Переселенцы из Донбасса

 

img_7749Пад час чарговага прыезду ў адкрытае акцыянернае таварыства “Чарэйшчына” пазнаёміўся з цікавым чалавекам – Сяргеем Дзьячковым. Малады мужчына працуе электрыкам, абслугоўвае складанае абсталяванне на фермах, сушыльных комплексах, у майстэрні і шмат чаго іншага. Пра яго намеснік дырэктара ААТ Віктар Голубеў казаў:

— Сяргей – выдатны спецыяліст, майстар сваёй справы. Акрамя таго, ён, можна сказаць, настаўнік, дапамагае электрыку Ігару Міхневічу, які нядаўна прыйшоў працаваць да нас пасля навучальнай установы, асвоіць прафесію на практыцы.

 

Крыху пазней высветлілася, што Сяргей –- перасяленец з паўднёвага усходу Украіны, пераехаў у Беларусь разам з сям’ёй. Выбраўшы час, завітаў да яго ў госці, каб пагутарыць у больш спакойнай, дамашняй абстаноўцы. На той момант дома, акрамя Сяргея былі жонка Марына і дачушка Варвара, 11-гадовы Андрэй быў у школе.

* * *

Да пачатку вайны Сяргей і Марына жылі ў Макееўцы, ён працаваў спецыялістам па тэрмічнай апрацоўцы на адным з мясцовых каўбасных цэхаў, а яна была настаўніцай, мелі ўласную кватэру.

— Макееўка – гэтая назва рэгулярна гучыць у навінах, якія часцей успрымаюцца як зводкі з фронту.

— Так, там даволі часта страляюць, наколькі ведаем, — пагаджаецца Сяргей.

— Распавядзіце пра даваеннае жыццё, пра свой горад.

— Макееўка – гэта прыгарад, горад-спадарожнік Данецка. Прычым стаіць вельмі блізка, на вуліцы два суседнія дамы, а паміж імі – мяжа, правы дом – Данецк, левы – Макееўка. Людзі на гарадскім транспарце ездзілі на працу і дахаты. У горадзе пражывалі каля 370 тысяч чалавек (для параўнання, у Віцебску прыблізна столькі ж), дзейнічалі прамысловыя прадпрыемствы. Былі свой коксахімічны, металургічны, трубаліцейны заводы, шахты. Быў вялікі мясакамбінат і 28 невялікіх каўбасных цэхаў, на адным з якіх я працаваў тэрмістам.

— Ого! Адкуль столькі мяса ў наваколі Макееўкі і Данецка? Няўжо ў Данецкай вобласці так развіта мясная жывёлагадоўля?

— Уласнай вытворчасці толькі невялікая доля сыравіны. У асноўным перапрацоўвалі імпартнае мяса з Бразіліі, Аргенціны. Нават з улікам дастаўкі праз акіян яно было канкурэнтназдольным з мясцовым.

* * *

— Успомніце, як пачыналіся баявыя дзеянні і што падштурхнула вас да выезду?

— Заваруха пачалася ў Кіеве напрыканцы 2013 года. У маі наступнага былі баі ў раёне горада Славянск, а летам дакацілася і да нас. Пачаліся абстрэлы. Першымі адправіў Марыну з Андрэем, яны выехалі ў канцы ліпеня спачатку ў Расію, а потым у Беларусь. Я ж выехаў крыху пазней. Увосень ужо былі тут, 15 верасня мяне афіцыйна ўзялі на працу ў ААТ “Чарэйшчына”.

— Чаму выбралі месцам жыхарства менавіта Беларусь, менавіта гэтую вёску?

— Дазвольце я адкажу, — сказала Марына. — Справа ў тым, што я сама родам адсюль. У блізкай вёсцы Парэчча нарадзіўся і жыў мой прадзед Мацвей Осіпавіч Грыгалюн, герой Грамадзянскай вайны ў Расіі 1918-1920 гадоў, яго ордэн Баявога Чырвонага сцяга захоўваецца ў Лепельскім раённым краязнаўчым музеі. Тут жылі мае дзядулі і бабулі, у дзяцінстве і юнацтве я ўсё лета праводзіла ў іх. Мае бацькі выехалі і пасяліліся ў Макееўцы, там, дарэчы, і цяпер жывуць. Дык вось, мы вырашылі ехаць у Беларусь, на маю малую радзіму. Праца знайшлася мужу ў “Чарэйшчыне”. Ад сельгасарганізацыі выдзелілі і дом, а я пайшла ў школу, па адукацыі я настаўніца англійскай мовы і школьны псіхолаг, скончыла Горлаўскі педінстытут. А зараз – у водпуску па доглядзе дзіцяці, Варвара нарадзілася ўжо тут.

— Дзяўчынка грамадзянка якой краіны?

— Варвара – грамадзянка Украіны, паколькі мы з Сяргеем таксама грамадзяне Украіны. Варвары тут выпісана пасведчанне аб нараджэнні, а мы маем від на жыхарства.

— Як вы тут абуладкаваліся?

