Новый дом в Боровке

img_5672Узвядзенне 60-кватэрнага жылога дома ў Бароўцы завяршаецца. Засталося правесці работы па навядзенні парадку. Не так даўно работнікі дзяржбуднагляду разам з прадстаўнікамі райвыканкама і даччынага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Лепельскага раёна” агледзелі будаўнічы аб’ект.

ахмурны дзень, пранізлівы вецер, з неба ці то сняжок вось-вось пасыплецца, ці то заімжыць дождж.
Дзяржаўны будаўнічы інспектар Аршанскага занальнага аддзела Аляксей Літвінчук рушыў у першы пад’езд, астатнія ж члены камісіі разам з прадстаўнікамі забудоўшчыка пайшлі за ім. Як толькі адчыніў дзверы, адразу ж адчуў — цёпла! Забыліся вулічная імжа і пранізлівы вецер, настрой адразу палепшыўся.
Забягаючы наперад, скажу, што члены камісіі абышлі ўсе памяшканні — ад падвала да паддашка, і падняліся на дах. Хаця будаўнікі пастараліся і пабудавалі дом у асноўным добра, размова з імі была даволі строгая.
— Я разумею, што гэта кватэра здаецца без аддзелкі, але ж не да такой ступені! — патрабавальна кажа Аляксей Літвінчук і паказвае на дрэнна патынкаваны адкос акна.
Далей ідзе напружаная размова, спецыялісты аперыруюць такімі тэрмінамі, як “нясучая сцяна”, “таўшчыня ўцяплення”, “закладзеная электраправодка”, “разводка сантэхнікі” і іншымі. Нават пры тым, што даволі добра ведаю будаўнічую спецыфіку, я ўсё ж час ад часу губляўся. Каб не замінаць будаўнікам і членам камісіі, самастойна прайшоў па паверхах, зазірнуў у некалькі кватэр і параўнаў іх.
img_5696Уваходзіш у любую — і першае, на што звяртаеш увагу, — прасторная кухня. Мінулі часы, калі ў так званых “хрушчоўках” дзеля эканоміі і хутчэйшых тэрмінаў будаўніцтва кухні былі маленькімі, за абедзенны стол маглі сесці толькі двое чалавек. Зараз жа гэтыя пакоі робяцца прасторнымі.
У новым доме прадугледжаны адна-, двух- і трохпакаёвыя кватэры. Самымі зручнымі для пражывання, асабліва для вялікай сям’і, на мой погляд, з’яўляюцца апошнія, бо там прадугледжаны яшчэ такія важныя памяшканні, як кладоўка. Гэта на першы погляд можа выклікаць усмешку, але варта толькі задумацца: куды паставіць на зіму веласіпед, слоікі з марынадамі, на лета — санкі і лыжы, а таксама рабочы электраінструмент, старыя рэчы?
Новы дом у Бароўцы адрозніваецца ад шэрага новабудоўляў, узведзеных за апошнія гады ў Лепелі. Тут прымянялася тэхналогія буйнапанэльнага домабудавання (БПД), па якой ужо больш за дваццаць гадоў у раёне будаўніцтва не вялося. ДКУБП “Лепельская ПМК-75” такімі тэхналогіямі не валодае, таму генеральным падрадчыкам выступіў будаўніча-мантажны трэст №16 з Наваполацка. Будаўніцтва вялося амаль год.
Яшчэ падчас будаўніча-мантажных работ я заўважыў, што панэлі зараз прымяняюцца спецыялізаваныя, у іх закладзены тоўсты слой цеплаізаляцыі. Гэта ў значнай ступені робіць дом энергазберагальным.
Пры ўваходзе на лесвічную пляцоўку звярнуў увагу на вялікі, каля дваццаці квадратных метраў, хол перад дзвярамі кватэр. Будаўнікі патлумачылі, што за аснову дома быў узяты тыповы праект дзевяціпавярховіка. Якраз на гэтым месцы прадугледжаны ліфт і смеццеправод, але яны, паколькі дом узводзіцца на пяць паверхаў, не манціраваліся.
— Атрымалася дадатковая карысная плошча. Жыхары, калі дамовяцца, могуць яе выкарыстоўваць сумесна для розных патрэб: у якасці кладоўкі, месца захоўвання дзіцячых калясак ці веласіпедаў, месца для тэніснага стала, тут жа можна абуладкаваць дзіцячы гульнёвы пакой — варыянтаў мноства. Важна толькі прыйсці да агульнай згоды і далей сумесна падтрымліваць парадак, — выказаў я меркаванне, якое суразмоўцы падтрымалі.
Агледзеўшы ўсе кватэры, падняліся на тэхнічны паверх і далей — на дах. Дарэчы, дахавае пакрыццё зроблена не двухсхільным, а плоскай канструкцыі з палімернымі матэрыяламі для гідраізаляцыі. На маё пытанне прараб Бенджамін Акеке патлумачыў:
— Такі тыповы праект, мы адступаць ад яго не маем права. Зазначу, што сучасныя палімерныя матэрыялы больш трывалыя, чым рубероід, які прымяняўся ў савецкія часы і станавіўся крохкім на марозе. Цяперашні ж захоўвае свае якасці пры любой тэмпературы.
На момант прыходу камісіі будаўнікі былі занятыя апошнімі работамі, завяршалі добраўпарадкаванне тэрыторыі.
— Інспекцыя дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Віцебскай вобласці кантралявала ўзвядзенне дома на ўсіх этапах, — падводзіць рысу Аляксей Літвінчук. — За ўвесь час праведзены пяць аглядаў, выяўлены 57 дэфектаў, двое кіраўнікоў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці: адзін — за парушэнне патрабаванняў праекта, другі — за невыкананне патрабаванняў інспектара дзяржбуднагляду. Самай значнай была прэтэнзія да якасці зварачных работ. Пасля таго, як прыбыла іншая брыгада зваршчыкаў, усё стала на свае месцы. Абавязковым было патрабаванне да утрымання будаўнічай пляцоўкі. Указвалася, што будаўнічае смецце трэба рэгулярна вывозіць з дома і прылеглай да яго тэрыторыі.
У бліжэйшы час дом будзе здадзены ў эксплуатацыю. Ва ўрачыстай абстаноўцы навасёлы атрымаюць ключы ад новых кватэр і ордэры.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.