Валера. Ула.Каля дванаццаці тысяч гадоў рака Ула (у народзе яе ласкава завуць Ульянкаю) нясе воды свае ў Заходнюю Дзвіну. Растаў апошні ляднік. Клімат на поўначы Беларусі стаў значна цяплейшы.

 

Паступова даліну ракі сталі засяляць першабытныя людзі, пранікаючы ў наш край з поўдня. Сёння цяжка сказаць, хто і калі назваў так раку. На гэты конт ёсць розныя тлумачэнні і меркаванні. Па адной з версій, у назве пэўны след пакінулі фіна-ўгорскія плямёны, якія засялялі Лепельшчыну задоўга да прыходу сюды балтаў. Слова “Ула” можа азначаць “лясны ручай” ці проста “вада”.
Ула заўсёды карміла людзей, што ўшчыльную засялялі яе берагі. Разам з прытокамі рака з’яўлялася гандлёвым шляхам. У ХІХ стагоддзі, з ростам лясной прамысловасці, яна набывае ролю транспартнай артэрыі. У гэты час Ула ўвайшла ў склад Бярэзінскай воднай сістэмы, якая злучыла басейны Чорнага і Балтыйскага мораў.
Афіцэры Генеральнага штаба Расійскай арміі ў Ваенна-статыстычным аглядзе Віцебскай губерні за 1852 год пісалі: “Рака Ула бярэ пачатак з Лепельскага возера, цячэ па Лепельскім павеце частымі невялікі згібамі з захаду на ўсход паміж стромкімі пясчана-гліністымі берагамі і лугавымі мясцінамі да возера Нюля. Паміж гэтым возерам і ракой збудавана водазатрымальная плаціна. Адсюль Ула цячэ сямнаццаць з паловай вёрстаў вялікімі згібамі ў тым жа накірунку, а далей робіць паварот на паўднёвы ўсход, даходзіць да Чашніцкага канала. Ад яго, абгінаючы мястэчка Чашнікі, крута паварочвае з поўдня на поўнач. Для скарачэння накірунку плавання па згібах ракі і быў пракапаны ўпамянуты вышэй канал. На ўсім працягу рака мае берагі большай часткай стромкія і гліністыя, берагавыя вышыні большасцю апрацаваныя і заселеныя. Уздоўж ракі вельмі многа лугоў.
Ад Чашніцкага канала Ула цячэ пяцьдзясят з паловай вёрстаў амаль прама на поўнач невялікімі згібамі паміж лугоў, зрэдку пакрытых сасновым лесам і кустоўем, да свайго ўпадзення пры мястэчку Ула ў Заходнюю Дзвіну.
Даўжыня ракі — дзевяноста восем вёрстаў. На ўсім працягу шырыня неаднолькавая. У нізкіх месцах у вясновы час Ула разліваецца ад 40 да 120 метраў, у гэты час глыбіня складае больш за 6 метраў.
Летам звычайна шырыня складае 2-3 метры. Цячэнне ракі даволі хуткае, дно пераважна пясчанае і месцамі камяністае. Паводка пачынаецца з красавіка і цягнецца да сярэдзіны мая. У гэты час адбываецца сплаў грузаў на барках і вялікіх лодках. У іншы час гэтыя судны праходзіць у Дзвіну не могуць і толькі ідуць плыты з будаўнічым і мачтавым лесам з Мінскай губерні. Суднаходства па Уле адбываецца таксама на лайбах, дашчаніках і трубавіках на ветразях, а калі супраць цячэння, то вяроўкамі да Лепеля”.
Як жа выглядалі судны, якія курсіравалі па Уле? Пра гэта распавядае падрабязна дзявяты том “Поўнага геаграфічнага апісання Расіі. Верхняе Падняпроўе Беларусі” пад рэдакцыяй В. Сямёнава. 1905 г. Барка ўяўляла сабой канструкцыю ад сарака да пяцідзесяці метраў даўжынёй і 14 — 16 метраў шырынёй, без даху і мачтаў. Будавалася з яловага лесу. У пярэдняй частцы меўся спецыяльны горан, на якім рабочыя гатавалі сабе ежу. За дзень судна праходзіла да васьмідзесяці вёрстаў. На барках перавозілі рознага кшталту грузы, пасля продажу якіх прадавалася таксама і само судна.
