Перспективное начало на будущее

img_3683Напярэдадні свята працаўнікоў вёскі карэспандэнт сустрэўся і пагутарыў аб асноўных дасягненнях, перспектыўных планах і цяжкасцях галіны са старшынёй райвыканкама Міхаілам Кісялевічам.

— Міхаіл Леанідавіч, сёлетні год для земляробаў выдаўся не вельмі спрыяльным. І разам з тым лепельскім аграрыям ёсць чым ганарыцца.
— Так, ураджай збожжавых сёлета не самы лепшы, валавы намалот перавысіў 23 тысячы тон, што на дзве тысячы тон менш, чым летась. Разам з тым нельга не адзначыць самаадданую працу нашых земляробаў, праходзячы год стаў для іх знакавым. Камбайнеры з СВФ “Заазер’е” Леанід Аляксеенка і Павел Ханяк не сыходзілі са старонак газеты, не выпадалі з прызёраў жніва, першымі ў вобласці намалацілі тысячу тон збожжа. На дасягнутым не спыніліся і ўзялі такі тэмп, што і надалей стала, цвёрда ўтрымлівалі лідзіруючыя пазіцыі. Усяго маладзёжны экіпаж намалаціў больш за 4400 тон. Важная акалічнасць — планку ў тры тысячы тон збожжа Леанід і Павел адолелі першымі ў рэспубліцы!
Сёлета мы малацілі і кукурузу на зерне, атрымана 700 тон пры сярэдняй ураджайнасці каля 80 цэнтнераў з гектара. Зерне кукурузы — вельмі важны пажыўны корм для жывёлы, які дазваляе, пры ўмелым выкарыстанні, павышаць прывагі і павялічваць надоі.
Калі гаварыць пра тэхнічныя культуры, то гэта ў першую чаргу крыжакветныя — рапс і свірэпіца. Іх вырошчваюць усе гаспадаркі Лепельшчыны, але філіял “Баброва-Агра” адводзіць пад іх найбольшыя плошчы. Там да справы сёлета падыходзілі сістэмна, выконвалі тэхналагічныя патрабаванні, таму некаторыя палеткі парадавалі ўраджаем да 30 цэнтнераў з гектара. Для сябе аграрыі зрабілі пэўныя высновы і ў далейшым маюць намер рабіць большую стаўку на яравы рапс.
— Раскажыце, калі ласка, аб перспектывах на год наступны.
— Перад тым як вызначаць перспектыўныя напрамкі развіцця, быў глыбока прааналізаваны вопыт апошніх гадоў. Напрыклад, сёлета да ўборкі вырасла прыблізна пароўну плошча азімых і яравых збожжавых культур, але пры гэтым 65 працэнтаў валавога намалоту нам далі менавіта азімыя. Гэта абумоўліваецца шэрагам аб’ектыўных фактараў, сярод якіх найпершы — большы вегетацыйны перыяд. Таму сёлета мы прынялі рашэнне як мага больш пасеяць культур азімых. І гэта ўдалося рэалізаваць: калі летась пад ураджай-2018 было засеяна каля 5,5 тысячы гектараў, то сёлета прыбавілі яшчэ дзве тысячы.
Другі важны задзел —асенняе ворыва. Многія чытачы добра памятаюць, як летась з-за дажджоў восенню было цяжка працаваць у полі, тэхніка буксавала ў гразі. Сёлета ж надвор’е спрыяе. І земляробы не ўпускаюць магчымасці, пераворваюць глебу. Першапачаткова планавалася, што ўвосень будзе пераарана каля 9300 гектараў. Аднак на сёння аграрыям удалося ўзараць 19275 га. І гэта не мяжа. Калі захаваецца спрыяльнае надвор’е, не будзе перабояў з забеспячэннем дызельным палівам, то да надыходу зімы спадзяёмся дадаць яшчэ тысячу гектараў. А што такое пераараная з восені глеба? Гэта найперш час і новыя магчымасці ўвесну. Надыдзе дружная вясна, калі зямля хутка сохне і трэба будзе гэтак жа хутка сеяць — мы гатовыя. Глебу толькі дыскамі-культыватарамі падрыхтуем і можна пускаць сеялкі і пасяўныя агрэгаты. Будзе вясна дажджлівай — пераараная загадзя зямля таксама добра, яна хутчэй падсыхае. На вясну, па нашых падліках, застанецца толькі ўзараць палеткі пад кукурузу— 2600 гектараў. Гэта каля 11-12 дзён.
І наступны задзел на будучы поспех — насенны фонд. На веснавую сяўбу нам спатрэбіцца каля 1900 тон зерня. На сёння ачышчана і закладзена на захоўванне 1221 тона. Перад сельгасвытворцамі пастаўлена задача да першага снежня цалкам закласці насенны фонд. І гэта задача таксама будзе выканана.
— З якімі паказчыкамі сустракаюць свята жывёлаводы Лепельшчыны?
— Паколькі асноўным напрамкам працы выбрана малочная жывёлагадоўля, пачнём з яе. Варта прызнаць, што з-за рэфармавання КУВСГП “Баброва” ў філіял “Баброва-Агра” на 773 галавы скарацілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. У выніку на 1,5 працэнта зменшылася і валавая вытворчасць малака, па выніках за дзесяць месяцаў, адносна адпаведнага перыяду мінулага года. Прынята і рэалізуецца праграма аднаўлення і павелічэння пагалоўя, плануем на працягу бягучага і наступнага года малочны статак аднавіць, а калі ўдасца, то і павялічыць.
(Працяг на 2-й стар.)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.