Настаўніцтва ў Лепельскім лясгасе

Некалі такое папулярнае на вытворчасці слова «настаўніцтва» пацярпела значную «дэвальвацыю». Не той век, не тая эпоха. Класічны вобраз мудрага, вопытнага працаўніка за станком, акружанага маладымі вучнямі, застаўся хіба на карцінках, якія ілюструюць мінулую эпоху сацыялістычнага будаўніцтва. А на вытворчасці паявіліся новыя паняцці, прадыктаваныя рыначнай эканомікай: канкурэнцыя, рынак збыту, страчаная выгада і г.д. Цікава, а ці захаваўся інстытут настаўніцтва хаць у якойсьці форме?

Для свайго журналісцкага даследавання мы выбралі даволі буйное прамысловае прадпрыемства раёна ДЛГУ «Лепельскі лясгас». Гутарым з інжынерам па падрыхтоўцы кадраў Зояй Ушаковай.

— Зоя Фёдараўна, вы маеце вялікі досвед у «кадравай палітыцы», бо працуеце ў гэтай сферы ўжо два дзясяткі гадоў. Ці існуе, на ваш погляд, зараз настаўніцтва ўвогуле? Калі існуе, то ў якім выглядзе?

 — Фармальна – так. Аднак гэта толькі грамадскі абавязак і не больш таго. Калі ў калектыў прыходзіць малады спецыяліст, за ім афіцыйна замацоўваецца настаўнік тэрмінам на адзін год. Іншая справа, што маладыя спецыялісты  і гэтага тэрміну не адпрацоўваюць. На жаль, большасць з іх ідзе служыць у армію і мала хто вяртаецца назад на вытворчасць. Вось вам свежыя прыклады. Сёлета да нас прыслалі двух майстроў лесу Андрэя Чэркеса і Уладзіміра Якаўлева. Аднак ненадоўга. Андрэй увесну пайшоў у армію, Уладзімір паступіў у Віцебскі ўніверсітэт. Прыехаў малады спецыяліст Аляксандр Касуцкі, якога мы прызначылі на пасаду начальніка лесапункта і прыставілі да яго вопытнага настаўніка Аляксандра Курто. Аднак і гэты хлопец бліжэйшым часам, па ўсёй верагоднасці, атрымае позву ў ваенкамат. У Старасельскае лясніцтва быў прызначаны памочнікам ляснічага выпускнік БГТУ Аляксей Лясько. Вельмі старанны хлопец, сам пажадаў ехаць да нас працаваць, з ахвотаю акунуўся ў гушчыню спраў. Мы знялі для яго жыллё. І гэтага забіраюць у войска.

Якую дапамогу прадпрыемства аказвае маладым спецыялістам?

 — Прадугледжана выплата трох базавых велічынь для кампенсацыі платы за жыллё. Выплачваем  пад’ёмныя ў выпадку, калі малады спецыяліст прыязджае не па месцы жыхарства. Адпраўляючы ў армію, заўсёды ўручаем падарункі.

А пасля службы хтосьці вяртаецца?

 — Адзінкавыя выпадкі. Вось у Каменскае лясніцтва вярнуўся майстрам лесу Дзмітрый Старавойтаў. Іншая справа, што пасля многія маладыя людзі пашукаюць-пашукаюць па свеце лепшага, дый вяртаюцца да нас.

Ці арганізавана на вытворчасці навучанне моладзі?

 

 — Непасрэдна на вытворчасці – не. Аднак мы накіроўваем на вучобу. Штогод з кожнага лясгаса адзін-два чалавекі едуць вучыцца на леснікоў. Летась накіравалі вучыцца Падзікава са Стай і Дзямко са Слабады. Сёлета адпраўляецца на вучобу Аляксандр Собаль з Валосавіцкага лясніцтва. Завочнае навучанне арганізавана на базе ліцэя, праз год маладыя людзі атрымліваюць дыплом лесніка.

Аднак вернемся непасрэдна да настаўніцтва. Вы кажаце, што гэта грамадскі абавязак? Такім чынам, ён не аплачваецца?

 — Толькі калі да нас студэнты прыязджаюць на практыку. У гэтым выпадку кіраўнікам практыкі па дамове даплачвае ўніверсітэт.

Што ўваходзіць у абавязкі настаўніка?

 — Ён павінен цягам дзесяці дзён з пачатку навучання распрацаваць сумесна з маладым работнікам індывідуальны план настаўніцтва, а па завяршэнні навучання напісаць характарыстыку на маладога спецыяліста, у якой указаць яго поспехі і дасягненні.

Для чаго характарыстыка?

 — Да ведама кіраўніка прадпрыемства і на разгляд спецыяльнай атэстацыйнай камісіі, у якую ўваходзяць галоўны інжынер, начальнік бюро па ахове працы, інжынер па падрыхтоўцы кадраў, галоўны механік, начальнік цэха, інжынер-энергетык, юрысконсульт. Камісія робіць заключэнне аб прафпрыгоднасці, яна ж і прысвойвае разрады слесарам па рамонце аўтамабіляў, станочнікам дрэваапрацоўчых станкоў, рамшчыкам.

У выніку маладога спецыяліста могуць павысіць на пасадзе?

 — Пры наяўнасці вакансій.

 Гутарыў Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.