Лайбы і лодкі, сярэднія і малыя судны без даху з дзвюма будкамі (адной — для рабочых у пярэдняй частцы, другой — для гаспадара ў задняй), будаваліся з яловага лесу. Былі пласкадонныя і круглыя. Прыналежнасцю лайбы служыла мачта і ветразь. Рухаліся яны пры дапамозе вёслаў, шастоў і на ветразях. Хуткасць руху ў залежнасці ад надвор’я — 50 — 70 вёрстаў у дзень. Колькасць рабочых — ад двух да васьмі чалавек. Асноўныя грузы — вапна і камяні.
Дашчанік — пласкадоннае несамаходнае драўлянае судна з палубай ці паўпалубай і адной мачтай грузапад’ёмнасцю да двухсот тон. Назву судна атрымала таму, што рабілася поўнасцю з дрэва. З’яўляецца адной з самых старэйшых канструкцый рачных суднаў.
Пераважна па Уле плавалі плыты. Плыт складаўся з аднаго ці двух радоў калод. Колькасць радоў залежала ад памераў сплаўляемага лесу і колькасці вады. Ніжні рад калод заўсёды клалі ўпоперак, а верхні — уздоўж цячэння вады. 12 — 20 плытоў складалі гонку, у якой налічвалася ад 5 да 10 тысяч калод. На кожны плыт патрабавалася не больш за пяць чалавек, а таксама лодка. На кожнай гонцы меўся прыказчык, дубавікі, якія распараджаліся праводам плытоў, грабцы і рабочыя. Пры спрыяльных умовах гонка праходзіла ў дзень ад 50 да 60 вёрстаў. На начлег плыты заўсёды спыняліся ў найбольш адкрытых месцах, а ў выпадку непагадзі — дзе яе напаткалі.
Сплавам займаліся звычайна сяляне з прырэчных вёсак. Адным з такіх плытагонаў быў Даніла Аксяновіч з Зорніцы. Ганяў плыты ён на пачатку ХХ стагоддзя. Пачыналі вязаць асобныя бярвенні ў “лаўкі” (па некалькі штук) яшчэ на возеры Палік. Затым сплаўлялі да Улы, дзе састаўлялі “лаўкі” ў плыты і рухаліся ўніз па цячэнні. Далей шлях праходзіў па Заходняй Дзвіне ажно да Рыгі. Бліжэй да нізоўяў Дзвіны шлях станавіўся небяспечным з-за шматлікіх парогаў. Тады ў якасці лоцманаў выступалі мясцовыя плытагоны.
Перад Вялікай Айчыннай вайной суднаходства па Уле працягвалася, але яно не было такім інтэнсіўным, як у папярэдні час. Асноўным транспартным сродкам у гэты перыяд з’яўляліся баржы — вялікіх памераў лодкі, крытыя дашчаным дахам. На іх перавозіліся рознага кшталту грузы. Перамяшчалася баржа пры дапамозе коней, якія рухаліся па абодва берагі ракі. Фарватарам ракі служылі ўваткнутыя ў дно вешкі, якімі былі пазначаны водмелі. Дно Улы перыядычна ачышчалі ад камянёў, што заміналі руху.
Праз раку на ўсім яе працягу была наладжана паромная пераправа. Адзін з такіх паромаў дзейнічаў ля населенага пункта Харыніца, які ў пачатку дваццатага стагоддзя знаходзіўся недалёка ад вёскі Жэжліна. Будаўніцтва драўляных мастоў не апраўдвала сябе, бо з пачаткам крыгаходу мост зносіла. Гэта акалічнасць была ўлічана, калі ў другой палове 1930-х гадоў два супрацьлеглыя берагі ў лесе за вёскай Бораўна злучыў жалезны мост. Спецыяльна для гэтай мэты быў збудаваны высокі насып. У час мінулай вайны мост падарвалі партызаны. Яшчэ і сёння з вады тырчаць знявечаныя выбухам формы моста і чыгуначныя рэйкі.
Пасля вайны з развіццём чыгуначнага транспарту суднаходства на Уле адышло ў нябыт.
Валерый ТУХТА.
На здымку: пад час краязнаўчага падарожжа па Уле, ля падарванага моста.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.