Прогулка в выходной день по магазинам и рынку в Лепеле

poznyakЗадалася пытаннем: дзе ў нядзелю больш пакупнікоў – у магазінах ці на рынку? Трэба абавязкова дадаць, што крамаў у г. Лепелі ў апошнія гады стала шмат, таму і канкурэнцыя ў гандлі назіраецца вялікая.

Накіроўваюся ў магазін «Хіт», што знаходзіцца па вуліцы Інтэрнацыянальная. А 9-й гадзіне там убачыла толькі 4 пакупнікоў, якія ў большасці набывалі садавіну, крупы, пячэнне і іншыя прысмакі. Наведвальнікі адзначылі, што заходзяць сюды за таварамі, якія больш танныя, чым у іншых гандлёвых кропках.
У магазін №27 «Прадукты» Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства, што па вуліцы Інтэрнацыянальнай (у народзе – падвальны) жыхары мікрараёна «Плінтоўка» у асноўным цікавіліся малочнай прадукцыяй, у большасці пад брэндам «Лепелька», хлебам, батонам Лепельскага хлебазавода і каўбаснымі вырабамі.
А вось падлеткі з інтэрната аграрна-тэхнічнага каледжа забягалі за чабурэкамі, піражкамі і смажанкамі. Гэта прадукцыя ў 2-й палове дня звычайна ўжо адсутнічае ў краме.
Наступным пунктам майго наведвання стаў магазін «Санта», дзе наведвальнікаў амаль не заўважыла. Магчыма, з-за вялікай плошчы памяшкання здалося, што тут іх зусім няма. На касе разлічвалася некалькі чалавек, у спажывецкіх кошыках якіх была ў асноўным выпечка ўласнай вытворчасці «Санты».
Хочацца адзначыць, што многія лепяльчане прыхо­дзяць у гэты магазін за булкамі і свежым хлебам, якія сталі іх любімымі таварамі.
Спытала ў знаёмай, чаму яна не набывае тут рыбу, бо менавіта на гэты тавар разлічвалі жыхары раёна пры з’яўленні гандлёвай кропкі.
– Зараз пайду на рынак, там і куплю, – кажа Таццяна.
– А чаму тут не бераце? Зірніце, які выбар…
– На базары танней.
svininaДалей накіроўваюся на рынак. Пачынаю агляд з пляцоўкі, дзе прапаноўваецца сельгаспрадукцыя. Прыемна адзначыць, што тут можна выбраць садавіну і гародніну не толькі з прысядзібных надзелаў жыхароў Лепельшчыны, а і прывазную. Недарэмна кажуць, што на кожны тавар ёсць свой пакупнік.
– Я люблю гародніну, вырашчаную на мясцовых участках. Хоць яна знешне і не такая прыгожая, затое без шкодных хімікатаў. Ужо з гадамі вызначылася, у каго смачней, таму прыходжу да канкрэтных гандляроў. Сама жыву ў кватэры, не маю магчымасці займацца агародам, – кажа Аліна Сільвановіч.
А вось моладзь, заўважыла, падыходзіла да гародніны і садавіны, якія прывезены з іншых краін.
– Калі гэта вінаград, то ён буйны і салодкі, калі памідоры, то маюць насычаны колер і асаблівы смак, – кажа маладая пара Андрэевых.
suxofruktyМногія могуць паспрачацца з такой высновай, бо на смак і колер таварышаў няма.
Папулярнасцю ў асенні і зімовы перыяды карыстаецца на рынку зеляніна: пятрушка, кроп, цыбуля… У асноўным цана на добры пучок вагалася ад рубля да паўтара. Лічу, можна сабе дазволіць такую раскошу, тым больш у вялікай колькасці гэтыя расліны не ўжываюць.
Звычайна за малочнай прадукцыяй філіяла «Лепельскі МКК» забягаю ў бліжэйшы ад дома магазін. Аднак ёсць пакупнікі, якія набываюць малако, смятану і тварог у вяскоўцаў, што трымаюць на сваім падворку рагулю.
Заўважаю, як да жанчыны ў крытым павільёне падыхо­дзяць пакупнікі, і яна ведае, што кожнаму з іх прапанаваць. Вольга Плігаўка кілаграм тварагу прадае па 8 рублёў, масла – па 15, смятану і малако – па 5, а сыр – па 10 рублёў. Упэўнена, што тут прадукцыя смачная, бо за ёй нават утварылася чарга.
Наведвальнікі з задавальненнем набывалі ў нядзелю таксама квашаную капусту і салёныя агуркі па 5 рублёў за кілаграм.
Лепяльчанка Алена Жарнасек амаль кожную нядзелю наведвае рынак і не збіраецца мяняць традыцыі:
– Калі набываем прадукты ў магазіне, то не заўсёды дакладна ведаем, адкуль прывезена гэта прадукцыя. Навед­ваць базар падабаецца таму, што пры набыцці тавару можна пагаварыць з чалавекам, які сам вырошчваў садавіну ці выгадаваў жывёлу. Ёсць магчымасць атрымаць адказы на ўсе пытанні, як прадукт з участка трапіў у нашы рукі.
Пагутарыўшы з прадаўцамі і пакупнікамі, зрабіла выснову, што рынкі ў пэўнай ступені аб’ядноўваюць людзей. Яны знаёмяць спажыўцоў з людзьмі, якія вырошчваюць прадукты.
Да таго ж заўважыла, што прадаўцы, чые тавары набываюць пакупнікі, ведаюць, як прыгатаваць смачныя стравы. Яны могуць падказаць, якія прыправы лепш выкарыстоўваць, а таксама падзеляцца сваімі сакрэтамі для прыгатавання кожнага прадукту. Гэта своеасаблівы ўрок кулінарыі ў падарунак!
І няхай у магазінах адметнае асвятленне, ад якога садавіна выглядае больш прыгожа, але натуральнае святло на базары куды больш прыемнае і мае шэраг пераваг. Да таго ж на рынку можна сустрэць шмат знаёмых і сяброў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.