Мастера Лепельского хлебозавода испекли два больших каравая

m-8Спецыяльна для ўдзелу ў свяце працаўнікоў вёскі Дажынкі-2018 у Верхнядзвінску майстры Лепельскага хлебазавода выпеклі два вялікія караваі. На здымку — начальнік лабараторыі Вольга Падабед, пекар хлебабулачнага цэха Мая Лябік, кандытар Ірына Міснік і інжынер-тэхнолаг Юлія Герасім. Жанчыны спачатку некалькі дзён думалі над галоўнай ідэяй вырабаў. З аднаго боку, трэба ўславіць хлебаробскую працу, якая ёсць асновай дабрабыту. Яна цяжкая, але ж і плённая. З другога боку, трэба караваі зрабіць адметнымі, запамінальнымі. Таму і было вырашана спячы два вырабы.
Першы сімвалізуе багацце, заможнасць, якія дае хлеб. Другі — Лепельшчыну. Багацце нашага краю — азёры і рэкі. Вось рэчка ўецца паўз лясы і курганы. Над вадой узвышаюцца султаны чароту, а з віроў вынырнуў Цмок Лепельскі, каб павітаць сяброў.
Задума ёсць, цяпер справа за выкананнем. Жанчыны не спалі амаль усю ноч, стараліся паспець зрабіць усё своечасова. Замешвалі цеста, рыхтавалі ўпрыгожванні, яшчэ і яшчэ раз прадумвалі агульную кампазіцыю.
Калі на хлебазавод прыехаў аўтар гэтых радкоў, прыгатаванне толькі-толькі скончылася, караваі выстаўлены на стол у актавай зале. Каб шаноўны чытач меў уяўленне аб маштабах працы, назаву толькі адну лічбу: кожны каравай важыць каля 30 кілаграмаў!
Стомленыя, але задаволеныя Вольга Мікалаеўна, Мая Уладзіміраўна, Ірына Віктараўна і Юлія Вячаславаўна з гонарам дэманструюць вынікі сваёй працы.
Тэкст і фота В. МАТЫРКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.