Людно было вечером в Полсвижской библиотеке

20170512_112000Людна было ўвечары перад выхаднымі ў Поўсвіжскай сельскай бібліятэцы. У госці да паўсвіжан меліся прыехаць самадзейныя артысты з Лепеля. Пра візіт ведалі загадзя, тым не меней загадчыца бібліятэкі Людміла Сільвановіч не стала рызыкаваць, яшчэ апоўдні села на веласіпед і паехала па падворках. Хацелася персанальна запрасіць на канцэрт кожнага са сваіх заўсёднікаў. А ў аграгарадку прыхільнікаў культурнага адпачынку ў бібліятэцы набярэцца больш як два дзясяткі чалавек. Каб пералічыць усіх, пальцаў на абедзвюх руках не хопіць. Людміла Андрэеўна ахвотна прыгадвае найбольш актыўных сваіх памагатых і хаўруснікаў па шматлікіх бібліятэчных мерапрыемствах: Аляўціна Атрашкевіч, Марыя Міхно, Раіса Грамыка, Роза Кокатава, Вера Ганчар, Надзея Жыгунова, Тамара Жалейка, дзве Таццяны Яско — Феліксаўна і Фёдараўна. Ды хіба ўсіх пералічыш?! Адны жанчыны. У мужыкоў іншая цікавасць, ды і ці так шмат іх засталося ў Поўсвіжы.
Яна запрашала, жанчыны згодна ківалі галовамі і вінавата ўсміхаліся. За тымі ўсмешкамі чулася: “Ды хіба ж нам, Андрэеўна, персанальныя запрашэнні патрэбны? Ведаеш жа, што і так прыйдзем, навошта было турбавацца”.
Турбавалася Андрэеўна, дарэчы, нездарма. Па-першае, ведала, што сезон пасяўны. Каб хто там увечары ў градках не схаваўся ды не забыўся. Па-другое, артысты прыязджаюць упершыню. Трэба стварыць добрае ўражанне. Госці шаноўныя, хай часцей заязджаюць.
Госці — з раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Там працуе аддзяленне для пажылых людзей. Пажылых — толькі тое слова. Людзі туды ходзяць актыўныя, душою маладыя, няўрымслівыя. Хлебам іх не кармі — дай паспяваць, патанчыць, трапным дасціпным словам пацешыць-павесяліць. Хлебам іх тут ніхто карміць і не збіраецца, а вось чаёк з рознымі салодкімі прысмакамі абавязкова трэба — і душу пацешыць, і страўнік улагодзіць, і добрым словам за добрай бяседаю перакінуцца.
Тым часам самадзейныя артысты ехалі ў Поўсвіж упершыню і, прызнацца, хваляваліся. Не за рэпертуар, вядома. Звыклыя песні ў іх ужо даўно ад зубоў адскокваюць, у танцах самі ногі кружацца. А хваляваліся, хаця б спадабацца гледачу, хаця б той глядач прыйсці сабраўся. Гэта ж табе не горад, дзе не той, дык гэты падыдзе. Тут, у вёсцы, той не прыйшоў, у гэтага не атрымалася — і весялі потым сябе самога ў пустой ці паўпустой зале.
Ехалі ў Поўсвіж заўсёднікі і актывісты сцэны Алена Нагулян, Таіса Хацкевіч, Галіна Корасціна, Тамара Селістроўская, Людміла Мартыновіч, Ала Весялова, Марыя Горбач, а таксама валанцёры Раіса Зеляноўская, Анжэла Седзіна. З маладзейшых — Марыя Буракова ды Арцём Марчанка, якія будуць абслугоўваць канцэрт па часці апаратуры ды музычнай апрацоўкі.
Прыехалі лепяльчане і ахнулі: зала паўнюткая, яблыку няма дзе ўпасці. Ды няхай і не падае той яблык раздору. Тут будуць панаваць сямейны лад і гармонія. Нездарма ж і музычна-тэатральны гурток іх “Гармоніяй” завецца, а сустрэча адбываецца з нагоды добрага свята — Дня сям’і.
Ад сэрца адлягло. Пасля кароткага ўступнага слова бібліятэкаркі пра сям’ю пачаліся спевы і танцы. Спявалі не на сцэне, бо ў бібліятэцы такой няма, а за круглым сталом, які аб’яднаў у імгненне душы і артыстаў, і гледачоў. Спявалі і пра вайну, і пра Перамогу, і сучасныя песні — тое, што на душу легла. Чыталі байкі, вершы, гумарэскі. Прынамсі, Ала Весялова распавяла сваю традыцыйную байку “Пра козліка”. А пасля пусціліся ў скокі — танчылі “Падыспань” і “Кракавяк”. І так весела зрабілася, так хораша стала на душы, што і не заўважалі, як ляцеў час. “На пасашок” уселіся за кубак чаю, пакаштавалі поўсвіжскіх прысмакаў, пагутарылі ў цесным сямейным коле.
Вельмі спадабалася ўсім. Дамовіліся, што гэтая сустрэча першая, аднак не апошняя. І яшчэ абавязкова прыедуць лепяльчане ў Поўсвіж, каб наладзіць свята для душы.
Людзі ў вёсках штосьці замаркоціліся. Паболей бы ім падобных сустрэч і прыгожых святаў.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: у сямейнай атмасферы ў Поўсвіжскай бібліятэцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.