Партызанскія рэйды на Лепельшчыне

У канцы 1942 года партызанская брыгада “Дубава” пачала праводзіць рэйды па тылах ворага. Напярэдадні 25-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі тры атрады народных мсціўцаў зрабілі нечаканы для фашыстаў баявы паход па тэрыторыі Лепельскага і Чашніцкага раёнаў. Было знішчана некалькі валасных упраў, узарвана пяць мастоў на дарогах Лепель — Чашнікі і Лепель — Орша, спалена каля дзесяці аўтамашын гітлераўцаў. У баях з немцамі было здабыта шмат зброі і прадуктаў харчавання.


У адзін з такіх рэйдаў народныя мсціўцы накіраваліся ў студзені 1943 года. Ішлі ляснымі дарогамі. Снег рыпеў пад нагамі, марозны вецер шапацеў галінкамі дрэў. Даводзілася з цяжкасцю пераадольваць вялікія снежныя сумёты. Калона партызанаў расцягнулася. Наперадзе ішла разведка, за ёй рухаліся баявыя разлікі народных мсціўцаў, а ў канцы на гужавых павозках перавозіліся паходная кухня і запасы прадуктаў харчавання.
Першы прыпынак зрабілі ў Зацякляссі. Выставілі пасты, размясціліся ў дамах вяскоўцаў, адпачывалі, прыводзілі сябе ў парадак. Раніцай рушылі далей. У другой палове дня дасягнулі Свядзіцы. Зладзілі кароткі прыпынак. Камісар трэцяга атрада Мікіта Цыкавы сабраў мясцовых жыхароў, расказаў аб пераможных баях нашых войскаў, акружэнні вялікай групоўкі фашыстаў пад Сталінградам. Агітатары раздавалі лістоўкі, зводкі саўінфармбюро.
На трэці дзень вечарам партызанская брыгада “Дубава” прыбыла ў Васькоўшчыну — канчатковы пункт рэйду. Выбар гэтай вёскі быў не выпадковы. Населены пункт размяшчаўся за ракой Ульянкай, у густым лесе, аднак зусім побач былі чыгунка і шасейная дарога. За ноч партызаны добра адпачылі.
Раніцай накіраваліся ў бок Чашнікаў, раптоўна напалі на нямецкі гарнізон, нанеслі ворагу значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы. І потым аж да дваццаць шостага студзеня 1943 года днём і ноччу вялі баі вакол Чашнікаў. Партызаны абстрэльвалі гітлераўцаў з гармат, білі фашыстаў на падыходах, знішчалі з засад на дарогах.
Немцы пачалі падцягваць да Чашнікаў буйныя сілы з танкамі і артылерыяй, таму было прынята рашэнне спыніць наступленне і вярнуцца на месца асноўнай дыслакацыі. Ноччу партызанская брыгада знялася з займаемых пазіцый і выйшла з раёна непасрэднага сутыкнення з ворагам.
Вечарам наступнага дня народныя мсціўцы дасягнулі Вобалачча, якое згубілася ў лясах паблізу ракі Эсы. Другі атрад і штаб брыгады знайшлі прыстанак у гэтай вёсцы, а першы і трэці атрады ў суседніх населеных пунктах — Рэутполлі і Валатоўках. Тут партызаны знаходзіліся некалькі дзён.
Штаб брыгады размясціўся ў вялікім, прасторным доме, які складаўся з дзвюх палоў. Гаспадар Ігнат Іванавіч Кавалеўскі прыняў лясных салдатаў ветліва, гасцінна. У доме быў парадак, нягледзячы на вялікую сям’ю, якая ў ім жыла. Дарослыя і дзеці амаль увесь час былі заняты паўсядзённымі справамі па гаспадарцы. Фёдар Дуброўскі ў перыяды адпачынку гутарыў з Ігнатам. Яму падабаліся слушныя развагі гэтага сталага чалавека. У выніку яны пасябравалі.
Перад самым ад’ездам партызанаў далей у рэйд Ігнат Кавалеўскі нечакана сказаў:
— Ты мяне, Фёдар Фаміч, павінен добра памятаць яшчэ з самага пачатку вайны! Гэта я знайшоў у 1941 годзе паўразбітую аўтамашыну з вінтоўкамі і патронамі паблізу бальшака Лепель — Барысаў, перахаваў зброю і боепрыпасы ў лесе, а потым усё гэта перадаў тваім хлопцам. Брат у мяне ёсць старэйшы, тут, у вёсцы жыве. Сястра Хіма, братавая Анета, пляменнікаў шмат. Старэйшы сын Іван даўно ў партызаны рвецца. Вазьмі. Ёсць яшчэ два сыны, Мікалай і Віктар, але яны малалеткі, у бой ім яшчэ рана. Няхай крыху падрастуць, потым і іх аддам у народныя мсціўцы.
— Дзякуй, Ігнат Іванавіч! — Дуброўскі на развітанне моцна паціснуў руку Кавалеўскаму. — Дзякуй табе за ўсё: і за патроны са зброяй, і за цёплы прыём, і за сына.
Кавалеўскі адказаў:
— Будзеце непадалёк — заходзьце. Мой дом для сваіх заўсёды адкрыты.
Гэтую размову чуў камісар брыгады Уладзімір Елісеевіч Лабанок.
— Партызаны кроўна звязаны са сваім народам, — адзначыў ён. — Прыклад з Кавалеўскім — лепшае таму сведчанне. А народ нікому не перамагчы!
Фёдар ШЛЫК,
былы сувязны партызанскай брыгады “Дубава”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.