Обратил внимание на горы дров, причем самых разных

img_8075 На пляцоўку лепельскага філіяла прадпрыемства “Віцебскаблпалівазбыт” завітаў выпадкова, выконваў рэдакцыйнае заданне ў тым раёне і заехаў па дарозе. Звярнуў увагу на горы дроў, прычым самых розных. Былі там і гатовыя пасечаныя, хоць зараз у печку ці ў топку катла загружай. Побач — гара напілаваных. Каля механічнага калуна завіхаліся двое рабочых. Пазнаёміўся. Непасрэдна з прыладай працаваў Сяргей Падабед, адну за адной падстаўляў пад клін калодкі, якія з сухім трэкам расколваліся на часткі. А Уладзімір Пшонка толькі паспяваў падаваць напарніку наступныя.

Хутка за электракалуном вырас груд, пад’ехаў трактар з каўшом і ссунуў яго ў вялікую граду, настолькі высокую, што з-за яе ледзьве віднеўся другі трактар з прычэпам.
З другога боку яшчэ двое работнікаў, Арцём Сімака і Кірыл Аблавушка, закідвалі ў коўш пагрузчыка пасечаныя дровы. Пяць хвілін — і трактарыст закідвае поўны коўш у трактарны прычэп. Усё — для зручнасці пакупнікоў.
img_8067Яшчэ танней прадаюцца дровы непілаваныя, двухметровыя. Іх таксама ўзвышаецца цэлая гара.
— Так, хлопцы, сёння дровы крыху ссуньце ўбок, заўтра-паслязаўтра павінен прыбыць яшчэ вагон дроў і вагон торфабрыкету, — гаворыць дырэктар філіяла Васіль Пшонка.
Дарэчы, на пляцоўцы ляжаў і брыкет, акуратна закрыты ад дажджу поліэтыленам. Міжволі задаваў сабе пытанне. Пляцоўка амаль уся закладзена палівам, куды яшчэ? Прычым дровы, павінен сказаць, самай лепшай якасці, лісцёвых парод, у асноўным бяроза, вольха, асіна, елка вельмі рэдка трапляецца.
Здавалася б, усё добра, працэс адладжаны гадамі, прадпрыемства працуе, але Васіль Канстанцінавіч падымае праблему:
— Сезонная нераўнамернасць заказаў. Ацяпляльны сезон скончыўся, людзі перажылі зіму, веснавыя замаразкі і супакоіліся, нібы забыліся, што сані трэба рыхтаваць летам. Зараз дровы і брыкет купляюць самыя абачлівыя, запаслівыя, у веснавыя месяцы развозім заказчыкам па 400 — 450 кубаметраў дроў і да 150 тон торфабрыкету ў месяц. Гэта няшмат, заказы выконваюцца на працягу двух-трох дзён.
— А на які перыяд прыпадае максімальная загрузка?
— З ліпеня людзі прачынаюцца, пачынаюць паступова прырастаць заказы, і ў жніўні-лістападзе мы выходзім на максімальныя аб’ёмы продажаў — да тысячы кубаметраў дроў і да 500 тон торфабрыкету на месяц. Тады ж сваім транспартам ледзьве паспяваем закрыць усе заказы, перыяд чакання ў пакупнікоў расцягваецца да дзесяці — пятнаццаці дзён. Вось чаму я настойліва рэкамендую заказчыкам не адкладваць справу, а паклапаціцца цяпер і выпісаць дровы, пакуль попыт невысокі і тэрміны дастаўкі кароткія.
— А калі чалавек мае свой транспарт і захоча скарыстаць для дастаўкі яго, а не вашы прычэпы і машыны?
— Без праблем. Няхай пакупнікі забіраюць свой тавар любымі зручнымі для іх спосабамі.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: за гарой насечаных дроў ледзьве бачны трактар з прычэпам; спорыцца праца ў Сяргея Падабеда і Уладзіміра Пшонкі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.