Молодые воины Лепельщины поклялись на верность Родине

img_4774 Мінулая субота стала незабыўным днём для соцень маладых навабранцаў, прызваных на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Ва ўсіх ваенных часцях нашай краіны маладыя салдаты ўрачыста прачыталі радкі клятвы бездакорнай службы Рэспубліцы Беларусь. Мы ж у гэты дзень пабывалі ў 19-й асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгадзе, якая дыслакуецца ў вёсцы Заслонава.

img_4741…На пляцы выстраіліся стройныя шарэнгі ўдзельнікаў мерапрыемства — афіцэраў, прапаршчыкаў і салдат. Пад бадзёрыя гукі духавога аркестра на пляц выходзяць прадстаўнікі сцягавай групы. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь. І вось пачынаецца важны і хвалюючы момант. Маладыя салдаты адзін за адным выходзяць са строю бадзёрым крокам і пачынаюць чытаць ужо добра вядомыя радкі: ”Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся…” Намеснік камандуючага войскаў Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Уладзімір Кулажын, старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч і іншыя ганаровыя госці брыгады падыходзілі да салдат, выказвалі ім шчырыя словы віншаванняў і цвёрда, па-мужчынску паціскалі руку.
img_4701За невялікі час знаходжання ў арміі ўчарашнія юнакі пасталелі, набылі асаблівую цвёрдасць, рашучасць і адказнасць. Не выпадкова служба ва Узброеных Сілах з’яўляецца школай сапраўдных мужчын. Бацькі з гонарам паглядаюць на сваіх сыноў, многія ж матулі, сёстры і каханыя не хаваюць шчырых слёз радасці…
—Быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь — гэта значыць, быць сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы — смелым, бясстрашным воінам, надзейным абаронцам Айчыны, чалавекам, які адказвае за свае справы і ўчынкі. Менавіта гэтыя якасці вы атрымаеце ў час праходжання службы ва Узброеных Сілах. Тут вы пройдзеце выдатную фізічную падрыхтоўку, выпрацуеце баявое майстэрства, вынослівасць і ўменне прымаць правільнае рашэнне ў складаных сітуацыях. Служба ў арміі — гэта вельмі важны этап у жыцці кожнага мужчыны. Няхай жа ён будзе паспяховы, а вашы адказныя справы стануць сапраўдным гонарам для вашых родных і блізкіх, — адзначыў у час урачыстага віншавання з трыбуны намеснік камандуючага войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Уладзімір Кулажын.
Шчырыя словы віншаванняў з нагоды незабыўнай падзеі маладым воінам выказаў таксама старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч. Цёплыя словы ў адрас навабранцаў прагучалі і з вуснаў першага сакратара раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Ульяны Бых. Цёпла прывітаў усіх удзельнікаў мерапрыемства старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” капітан у адстаўцы Віталь Франчук. Вельмі чулым і пранікнёным было выступленне маці маладога прызыўніка Валянціны Рыжанковай. Абяцанне добрасумленна выканаць свой грамадзянскі абавязак даў радавы В.Рыжанкоў. Ад душы павіншаваў воінаў з важнай падзеяй у жыцці і прачытаў пранікнёныя словы малітвы за паспяховае нясенне службы кіраўнік Віцебскай епархіі па ўзаемадзеянні з ваеннымі часцямі Віцебскай вобласці, святар Генадзь. Калісьці ён сам праходзіў тэрміновую ваенную службу ў 19-ай асобнай Гвардзейскай механізаванай брыгадзе, а зараз тут служыць сын святара.
Яркім момантам мерапрыемства стала праходжанне стройным маршам ваеннаслужачых брыгады. Прыемна было назіраць, як пад бадзёрыя гукі аркестра размераным крокам адзін за адным ішлі стройныя калоны ваеннаслужачых. Упэўнена ўслед за імі прайшлі і маладыя навабранцы.
Прыемна было даведацца, што сярод маладых салдат, прызваных на службу ў 19-ю асобную Гвардзейскую механізаваную брыгаду, ёсць чацвёра жыхароў Лепельшчыны. Сёлетнімі навабранцамі сталі Дзмітрый Стэльмах, Артур Борак, Павел Кавалёнак і Мікалай Сянькевіч.
Дзмітрый, Артур і Павел набылі спецыяльнасць тэхніка-будаўніка ў Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы, а Мікалай да прызыву на службу скончыў Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй, дзе набыў спецыяльнасці муляра, будаўніка, слесара і вадзіцеля, а затым вывучыўся на тэхніка-механіка, майстра вытворчага навучання ў Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы. Набытыя тэарэтычныя веды Мікалай замацаваў на практыцы — некаторы час працаваў тэхнічным майстрам у Лепельскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы.
— Што вас асабліва ўразіла ў першыя дні праходжання службы ў арміі? — пытаюся ў хлопцаў.
—Вельмі цікавымі былі стрэльбы на палігоне, страявая падрыхтоўка, праходжанне страявым маршам з песнямі, — расказвае Дзмітрый. — На ўсё жыццё запомніцца загад у шэсць гадзін раніцы “Рота, пад’ём!”.
— Вельмі цікавыя вучэбныя заняткі па стральбе з ваеннай тэхнікі, шмат карыснай інфармацыі атрымалі на занятках па пажарнай бяспецы, ідэалагічнай рабоце, цікавыя гутаркі з псіхолагам, — дадае Артур.
— Мне таксама запомніліся стрэльбы, капанне акопаў, разнастайныя заняткі, — кажа Павел. — Спачатку было нязвыклым, а потым хутка прывык да таго, што і ў сталовую, і ў лазню мы ідзём з песняй. Наогул, для салдат у 19-й асобнай механізаванай брыгадзе створаны выдатныя ўмовы — арганізавана выдатнае трохразовае харчаванне, заняткі і адпачынак праходзяць у прасторных абноўленых памяшканнях, асаблівы парадак створаны на тэрыторыі часці.
— Лічу, што служба ў арміі — вельмі важны і неабходны этап у жыцці кожнага мужчыны, паколькі менавіта тут выпрацоўваюцца мужчынскія якасці характару, — адзначае Мікалай. — Служба ў арміі — гэта школа мужнасці і адвагі.
— Няхай жа будзе паспяховы ваш нялёгкі армейскі шлях, — ад душы жадаю маладым воінам. — Служыце на славу, нашы дарагія, а мы вас абавязкова дачакаемся!
Святлана ВАЗНЯК.
На здымках: маладыя воіны Лепельшчыны (злева направа) Дзмітрый Стэльмах, Мікалай Сянькевіч, Павел Кавалёнак і Артур Борак. Мікалай Сянькевіч; бадзёрым крокам ідуць салдаты

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.