— Як я казала, нам выдзелілі дом, мы з мужам пайшлі працаваць, дзяржава нам выдзеліла некаторую дапамогу. Увогуле, хачу сказаць, што ў першы год тут, у Чарэйшчыне, жыць было лягчэй, чым цяпер. Андрэй — хлопец баявы, шустры, па першым часе нават біўся з мясцовымі, а зараз – сябруюць. Усё нармальна.

— Вы, наколькі зразумеў, у Макееўцы былі гарадскімі жыхарамі, ці цяжка было прызвычаіцца да жыцця вясковага?

— Мне было зусім няцяжка, тым больш, што дзіцячыя і юнацкія ўспаміны пра лета ў бабулі былі свежыя. Сяргей таксама жыве і працуе як звычайны беларускі вясковец. Ужо па прыездзе мы завялі курэй, потым качак, гусей. На другі год – парася. Потым стала крыху цяжэй у фінансавым плане, таму ў калгасе купілі і гадавалі бычка. Усю працу па гаспадарцы на сябе ўзяў Сяргей, ён спраўляецца з жывёлай, даглядае агарод, запасае паліва на зіму, Андрэй яму дапамагае, мне ж застаецца толькі праца па дому.

— У нашых мясцінах шмат азёр, таму многія мужчыны заядлыя рыбаловы. Сяргей таксама?

— Час ад часу ходзіць, але азарту, імпэту няма, спакойны ў гэтым сэнсе. Хаця накупіў вудаў і іншых прылад. Зараз, зімой, вольнага часу больш, таму можна калі-нікалі і на возера схадзіць. Прыйдзе вясна, пачнецца пасяўная, будзе не да рыбнай лоўлі, Сяргей пойдзе на працу ад рання да змяркання і амаль без выхадных.

* * *

— Ці падтрымліваеце сувязі з Макееўкай? У вас жа там, наколькі разумею, кватэра засталася, ці цэлая яна, не разбамбілі? – пытанне да Сяргея.

— Мы рэгулярна праз інтэрнэт падтрымліваем сувязі з Макееўкай, тым больш, што ў нас абодвух там засталіся бацькі. Перапісваемся, размаўляем па скайпе. Кватэра наша цэлая, яна знаходзіцца ў цэнтры горада, а ў цэнтр асабліва не залятала, больш даставалася ўскраінам. У размовах людзі наракаюць на недахоп працы і нізкія заробкі. У сярэднім там зарабляюць ад 10 да 20 тысяч расійскіх рублёў у месяц (345-690 беларускіх рублёў). Яшчэ паражае засілле прапаганды, кожны бок, відаць, укладвае ў гэта немалыя сродкі.

Марына дапаўняе:

— У сацыяльнай сетцы “У Кантакце” ёсць група “Тыповая Макееўка” – вось дзе лухта, плёткі і домыслы! Працуюць па прынцыпе пачуў краем вуха, пабачыў краем вока, дадумаў рэшткамі мазгоў. У гэтай групе я не сустрэла ніводнага свайго знаёмага. Падазраю, што там сядзяць адны тролі, якія ў рэальным жыцці не маюць ніякага дачынення да Макееўкі.

— Чуў, што некаторыя перасяленцы з Данбаса, прабыўшы ў Беларусі, выехалі: хто назад ва Украіну, хто далей, у Расію.

— У бліжэйшых вёсках таксама жылі некалькі сем’яў перасяленцаў. Таццяна і Сяргей Быкавы пражылі тут два гады, а потым вярнуліся ва Украіну. Івановы прыехалі з Енакіева, яны былі ва ўзросце, таму казалі, што ім цяжка прызвычаіцца да жыцця ў Беларусі, таксама вярнуліся ва Украіну. У Камені жывуць брат і сястра Яўген і Вольга Пшанічныя, працуюць у мясцовай сельгасарганізацыі – ААТ “Ладасна”.

* * *

— Задам пытанне неадназначнае. У сродках масавай інфармацыі, у інтэрнэце бачыў сюжэты, публікацыі аб баявых дзеяннях на паўднёвым усходзе Украіны, нібыта там з розных бакоў дзейнічаюць наёмнікі.

На хвіліну задумаўшыся, Сяргей адказаў:

— Я такіх не бачыў ні разу. У апалчэнні Данбаса, ведаю, ваявалі даволі шмат маіх знаёмых. Напрыклад, сусед. Яны з кампаньёнам былі сярэдняй рукі прадпрымальнікамі, мелі невялікую фірму, якая аказвала паслугі інтэрнэт-правайдэра, мела каля чатырох тысяч абанентаў. Адзін з іх застаўся кіраваць фірмай, а сусед пайшоў у апалчэнне. І так – даволі шмат. А наёмнікаў, расіян тады, у сярэдзіне 2014-га, не бачыў.

— Якія планы на далейшае жыццё, збіраецеся абуладкоўвацца ў Беларусі ці вяртацца ва Украіну?

— Ва Украіне да вайны бы жылі ў большым дабрабыце, таму, калі там надыйдзе мір, мы рэальна будзем разглядаць варыянты вяртання. Дом гэты мы хацелі выкупіць, але банк не пагадзіўся перааформіць на нас крэдытны дагавор, паколькі мы не грамадзяне Беларусі. Так што, па вялікаму рахунку, нас тут нішто не трымае.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: Марына, Варвара і Сяргей Дзьячковы.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.