На заседании Лепельского райисполкома рассмотрен вопрос о пенсионном обеспечении

598ac7c36a126Шэраг актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага горада і раёна быў разгледжаны на чарговым пасяджэнні райвыканкама. Першае пытанне “Аб захоўванні кіраўнікамі арганізацый патрабаванняў заканадаўства аб пенсійным забеспячэнні” асвяціла ў сваім выступленні начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марына Іназемцава:
— Дзяржаўнае пенсійнае забеспячэнне застаецца прыярытэтным накірункам у дзейнасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, паколькі ім ахоплена трэцяя частка жыхароў раёна, — адзначыла Марына Аляксандраўна. — Сацыяльнае ж самаадчуванне пажылых людзей напрамую залежыць ад асноўнай крыніцы даходаў — пенсіі. Таму вельмі важнымі аспектамі з’яўляюцца фінансавая ўстойлівасць пенсійнай сістэмы і рост пенсійных выплат з улікам павышэння жыццёвых стандартаў. Сёлета тройчы пералічваліся мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да пенсій у сувязі са змяненнем бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (люты, май, жнівень), а таксама ў маі, жніўні — па рашэнні кіраўніка дзяржавы ў сувязі з ростам сярэдняй зарплаты, якая прымяняецца пры прызначэнні і пераразліку працоўных пенсій.
Сярэдні памер пенсій у раёне ў верасні бягучага года складае 345,13 рубля (у мінулым годзе — 285,69 рубля), па Віцебскай вобласці — 358,79 рубля, а па рэспубліцы — 364,2 рубля.
Расходы на выплату пенсій і дапамог за дзевяць месяцаў бягучага года складаюць 28,5 мільёна рублёў, за мінулы год — 35 мільёнаў рублёў.
На ўліку ва Упраўленні па стане на першага кастрычніка бягучага года знаходзіцца дзевяць тысяч 265 чалавек (у мінулым годзе — дзевяць тысяч 421 грамадзянін), якія атрымліваюць пенсіі. За тры кварталы бягучага года Упраўленнем прызначана 226 новых пенсій (у мінулым годзе — 254 пенсіі за аналагічны перыяд, змяншэнне склала на 12 працэнтаў). Наймальнікамі сёлета прадстаўлена 128 пенсій, у той час як за аналагічны перыяд мінулага года іх было 220, змяншэнне склала 42 працэнты.
З мэтай рэалізацыі правоў грамадзян на дзяржаўнае пенсійнае забеспячэнне, як гэта прадугледжана дзеючым заканадаўствам, Упраўленне аказвае метадычную дапамогу ў выглядзе навучальных семінараў, стажыровак адказных прадстаўнікоў працадаўцаў і сустрэч з працоўнымі калектывамі.
Так, сёлета спецыялістамі Упраўлення быў праведзены адзін семінар на тэму “Актуальныя пытанні пенсійнага забеспячэння”, у якім прынялі ўдзел 42 чалавекі. Сёлета праведзены дзевяць сустрэч тэматычных сустрэч з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Лепельскага раёна, па асобным графіку. Адбылося шаснаццаць стажыровак з работнікамі, адказнымі за падрыхтоўку дакументаў для прызначэння пенсіі ў арганізацыях, у адрас працадаўцаў накіраваны два інфармацыйныя пісьмы (40 рассылак).
З мэтай правядзення растлумачальнай работы па пытаннях пенсійнага забеспячэння Упраўленнем за дзевяць месяцаў бягучага года дадзена 587 кансультацый, праведзена чатыры тэлефонныя лініі. Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама ўваходзяць у склад інфармацыйных груп, у актуальным стане падтрымліваецца інфармацыя на сайце ўпраўлення.
Вынікам планамернай работы з’яўляецца тое, што за тры кварталы бягучага года 84 працэнты ад агульнай колькасці дакументаў, прадстаўленых для прызначэння пенсій, працадаўцамі падрыхтавана і накіравана ў поўным аб’ёме.
Аднак яшчэ не на належным узроўні работа па прадастаўленні дакументаў у поўным аб’ёме для прызначэння пенсій наладжана ў Лепельскім раённым вузле паштовай сувязі, філіяле “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, ААТ “Лепельаграсэрвіс”, дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы, КУВП “Бароўка”, дзяржаўнай установе “Лепельскі ваенны санаторый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь”, ДП “Лепельская ПМК-75”, адкрытых акцыянерных таварыствах “Чарэйшчына”, “Ладасна”, ДЭУ №37, ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя” і ДЛГУ “Лепельскі лясгас”.
