На запад шел через Лепель

img_8720 Еду ў Валову Гару на сустрэчу… з маленствам. Хвалююся ўсю дарогу, як ужо даўно не хваляваўся. Дзіва што! Мне здаецца, што вось-вось пабачу… бацьку — жывога. І адразу святлее на душы. Выходзіць, ён, бацька мой, мог яшчэ жыць. Тут я, вядома, крыху  нафантазіраваў і накруціў сябе. Зразумела ж, усё не так. Проста еду да ветэрана вайны, які, як і бацька, абараняў Маскву.

Фантастыка! Яны — аднагодкі і, магчыма, нават у адны і тыя ж дні пайшлі на вайну, і з аднаго ваенкамата, і на фронт трапілі амаль у адзін і той жа час. Проста лёсы ў іх розныя. Адзін дайшоў да Шаўляя і скончыў вайну ў сорак пятым, а другі — толькі да Серпухава і стаў інвалідам у сорак другім… Адзін вунь саджае бульбу, а другі… Я ўжо амаль забыўся пра свайго бацьку жывога. Абодвум зараз дзевяноста шэсць гадоў. Аднаму — ёсць, а другому было б… Розныя лёсы.
Еду ў Валову Гару на сустрэчу з… цудам. Бо дзе вы яшчэ пабачыце на агародзе з рыдлёўкаю двух людзей, аднаму з якіх дзевяноста сёмы, а другой восемдзесят дзявяты. Маладым, якія лянуюцца бульбіны пасадзіць, — ну, проста з сораму згарэць!
Еду і любуюся краявідамі — рэчанькай, што падзяліла вёску на дзве паловы. Васіль Мікітавіч пасля ў размове заўважыць, што калі ён сюды прыехаў, было чатыры метры глыбіні. А рыбы! А ён рыбак. Лесам любуюся хваёвым, ад якога так вольна дыхаецца. Ну і хараство тут! І хачу я зразумець, што з гэтага хараства саслужыла службу жыццядайнай сілы, якая дала герою маёй сённяшняй нататкі гэтакі доўгі век і гэтакае добрае здароўе. А ці ўсё разам! Мабыць, тое, што ён прыехаў у гэты край і палюбіў яго моцна-моцна на ўсё астатняе жыццё.
Прыехаў Васіль Акулёнак з Магілёўшчыны. Бацькі жылі ў Стрыкелях. Гэта Горацкі раён. Бацька працаваў на лесапільні ў Александрыі — яшчэ да імперыялістычнай вайны. А на выхадныя хадзіў пешшу дадому дваццаць кіламетраў. Затым пайшоў на “першую нямецкую” вайну — і трапіў у палон. Чатыры гады катаргі на вугальных шахтах у Германіі. Дадому не пісаў — не спадзяваўся вярнуцца жывым, голад быў страшны. Нарэшце сябры ўгаварылі — і ён напісаў ліст дадому. А ў адказ пасыпаліся амаль штодзённыя прадуктовыя пасылкі. Цікава, што іх прымалі ў Германіі. А яшчэ цікавей, што ў сям’і, у якой раслі трое дзяцей, было што слаць. І Мікіта выжыў. На чацвёрты год ён перайшоў на працу да баўэра, а ў дваццатым адпусцілі дадому. Прыйшоў і дом пабудаваў на ўскрайку вёскі.
-2-
Шмат цікавых фактаў і ў біяграфіі яго сына Васіля Мікітавіча Акулёнка. У 20 — 30 гады вучыўся ў сямігодцы, што месцілася ў новым будынку. Трыста вучняў было. А восьмы — дзясяты класы заканчваў у школе пры… сельскім савеце. Затым — настаўніцкія курсы ў Оршы і размеркаванне на Лепельшчыну.
З Валовай Гары сыходзіў у войска настаўнік Гайдукоў, ён і прывёз сабе замену. У саракавым прыйшоў Васіль Мікітавіч у школу. Вось у той час і быў гэты канал чыстым, глыбокім і рыбным. А ў сорак першым, ледзьве скончыўся навучальны год, забіраюць і яго, Васіля, у армію. І накіроўваюць у Калінін на авіяцыйную базу Мігалава, за дваццаць тры кіламетры ад цэнтра, на аэрадром.
Восем чалавек там было. З іх двое беларусаў, другі — Ганчароў. Васіль стаяў на варце і гэтак спадабаўся начальству, што аб’явілі падзяку і пакінулі тут назусім.
Так ён стаў байцом 650-га Асобнага батальёна сувязі 15-й Паветранай арміі 62-га раёна авіяцыйнага базіравання. Усю вайну праслужыў лінейным падглядчыкам у званні радавога і яфрэйтара. Ваяваў на Паўночна-Заходнім, Калінінскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх, Ленінградскім франтах. На захад ішоў праз Лепельшчыну. Узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Масквы”, “За Перамогу над Германіяй” і шэрагам юбілейных.
