Надзея ўспамінае, як бацька казаў, што на гэтым ордэне ёсць яго кроў

123Час ад часу Фама Дзёмка распавядаў сваім дзецям пра вайну. Уважліва слухалі бацьку не толькі двое сыноў, Уладзімір і Віктар, але і дачка Надзея. Было тое ў далёкім дзяцінстве, якое прайшло ў невялікай запаведнай вёсачцы Стайск, дзе жыла іх сям’я.

Многае сцерлася з памяці. Аднак і зараз, калі гаворка заходзіць пра падзеі мінулай вайны, Надзея Фамінічна адразу ўспамінае бацьку. Самай дарагой для яго ўзнагародаю быў ордэн Чырвонай зоркі. Яго і зараз старанна захоўвае дачка.
Надзея ўспамінае, як бацька казаў, што на гэтым ордэне ёсць яго кроў. І насамрэч, чырвона-рубінавая эмаль, якой пакрыты промні пяціканцовай зоркі, нагадвае застылыя кропелькі крыві…
Фама Дзёмка прайшоў па вайне пехам доўгія чатыры гады. За гэты час быў тройчы паранены, адно раненне — цяжкое. Ён адзін з нямногіх, хто здолеў ацалець у тым пекле і вярнуцца дадому. Таму словы пра крывёй акроплены ордэн, якія на ўсё жыццё запомніліся дачцэ, не проста метафара…
Позва ў Чырвоную армію застала Фаму на полі ў калгасе. Было тое ў маі 1941 года. Да пачатку вайны заставаўся роўна месяц. Вайсковыя зборы праходзіў на Украіне, там жа ў чэрвені прыняў свой першы сапраўдны бой.
Ваенную геаграфію Фамы Дзёмкі можна прасачыць па Чырвонаармейскай кніжцы — Варонежскі, Стэпавы, 2-гі і 3-ці Украінскія франты. Увесь час на перадавой, у дзеючай арміі. Паміж скупых радкоў дакумента чытаецца сама суровая праўда вайны. Найбольш рубцоў і шрамаў ад куль і асколкаў пакінулі сорак другі і сорак трэці гады. Па некалькі месяцаў праводзіў баец у шпітальных палатах. Гэта былі адзіныя “прабелы” ў франтавой біяграфіі Фамы. Пасля чарговага ранення — зноў на фронт. Першая ўзнагарода знайшла свайго героя толькі ў пачатку 1945 года: медаль “За баявыя заслугі”, у прадстаўленні да якой напісана: “У баях з нямецкімі захопнікамі мае тры раненні”.
Наступныя дзве — ордэн Чырвонай Зоркі і медаль “За адвагу” — камандзір сапёрнага аддзялення яфрэйтар Дзёмка атрымаў за баі ў Венгрыі ў сакавіку 1945 года. Калі наступленне войскаў каля вёскі Куташ спынілі мінныя палі, за справу ўзяліся сапёры. Некалькі дзён пад моцным варожым агнём здымалі нямецкія міны. Больш за сотню з іх на рахунку Фамы Дзёмкі.
Родны брат Арцём, старэйшы амаль на дзесяць гадоў, пад мабілізацыю 1941 года не трапіў. Таму быў прызваны ў армію толькі ў 1944 годзе. Ваяваў таксама на 3-м Украінскім фронце, але сустрэцца з братам Фаме не пашчасціла. Пасля ранення Арцёма накіравалі пад Кёнігсберг. Там у баях за непрыступную нямецкую цытадэль і загінуў. Яго подзвіг адзначаны пасмяротна ордэнам Славы трэцяй ступені. Імя Арцёма Дзёмкі значыцца сярод дзясятка тысяч іншых імёнаў нашых землякоў, што загінулі смерцю храбрых пад Кёнігсбергам. Не так даўно месца яго апошняга спачыну адшукалі ўнукі.
Вярнуўшыся дадому з вайны, Фама не пазнаў роднай вёскі. Замест колішніх хат — кустоўе ды папялішчы. У цеснай зямлянцы туліліся сёстры Тэкля з Вуллянай. Ад іх і даведаўся пра гібель старэйшага брата.
Не часта, толькі па вялікіх святах, апранаў Фама Яфімавіч пінжак з узнагародамі, аднак вельмі імі даражыў, бо ва ўзнагародах тых — і памяць юнацтва, і жахі вайны, і пот, і кроў, і жыццё…
Валерый ТУХТА.
На здымку: Фама Дзёмка. Югаславія. 08.11.1944 г.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.