Палезлі вайскоўцы адной з часцей, што дыслакуюцца на Лепельшчыне, на гарышча, а там хоць баявыя дзеянні пачынай — багаты арсенал боепрыпасаў ляжаў да пары да часу
Камандаванне вайсковай часці ў вёсцы Заслонава загадала салдатам агледзець гарышча казармы, навесці там парадак. Пад час агляду вайскоўцы выявілі зусім нечаканую знаходку — боепрыпасы. 48 патронаў калібрам 7,62 мм, 209 патронаў калібрам 5,45 мм, 16 патронаў калібрам 9 мм, 234 пірапатроны, а таксама пяць аўтаматных магазінаў, тры кулямётныя стужкі і дзве планкі для зараджання магазінаў былі акуратна складзены ў поліэтыленавыя пакеты і прыхаваны. Адкуль маглі з’явіцца боепрыпасы, адказ павінна даць праверка.