Лінію вытворчасці ўласных грануляваных кармоў мяркуюць зманціраваць на робатызаваным комплексе ў лепельскім СВФ «Заазер’е»

IMG_9820Карэспандэнт завітаў у СВФ “Заазер’е”, каб акрэсліць асноўныя вынікі гаспадарання за мінулы год.
Паколькі галоўнай крыніцай даходаў з’яўляецца рэалізацыя малака, гэтай вытворчасці падпарадкаваны ўсе тэхналагічныя працэсы. У гаспадарцы ўтрымліваюцца 5085 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх — 1814 дойных кароў. Прычым назіраецца станоўчая тэндэнцыя на павелічэнне пагалоўя. Кожны год у сярэднім яно прырастае на дзесяць працэнтаў, а дойны статак за адзінаццаць месяцаў прырос на 324 каровы — на ўсе дваццаць працэнтаў.
Прырост — вынік рэгулярнай, планамернай селекцыйнай работы, якую вядуць заатэхніки Марына Каралевіч, Віктар Шаршнёў, Юлія Котава і іншыя. Усе цялушкі застаюцца ў гаспадарцы, іх гадуюць для паступовай замены выбракаваных кароў, для папаўнення дойнага статка. А вось бычкоў адкормліваюць, а потым рэалізуюць.
Юркоўшчынскі робатызаваны комплекс за суткі надойвае да 12 тон малака. А вось нядаўна пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю робатызаваны комплекс у Старым Лепелі пакуль што за суткі надойвае па пяць тон малака, а сукупны валавы надой “Заазер’я” — 26 тон. Акрамя комплексаў у Юркоўшчыне і Старым Лепелі малако дояць яшчэ на малочнатаварных фермах у Звяздзе і Ворані.
— Наколькі выгадна займацца вытворчасцю малака? — задаю пытанне дырэктару СВФ “Заазер’е” Аляксандру Быкаву.
— Вельмі выгадна. Рэнтабельнасць вытворчасці малака складае 21 працэнт. За месяц толькі ад рэалізацыі малака атрымана выручка да 3,8 мільярда рублёў. 21 працэнт ад гэтай сумы — наш прыбытак. Частка яго, амаль палова, ідзе на пагашэнне ўзятых раней крэдытаў, на якія і быў пабудаваны робатызаваны комплекс, праведзена рэканструкцыя іншых малочнатаварных фермаў. Астатняе накіроўваем на развіццё гаспадаркі, умацаванне вытворчай базы, набываем, напрыклад, запчасткі, рамантуем будынкі.
— Навошта ж браць крэдыты, укладваць іх у будаўніцтва комплексаў, каб потым значную частку прыбыткаў ад іх аддаваць?
— Гэта выгадна. Рэнтабельнасць вытворчасці малака на комплексе ў Юркоўшчыне дасягае 32 працэнтаў — вось так акупляюцца ўкладзеныя раней сродкі. Стары Лепель пакуль што не дасягнуў такіх паказчыкаў, таму што працуе адносна нядаўна. Там яшчэ не да канца сфарміраваны дойны статак. Аднак праца ідзе інтэнсіўна, пагалоўе сфарміравана на 95 працэнтаў. Хутка гэты комплекс выйдзе на праектную магутнасць, пачне ста­більна прыносіць прыбытак.
Аснова прадукцыйнасці малочнага статка — якасныя кармы. Назапасілі па 29,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. У першую чаргу гэта, канешне, сянаж і сілас.
Доўгі час збожжа засыпалася ў розныя склады, раскіданыя амаль па ўсёй немалой тэрыторыі гаспадаркі. Часта для захоўвання зерня выкарыстоўваліся прыстасаваныя памяшканні. З кожным годам намалоты прырасталі. Сёлета, напрыклад, атрымалі рэкордныя 8934 тоны пры ўраджайнасці 32,3 цэнтнера з гектара ў бункернай вазе. Таму было прынята рашэнне пабудаваць такое зернесховішча, каб у яго можна было б змясціць увесь ураджай, і нават з перспектывай росту. Вось так і ўзняліся ў Стаях чатыры сталёвыя вежы, якія здольныя прыняць да дзесяці тысяч тон збожжа.
У гэтым годзе мяркуюць пабудаваць лінію па вытворчасці грануляваных камбікармоў. Кожны месяц гаспадарка купляе па 150 тон камбікармоў, затрачвае на гэта да 600 мільёнаў рублёў. Здаецца, шмат, але замяніць камбікармы немагчыма, яны значна ўзбагачаюць рацыён кароў, павышаючы іх прадукцыйнасць. Калі ж жывёлу карміць проста змеленым збожжам, адразу знізяцца надоі.
Аснова камбікорму — збожжа, якое ў дастатковай колькасці вырошчваецца на заазерскіх палетках, толькі трэба дадаць прэміксы (спецыяльныя дабаўкі) і наладзіць грануляванне. Правялі папярэднія тэндарныя агляды прапаноў. Аказалася, што прыблізна за дзесяць мільярдаў рублёў можна набыць і ўстанавіць лінію па вытворчасці патрэбных камбікармоў. Затраціць спачатку гэтую суму, а потым — эканоміць сотні мільёнаў рублёў кожны месяц. Такім чынам лінія можа акупіцца за два-тры гады эксплуатацыі. Зманціраваць яе мяркуецца ў Стаях, побач з новым зернесховішчам, каб не вазіць збожжа здалёку, а падаваць яго транспарцёрамі.
Акрамя гэтага, плануецца рэканструяваць яшчэ адзін будынак старой фермы. Дарэчы, памяшканняў дастаткова, каб утрымліваць да дзвюх тысяч кароў, таму ёсць яшчэ рэзерв для нарошчвання статка. А вось для ўтрымання маладняку варта было б пабудаваць яшчэ адну ферму галоў на 500 — 600. Але гэта пакуль што больш аддаленая перспектыва.
Асноўны рэсурс для выканання ўсіх планаў і задум — гэта людзі, працоўны калектыў.
— За гады працы ў нас склаўся дружны, зладжаны калектыў, — расказвае Аляксандр Быкаў. — На сёння мінімальныя заробкі ў два мільёны рублёў маюць хіба што вартаўнікі ды механізатары, задзейнічаныя на рамонце тэхнікі. Калі ж яны працуюць пры фермах, то заробак узрастае ўдвая. Даяркі, дакладней — аператары, на фермах і комплексах атрымліваюць у залежнасці ад надояў ад трох да шасці мільёнаў рублёў. А калі пачынаюцца вясенне-палявыя работы, заробкі ўзрастаюць яшчэ больш. Вядома, працаваць даводзіцца ад рання да змяркання, затое ў грашовым эквіваленце нават паўтары тысячы долараў у нас можна зарабіць. І не трэба ездзіць на заробкі далёка, рызыкаваць. Таму ў нас працуюць толькі мясцовыя работнікі, ніякіх прыезджых.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: аператар Людміла Жарнасек.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.