Последний удар стал смертельным. Его нанесли ножом в область шеи

504-nozh “У горадзе на вуліцы Валадарскага чалавека забілі!” “Не проста забілі, а жорстка зарэзалі, горла нажом перарэзалі і так кінулі!” “А кватэру падпалілі, выгарэла ўсё дашчэнту!” Чуткі, здагадкі і версіі перадаваліся з вуснаў у вусны, абрасталі новымі “падрабязнасцямі” і “акалічнасцямі”, як вінаградная гронка ягадамі. У некаторых выказваннях ужо фігуравала банда.

Каб спыніць плынь фантазій, карэспандэнт звярнуўся да начальніка раённага аддзела Следчага камітэта падпалкоўніка юстыцыі Сяргея Булая:
— Адразу заўважу, што следства па крымінальнай справе толькі пачынаецца. Вельмі верагодна, што некаторыя фармулёўкі і абставіны пасля правядзення належных следчых дзеянняў і экспертыз будуць карэкціравацца.
Пакуль што сітуацыя вымалёўваецца наступная. У ноч з 27 на 28 жніўня ў РАНС паступіла паведамленне аб загаранні ў адной з кватэр па вуліцы Валадарскага, у двары насупраць крамы “Капейка”. Тэлефанавала пажылая жанчына, якая разам з маленькай унучкай пражывае ў кватэры зверху. Пажарныя адрэагавалі аператыўна, хутка прыбылі на месца, за лічаныя хвіліны затушылі загаранне.
Аднак тое, што яны ўбачылі далей, падштурхнула да паведамлення ў міліцыю і выезду следча-аператыўнай групы. У адным з пакояў было знойдзена цела чалавека. Усё ўказвала на тое, што смерць была гвалтоўнай, наўмыснай, а загаранне было ўчынена, каб схаваць сляды злачынства.
Было зроблена апытанне сведкаў, падазраваныя затрыманы па гарачых слядах. Праводзяцца допыты, экспертызы і іншыя следчыя дзеянні.
— Як развіваліся падзеі? Што паслужыла штуршком да злачынства?
— Паводле нашай інфармацыі, справа ішла так. Сышліся чацвёра наглядна знаёмых людзей, трое мужчын і жанчына. Усе былі, так бы мовіць, аматарамі выпіць, таму і вырашылі “паправіць здароўе”. Накупілі спіртнога, пайшлі да аднаго з іх на кватэру, якраз у тую, па вуліцы Валадарскага.
Закончылася спіртное. Ва ўдзельнікаў у кішэнях было пуста, але ў нейкі момант успомнілі, што ў гаспадара кватэры могуць быць грошы. Той адказаў: “Мне досыць, я больш піць не збіраюся і вам грошай не дам, тым больш наяўных у мяне няма, усё на картачцы. Заканчваем п’янку, усе на выхад!”.
Госці прыйшлі ў ярасць ад такога павароту. Спачатку спрабавалі ўгаварыць, каб даў ім картачку і PIN-код, потым, верагодна, пайшлі пагрозы, а завяршылася справа збіццём. Білі моцна, ярасна, кулакамі, прадметамі, якія патрапілі пад руку. Аб гаспадара зламалі дзве табурэткі, гранёную шклянку. Апошні ўдар стаў смяротным. Яго нанеслі нажом у вобласць шыі, перарэзалі горла.
Самі жахнуліся ад таго, што нарабілі. Каб схаваць сляды злачынства, учынілі падпал. У адным пакоі падпалілі паперу, у другім — тканіну: адзенне, занавескі з вокнаў. На кухні адчынілі краны на газавай пліце. Калі б пажарныя замарудзілі, бяда магла б быць нашмат большая. Як я казаў, у кватэры вышэй спалі жанчына з дзіцём, маленькае дзіця спала таксама і ў кватэры збоку.
— Як характарызуецца гаспадар кватэры? Чаму, на вашу думку, ён пусціў у сваю кватэру такую кампанію?
— Інфармацыя пра гаспадара сабрана пакуль што такая. Мужчына 1969 года нараджэння. Жыў адзін у двухпакаёвай кватэры, працаваў на адным з дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Лепеля. Выпіваў, але ў меру, у поле зроку міліцыі з прычыны злоўжывання спіртным не трапляў. Я быў у той кватэры пад час правядзення следчых дзеянняў. Склалася ўражанне, што чалавек жыў сціпла, але прыстойна, ахайна. Па родзе службы даводзіцца быць у кватэрах і дамах адзінокіх людзей, якія апусціліся, пакоі ў такіх выпадках ператвараюцца ў звалкі, сметнікі, смурод стаіць такі, што дыхаць цяжка. У кватэры на Валадарскага беспарадак быў толькі ў кухні і пакоі, дзе былі падпалы: задымленыя сцены, залітая вадой падлога. Другі пакой застаўся некранутым, у ім было ўсё акуратна: чыстая і трывалая мэбля, на сценах паклеены шпалеры. Відаць, што гаспадар усё ж даглядаў за сабой і сваім жыллём.
Аднымі з абставін трагедыі сталі, на маю думку, неабачлівасць гаспадара і жаданне знайсці кампанію, каб выпіць. Як я казаў раней, усе ўдзельнікі былі знаёмыя, вось і пайшлі на кватэру.
— У кампаніі, асабліва ў злачыннай, звычайна ёсць завадатар і тыя, хто ідуць за ім. У дадзеным выпадку хто быў лідарам?
— З першых допытаў атрымліваецца, што ініцыятыву праявіў малады мужчына, якому каля 20 гадоў. Кажуць, што ён найбольш ярасна збіваў пацярпелага, пад яго кіраўніцтвам потым рабілі падпал. Дарэчы, заўважу, што дадзены выпадак, на жаль, не першае сутыкненне з законам у яго біяграфіі. Раней мужчына быў судзімы па артыкуле 205 (крадзеж). Заўважу, што і да астатніх удзельнікаў злачынства ў следства вельмі шмат пытанняў, канкрэтызуецца ўдзел і ступень віны кожнага з іх.
Па факце злачынства заведзена крымінальная справа па пунктах 12 і 15 часткі 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса (забойства, учыненае групай асоб з карыслівых памкненняў). Па іх абвінавачаным пагражае ад васьмі гадоў пазбаўлення волі да вышэйшай меры — смяротнага пакарання.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.