Вахта памяти проходит на Лепельщине

 

slobodka1У год 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Лепельскім раёне праходзіць вахта памяці ў месцах спаленых вёсак, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскія арганізацыі, мясцовыя жыхары.

 Так, падчас акцыі наведалі вёску Слабодка Стайскага сельсавета.

На ўскрайку населенага пункта стаіць помнік – маўклівы сведка крывавай расправы над мірнымі жыхарамі. На мармуровым абеліску высечаны словы: “Вечная памяць жыхарам вёскі Слабодка, па-зверску забітым нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 19 студзеня 1943 года”.

Як гэта было

І хоць лінія фронту праходзіла дзесьці на ўсходзе, далёка адсюль, але і тут таксама ішла вайна: грымелі выбухі, жорсткія баі з гітлераўцамі вялі партызаны. Немцы не маглі гаспадарыць у вёсцы. Пышняншчына ў большасці кантралявалася партызанамі, а ў Слабодцы амаль заўсёды знаходзіўся партызанскі пост. Калі і заглядвалі сюды фашысты, то з вялікай аховай з салдат і паліцаяў. Іх мэтай было сцерці з твару зямлі вёску, а жыхароў расстраляць.

З успамінаў Мікалая Урбана, былога жыхара вёскі, даведаліся, што “чорная” справа фашыстаў і паліцаяў пачалася яшчэ на досвітку. Як пачуліся стрэлы, яго маці выбегла на ганак паглядзець. Яе адразу застрэлілі. У хату прыляцела некалькі гранат. Апрытомнеў Мікалай, калі ўжо ўсё было ў дыму. Перамагаючы востры боль у нагах, выбег на ганак. Там ляжала забітая маці. Сцягнуць яе сілы не было, таму дапоўз да дроў і схаваўся за імі.

Нямногія жыхары ў гэты дзень засталіся жывымі. Павел Івашкевіч схаваўся са сваёй дачкой пад печчу. А вось жонку Паўла і яе маці адразу забілі. Потым гітлераўцы стралялі пад печ і ранілі дачку. Але тая нават не заплакала, хоць і было ёй 6-8 гадоў. Пазней яны схаваліся ў лесе.

Яшчэ засталіся жывымі Яўгенія Саламаха і Соф’я Шарай, Анатолій і Леанід Хрышчанкі. Астатнія 146 чалавек загінулі. Іх расстралялі па аднаму і групамі. Маленькіх дзяцей на вачах маці кідалі ў агонь. Былому старшыні калгаса Івану Саламаху фашысты адрэзалі пілой галаву…

Калі вечарам на месца, дзе стаяла вёска, прыйшлі партызаны, дым ужо крыху развеяўся. Снег быў чырвонага колеру. Дзе стаялі хаты, датлявалі апошнія галавешкі. Забойцы не пакінулі ніводнай хаты.

Як пазней распавядаў Мікалай Абрыньба, партызанскі мастак, наведаўшы вёску, убачыў жахлівыя карціны. На дарозе ляжала жанчына з немаўляці, якое было праколата штыком, крыху далей – стары мужчына і хлопчык, моцна абгарэлыя, галовамі ў снезе і іншыя жахі. Акрамя гэтага, карнікі прымушалі старых класціся і секлі ім галовы сякерай на бярозавым бервяне.

На лаўцы падсудных

Увосень 1968 года ў Гомелі ішоў судовы працэс. На лаўцы падсудных было 13 чалавек, былых паліцэйскіх, што ўдзельнічалі ў крывавых расправах не толькі над жыхарамі вёскі Слабодка. Кожны з іх атрымаў па заслугах.

У пасляваенныя гады, падымаючы архівы гэтага перыяду, даследчыкі жахнуліся ад жорсткасці, якую праяўлялі паліцаі ў час вайны. Былі раскрыты тысячы фактаў іх удзелу ў сур’ёзных ваенных злачынствах, жорсткіх расправах над мірнымі жыхарамі акупаваных тэрыторый.

Яны палілі людзей, закопвалі іх жывымі ў ямах, расстрэльвалі, вешалі…  А пасля расправы над суайчыннікамі маршыравалі з бела-чырвона-белымі сцягамі па напаўразбітаму Мінску і насілі плакаты з партрэтам «Гiтлера-вызвалiцеля».

***

Неверагодна дарагой цаной дасталася перамога нашым продкам. У агні вайны загінуў амаль кожны трэці беларус. Полымя спаленых вёсак абпальвае нашыя сэрцы, напамінаючы аб свяшчэнным абавязку — берагчы мір і спакой на роднай зямлі.

Мы часам не задумваемся над каштоўнасцю помнікаў, не прыбіраем каля іх. А здараецца, што несумленныя грамадзяне яшчэ і штосьці нашкрабаюць ці напішуць на святым месцы. Неаднойчы здаралася такое бачыць.

Падчас акцыі прысутныя ўсклалі вянкі, кветкі і хлеб памяці, які сімвалізуе бачную сувязь паміж жывымі і мёртвымі.

Сутнасць гэтых мерапрыемстваў — не толькі смутак і памяць аб памерлых, але і даніна ўдзячнасці ім, а таксама наказ жывым.

Стоячы ля помніка, удзельнікі акцыі яшчэ раз пранікліся пачуццём і свядомасцю таго, якую каштоўнасць для нас мае памяць пра той страшны перыяд 1941 – 1945 гадоў.

Доўг жывых — працягнуць добрыя справы продкаў. Гэта лепшая памяць пра іх!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.