Маюць месца выпадкі адмаўлення ў прызначэнні працоўных пенсій. Сёлета аформлена сем адмоўных спраў, у тым ліку пяць — па прычыне адсутнасці агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту ў бягучым годзе, дзве — па прычыне адсутнасці патрэбнага працоўнага стажу.
Неабходна звярнуць увагу, што падрыхтоўка працадаўцам дакументаў, патрэбных для прызначэння пенсіі, у поўным аб’ёме і своечасовае прадстаўленне работнікаў да пенсіі дазваляе скараціць тэрміны прызначэння пенсій і паскорыць яе атрыманне. Адпаведна, гэта садзейнічае скарачэнню колькасці зваротаў грамадзян па пенсійных пытаннях.
На кожным прадпрыемстве ёсць спісы асоб, якія ідуць на пенсію ў бягучым годзе і бліжэйшыя два-тры гады, вядзецца журнал рэгістрацыі заяў і прадстаўленняў да прызначэння пенсій. Наймальнік абавязаны ажыццяўляць папярэднюю падрыхтоўку дакументаў для прызначэння пенсій на працягу года для набыцця работнікам права на пенсію.
Адказны ж прадстаўнік наймальніка павінен аказваць дапамогу работніку ў падрыхтоўцы па ўсіх перыядах работы і за месяц да набыцця ім права на пенсію паведаміць аб магчымасці звароту за пенсіяй. Аднак не заўсёды поўна і якасна рыхтуюцца дакументы, неабходныя для прызначэння пенсіі, работнікам не паведамляецца ва ўстаноўлены тэрмін аб праве на пенсію. З-за таго, што адказным работнікам сабраны не ўсе належныя дакументы, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аказваецца садзейнічанне ў накіраванні запытаў для атрымання неабходных для прызначэння пенсій дакументаў, што вядзе да павелічэння тэрмінаў іх прызначэння і, адпаведна, адцягвае дату атрымання першай пенсіі мінімум на месяц.
Сярод дакументаў, якіх не хапае, — даведкі аб стажы і заробку за перыяд работы ў рэспубліках былога СССР, даведкі аб зарплаце, знаходжанні ў дэкрэтным водпуску і г.д.
Сустракаюцца таксама і выпадкі, калі ў прадстаўленых даведках аб заработнай плаце сумы выплат адпускных і бальнічных не разбіваюцца па месяцах, няправільна падлічваецца выніковая сума па гадах, сума зарплаты ў жніўні 1994 года ўключаецца без уліку дэнамінацыі. Такія памылкі мелі месца пры складанні даведак аб заробку ў адкрытых акцыянерных таварыствах “Лепельаграсэрвіс”, “Ладасна”, “Чарэйшчына”, КУВП “Бароўка” і Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжы.
Не ўсе працадаўцы належным чынам вядуць улік рабочага часу занятасці ў асобых умовах працы, у рахунках нельга ўбачыць колькасць адпрацаваных дзён. Табелі па ўліку рабочага часу не запоўнены належным чынам (не ўказваецца колькасць рабочых дзён з асобымі ўмовамі працы, не паказана колькасць дзён, калі за работнікам ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку захоўвалася заработная плата), адсутнічаюць пералікі дакументаў, якія могуць быць выкарыстаны для пацвярджэння права работнікаў на льготнае пенсійнае забеспячэнне. Па гэтых прычынах няма магчымасці ўстанавіць і пацвердзіць дакументальна занятасць работніка ў асобых умовах працы на працягу ўстаноўленай працягласці. Так, у мінулым годзе аформлена адна адмоўная справа — па прычыне адсутнасці першасных дакументаў на прадпрыемстве, якія пацвярджаюць асобыя ўмовы працы (СВФ “Заазер’е”, трактарыст-машыніст). У 2016 годзе была адна адмоўная справа па прычыне адсутнасці атэстацыі рабочага месца на некалькіх прадпрыемствах: саўгас “Грыгаравічы”, КУПМС “Лепельскае ПМС” і філіял “Дражна” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”.
Для прызначэння пенсій па ўзросце за работу з асобымі ўмовамі працы неабходным дакументам з’яўляецца заключэнне аб правядзенні атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы, паколькі са студзеня 1992 года льготны стаж вылічваецца зыходзячы з вынікаў атэстацыі рабочых месцаў.
Абмяркоўваючы пытанне захоўвання кіраўнікамі арганізацый патрабаванняў заканадаўства аб пенсійным забеспячэнні, старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч адзначыў аб неабходнасці кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна своечасова прадастаўляць дакументы, патрэбныя для налічэння пенсій, ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. У адваротным жа выпадку да кіраўнікоў будуць прымяняцца строгія меры дысцыплінарнай адказнасці.
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.