Ва ўзнагародным лісце да медаля “За баявыя заслугі”, якім ён быў адзначаны ў маі сорак пятага, паведамляецца, што “яфрэйтар Акулёнак абслужыў звыш пяцісот кіламетраў тэлефонна-тэлеграфных ліній, забяспечыў сувяззю звыш шасцідзесяці часцей — тэлефонныя лініі працягласцю звыш дзесяці і болей кіламетраў, якія звязвалі штабы часцей з вышэйшымі злучэннямі. Пры рабоце авіяцыі днём і ноччу знаходзіўся на лініях, мужна працаваў і па калена ў снезе — зімою, і па пояс у вадзе — увесну”.
-3-
А за скупымі радкамі дакумента — жыццё. І не бывае на вайне спакойнай службы. А перадавая праходзіла праз сэрца кожнага байца, што набліжаў Перамогу. І смерць падпільноўвала на кожным кроку.
— Пад Калінінам нас бамбілі днём і ноччу, — распавядае Васіль Мікітавіч, адставіў убок рыдлёўку і прысеў на лавачку ля хаты адпачыць. — Заступіў я на дзяжурства, раптам бачу на захадзе сонца над лесам дзевяць варожых знішчальнікаў. І зеніткі нашы іх прапусцілі. І ў кожным — па дзе гарматы. Як пачаўся абстрэл аэрадрома! А ў нас тут груз ляжаў для армій у акружэнні і партызан. Там усё, нават выбухоўкі. Калі б патрапілі — усё б паляцела ў паветра. Я за самалёт схавацца, а перада мной чарга. Білі якраз па гэтым самалёце. Упаў і ляжу. Думаю, ці жывы я…
Другім разам абслугоўваў сувязь у штабе палка. Чуем: касетная бомба над зямлянкай нашай вухнула. Бяру ліхтарык, выходжу, заўважаю, што касета раскрылася і міны неўзарваныя валяюцца. І прыкладна паўсотні нашых правадоў як нажом парэзала. Дакладваю камроты, а той: “Каб да зыходу дня ўсё было ўзноўлена”.
Аднойчы ледзьве не стаў Акулёнак старшыною. Прыслалі новага камандзіра часці, а той аказаўся земляком — з Беларусі. Вялікая ўдача сустрэць на фронце земляка. Пазнаёміліся, пасябравалі. Хацеў той уладкаваць Васіля на пасаду старшыны, ды не паспеў, перавялі на іншы ўчастак. Мо яно і да лепшага. У войску кажуць: чысты пагон — чыстае сумленне.
А смерць сапраўды пільнавала. Сярэдзіна вайны. Прыбываюць байцы на чыгуначную станцыю. Суседзяў бамбяць, раптам два варожыя самалёты разварочваюцца і ляцяць у іх бок. “Ну, хлопчыкі, зараз нам будзе!” — кажа Васіль. І праўда. Чатыры бомбы скінулі, затым яшчэ чатыры. Адна трапіла наўпрост у будынак, дзе яны знаходзіліся. Павыбівала рамы, узарвала столь. Васіля адкінула ў кут. Абмацвае сябе і не верыць — цэлы.
-4-
І так за ўсю вайну — ні ранення, ні кантузіі. Лёс.
Ёсць у чалавека прадвызначанасць. Відаць, трэба было, каб вярнуўся яфрэйтар Акулёнак з вайны ў сорак пятым, каб зноў прыехаў настаўнічаць у Валову Гару, каб пабудаваў тут школу і хату сабе, каб жаніўся на мясцовай дзяўчыне, каб займеў сям’ю, дзяцей, дачакаўся ўнукаў, каб трыццаць з лішкам гадоў вучыў тут дзетак разумнаму, добраму, вечнаму. Доўгі век — гэта таксама місія на зямлі.
Сваю першую жонку Ірыну Васіль перажыў. Сышліся на старасці з Ганнай, Ірынінай сваячкай. Разам лягчэй і цікавей корпацца на агародзе. Разам цікавей жыць. А зрэшты, жыць у любым узросце цікава. І сядзім мы на лавачцы з амаль стагадовым дзядулем, бацькавым равеснікам, якому, між іншым, і васьмідзесяці не дасі. Рухавы, гаманкі, з цвярозым розумам і на цвёрдых нагах, адукаваны, разумны, цікавы суразмоўца. Што ж дало гэтаму чалавеку такую жыццядайную сілу? Зямля, якую ён абараніў ад ворага, палюбіў усёй душою і якой не здрадзіў.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Васіль Мікітавіч Акулёнак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.