Ніна Благадзірава з Лепельшчыны памятае, як палілі яе родныя Цярэшкі

14 Жыццё – як свечка, гарыць ярка ды згарае хутка. І не азірнешся, як прабягуць гады і падступіць крадком немінучая старасць…

Вось і Ніне Благадзіравай ужо восемдзесят. Засталася яна адна ў сваёй прасторнай гарадской кватэры, як часта застаюцца людзі на схіле веку. Дачка Раіса, праўда, тут, у Лепелі. Жыве, наведвае, дапамагае. Сын Анатоль у Санкт-Пецярбурзе. Ды што там, у Ніны Дарафееўны ўжо дарослыя, жанатыя ўнукі і чацвёра праўнукаў. Старэйшаму будзе шаснаццаць, а малодшаму — толькі пяць. Маленькага Ромку з асаблівай пяшчотай прыгадвае бабуля Ніна, а дакладней прабабуля. А ўвогуле, усіх рада бачыць. Прыемна, калі птушачкі злятаюцца ў роднае гняздзечка.

Аднак дзеці дзецьмі, унукі ўнукамі — у кожнага свае справы, свой лёс. А лёсу ўласнага не пазбудзешся, не прамінеш.

Бацька прайшоў дзве вайны. На Мікалаеўскай атрымаў цяжкое раненне, у выні­ку адна нага стала карацейшая. Працаваў кавалём, а маці ў полі рабіла. Жылі ў Цярэшках, дзе і напаткала сям’ю Вялікая Айчынная вайна.

Спачатку бацьку на фронт не забралі, немалады ўжо быў, ды яшчэ калека. Аднак хапіла і без фронту. Ніна, якой тады было гадкоў пяць-шэсць, добра памятае, як і вёску спалілі. І вязніцу лепельскую, у якой апынулася, памятае. Стаўлялі бак пасярод барака, куды ўсе хадзілі па патрэбе…

З паўгода ў тым турэмным лагеры гаравалі, пакуль вясною не вызвалілі. Туліліся ў зусім чужых людзей у Зорні­цы, пасля — у Чарнаруччы, урэшце вярнуліся ў родныя Цярэшкі. Усё было спалена. Бацька пабудаваў зямлянку. Аднаго разу ўварваліся карнікі, сагналі людзей у адну зямлянку, паставілі кулямёты, збіраючыся расстраляць. Аднак выратавалі партызаны.

Напрыканцы вайны бацьку забралі, Ніна дакладна не памятае, ці то на фронт, ці то ў абоз. Сям’я з маці засталася жыць у зямлянцы. Вярнуўшыся, бацька пабудуе невялікую хацінку. На той час Ніна вучылася ўжо ў чацвёртым класе. Толькі першы клас закончыла ў Сталюгах. Далей — болей: да пятага хадзілі ў Вострава, да сёмага — аж у Замошша, за дзесяць кіламетраў.

З год пасля школы Ніна  папрацавала ў калгасе, і вырашылі з суседкай паступаць у медвучылішча ў Оршу. Аднак ужо на другім курсе выскачыла замуж. Трапіўся ваеннаслужачы Уладзімір Блага­дзіраў, які служыў у Балбасаве.

Калі муж выйшаў у адстаўку, прыехалі ў Лепель да Нінінай сястры. На той час Ніна была ўжо цяжарная. У пяцьдзясят шостым нарадзіў­ся Анатоль, праз два гады — Раіса.

Ніна Дарафееўна ўсё сваё працоўнае жыццё прысвяці­ла медыцыне. Спачатку ў пяцьдзясят шостым уладкавалася медсясрой, затым у пятым аддзяленні абласной псіхбальніцы працавала старшай і працэдурнай медсястрой, адкуль і выйшла на пенсію. Нават яшчэ і пасля пенсіі крыху пабыла дыетычнай сястрой на кухні.

Уладзімір Рыгоравіч працаваў у сельгастэхніцы, там і атрымаў гэтую кватэру…

Не сядзіцца дома бабулі Ніне, паедзе да дачкі. Там у яе агародзік ля хаты, дыхаць вальней, ды і не так адчуваецца адзінота. Нягледзячы на хваробу — у Ніны Дарафееўны цукровы дыябет, — бабуля не здаецца ў палон немачам, а вядзе даволі актыўны лад жыцця. Некалі ж была грамадскім актывістам — у прафсаюзнай арганізацыі сакратаром, у судзе грамадскім засядальнікам гадоў дзесяць працавала. Яна і зараз не апускае рук. Сама і ў кватэры прыбярэцца, і есці прыгатуе — было б для каго. У кватэры ў бабулі Ніны бездакорная чысціня, парадак. Тут хораша і ўтульна. А ўсё роўна вусцішна робіцца і наплываюць, адольваюць, гнятуць успаміны пра той час, калі яшчэ ўсе былі дома. Можа таму не пільнуецца старая наседжанага месца: ледзьве прачнецца — дый за парог. Трэба быць да лю­дзей бліжэй і ў любым узросце трэба жыць прыгожа.

Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Ніна Дарафееўна Благадзірава.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.