Пшеница стоит густая, высокая, полеглицы не видно

img_3276У КУВСГП “Лепельскае” ўборка зерневых была распачата ў апошні дзень ліпеня. На момант прыезду карэспандэнта валавы намалот склаў больш за 190 тон.
— К вечару перавалім за 200 тон, — упэўнена кажа галоўны аграном Аляксей Раманенка, — калі толькі надвор’е не падвядзе.
А надвор’е, і сапраўды, нібыта рыхтавалася падкінуць сюрпрыз. Неба хмарылася, пацягнуў вецер, здавалася, што вось-вось паліе дождж і закрые ўсе магчымасці для жніва.
Поле за вёскай Малы Поўсвіж шырокае, больш за дзесяць гектараў. Расце на ім азімая пшаніца сорту “ядвіся”.
— Якая ўраджайнасць? — пытаюся ў Аляксея Раманенкі.
— Паводле прыблізных падлікаў — каля 30 цэнтнераў з гектара. Гэта бункерная вага. Пасля ачышчэння ад зёлак ды высушвання застанецца, думаю, 27-27,5 цэнтнераў.
Пшаніца стаіць густая, гонкая, палегліцы не відаць. Да сябе ў кабіну пусціў камбайнер Уладзімір Піскуноў. Яго камбайн працуе на палях восьмы сезон, Уладзімір ім кіруе чацвёрты. Тэхніку за гэтыя гады асвоіў выдатна, адчувае, як працуе кожны механізм. Кажа:
— Неблагая пшаніца, хаця месцамі ўсё ж не вельмі. На вымачках яна рэдкая, там нават пустазелля больш, чым каласоў. Аднак у цэлым поле добрае.
— Абеды прывозяць?
— А як жа! У нас свая сталоўка, кухар — майстар сваёй справы. Як казалі ў старым савецкім фільме, кожная калорыя на сваім месцы.
Памочнікам Уладзіміра працуе Ілья Дзівін. Хлопец вучыцца ў Мінску, у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Скончыў тры курсы і на канікулах не лянуецца.
На другім камбайне працуюць камбайнер Дзмітрый Аўсянік і памочнік Яўген Саўчанка.
— Вы брат Фёдара Аўсяніка?
— Так, працуем разам у адной гаспадарцы, толькі на рознай тэхніцы.
Трэці камбайн КЗС-10 прыпыніўся на ўскрайку поля. Аляксандр Пліско і Максім Валаховіч пад’ехалі, каб заправіць кандыцыянер. Кіраўніцтва “Лепельскага” дамовілася з мінскай фірмай IceAuto, якая спецыялізуецца на запраўцы і абслугоўванні кандыцыянераў у аўтамабілях, трактарах і іншай падобнай тэхніцы. Антон Касачук і Канстанцін Сідорчык ужо агледзелі і заправілі першыя два камбайны, надышла чарга самага старога ў гаспадарцы. Аляксандр Пліско атрымліваў сваю “дзясятку” адным з першых у раёне. Большасць камбайнаў гэтай мадэлі тых гадоў ужо даўно выпрацавала свой рэсурс і разабраная на запчасткі, спісана і здадзена ў металалом, а Аляксандр усё трымае свой камбайн у спраўным стане. Кажа:
— Самае тонкае месца ў гэтай мадэлі — рама. А дзе тонка, там і рвецца. Кожны год даводзіцца заязджаць на зварачны пост і пераварваць. Летась, аднак, са зваршчыкам памучыліся капітальна, але ён зрабіў справу надзейна, сезон машына адпрацавала бездакорна. І цяпер яшчэ працуе. Спадзяюся, што гэтае жніво абыдзецца без паломак.
img_3283Усяго ў гаспадарцы сем збожжаўборачных камбайнаў. Аднаму патрэбны вялікі рамонт, таму ён пакуль што нават не запускаўся. Астатнія шэсць пасля належнага тэхнічнага абслугоўвання выехалі ў поле. Адзін з паломкай вярнуўся ў першы дзень, яшчэ два — у наступны. Па словах галоўнага агранома, патрэбныя запчасткі ёсць, таму ў хуткім часе яны вярнуцца на палі.
Збожжа вывозіцца на сушыльны комплекс у вёсцы Забалацце. Яго абсталяванне магутнае, што дазваляе хутка правесці першасную прачыстку і прасушку да патрэбнай кандыцыі вялікай масы збожжа.
А следам за камбайнамі па полі пайшоў трактар “Беларусь” з прэс-падборшчыкам.
Збожжавы клін КУВСГП “Лепельскае” вялікі — больш за тысячу гектараў. З-за ўмоў надвор’я сёлета жніво пачалося пазней, чым звычайна. Аднак спецыялісты і камбайнеры не губляюць аптымізму, перакананыя, што паспеюць зжаць усё. Абы толькі не было перабояў з забеспячэннем палівам.
А надвор’е ў той дзень не падвяло. “Лепельскае” да вечара далёка перасягнула планку ў 200 тон.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: майстры па запраўцы кандыцыянераў Антон Касачук і Канстанцін Сідорчык; камбайнер Дзмітрый Аўсянік і яго памочнік Яўген Саўчанка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.