Патриотическую акцию «Дорогами памяти» приняли лепельчане

dsc_0081Як мы раней паведамлялі на старонках раённай газеты, сярод аўтаклубаў Віцебскай вобласці праходзіць патрыятычная акцыя “Дарогамі памяці”, прысвечаная 75-годдзю Вялікай Перамогі.

На працягу некалькіх тыдняў работнікі і калектывы мастацкай творчасці аўтаклубаў наведвалі месцы баявой славы, каб навесці там парадак. А цяпер для нашых артыстаў надышоў час пачэснай місіі — прыняць агонь Памяці, кнігі “Памяць” Дубровенскага, Талачынскага, Аршанскага і Чашніцкага раёнаў, а таксама карты з указаннем помніка, дзе адбыліся сустрэчы.
Разам з аўтаклубам раённага Дома культуры накіроўваемся на мяжу Чашніцкага і Лепельскага раёнаў.
Мемарыял “Вішанькі” знаходзіцца ў Чашніцкім раёне, быў узведзены на месцы адной вёскі, якую напаткаў лёс Хатыні. Разам з артыстамі ўзгадваем гісторыю тых далёкіх трагічных падзей — і сэрца атуляе самота.
dsc_0061…Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў населеным пункце было 32 двары, 160 жыхароў, а ў час ваеннага ліхалецця на гэтым месцы амаль нічога не засталося.
Гэтую гісторыю ведаюць не толькі дарослыя і дзеці Чашніччыны, а і школьнікі Лепельскага раёна. Дзень дзявятага сакавіка 1944 года — самы страшны і трагічны ў гісторыі невялікай вёсачкі. Страціўшы некалькі салдатаў у баі з партызанамі, які разгарэўся напярэдадні, карнікі з 839-га ахоўнага батальёна ўварваліся ў вёску. Найбольш моцных мужчын сярод жыхароў аддзялілі і катавалі, а затым расстралялі і скінулі ў раку. Астатнім жа была прыгатавана пакутніцкая смерць у агні. Вяскоўцаў сагналі ў дзве хаты, закідалі гранатамі, а потым падпалілі. У населеным пункце ўжывую было спалена 114 жыхароў.
У 1984 годзе на месцы вёскі быў устаноўлены мемарыяльны знак. Зараз там — мемарыяльны помнік, адкрыццё якога адбылося 22 чэрвеня 1989 года.
Пад’язджаючы, здалёк заўважаем вялікую скульптурную кампазіцыю — жанчына, дзяўчынка і сталы чалавек. Побач нас ужо чакаюць артысты з Чашніччыны. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі іх прыехала няшмат.
Трэба адзначыць, што работнікі культуры ўмеюць стварыць сапраўднае свята нават і невялікай суполкай, бо іх прызванне — дарыць людзям выдатны настрой.
Спачатку нашы суседзі выступілі з музычнай кампазіцыяй, а лепяльчане — са сваёй песняй. Як заўважыла загадчыца аўтаклуба Чашніцкага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Непляховіч, такога музычнага твора яны раней не чулі — вельмі прыгожы, трэба ўзяць сабе на заметку.
Прывітаўшы адзін аднаго добрымі словамі, артысты прыступілі да галоўнай місіі — перадачы сімвалаў акцыі. У гэты момант адчувалася хваляванне ўсіх удзельнікаў мерапрыемства.
— За той перыяд, пакуль мы пабывалі ля помнікаў на Лепельшчыне, а наведалі ўжо больш за дзесяць, з мэтай іх прыбірання і добраўпарадкавання яшчэ больш адчулі, наколькі патрэбная і важная гэта акцыя. Наш высакародны абавязак — падтрымліваць у належным стане брацкія магілы, помнікі і абеліскі. У нашай краіне і ў Лепельскім раёне гэтай рабоце ўдзяляецца вялікая ўвага. Шкада толькі, што зараз немагчыма наведаць ветэранаў, прыцягнуць да ўдзелу школьнікаў, — адзначыў Леанід Забабура, загадчык аўтаклуба Лепельскага РДК.
dsc_0079Нашы артысты адзначылі, што каля помнікаў наведзены належны парадак. Арганізацыі, якія замацаваны за імі, добрасумленна прыязджаюць і прыбіраюць святыя месцы.
Вядома, толькі сумеснымі намаганнямі можна атрымаць добры вынік. У гэтай справе работнікі аўтаклуба заўсёды падтрымліваюць сувязь з работнікамі сельвыканкамаў, з імі раяцца, які помнік трэба наведаць у першую чаргу.
Загадчыца аўтаклуба Чашніцкага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Непляховіч адзначыла, што на Чашніччыне больш за 70 пахаванняў, і ўсе яны ў выдатным стане. На чашніцкай зямлі нарадзілася шэсць герояў Савецкага Саюза.
— Дзякуючы гэтай акцыі яшчэ раз давялося дакрануцца да памяці, наведаць помнікі, у прыватнасці, гэты мемарыял, — рэзюміравала Наталля Аркадзьеўна.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.