Работа в интенсивном режиме

img_5567У філіяле “Баброва-агра” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” пасля рэарганізацыі работнікаў няшмат, затое кожны — майстар сваёй справы, які душой хварэе за работу. Сярод такіх і Валерый Гамзюк, механізатар са шматгадовым стажам.
— Папрацаваў я шмат гадоў на дзяржаўным прадпрыемстве “Лепельскае ПМС”, у іншых арганізацыях, а ў апошнія гады — у КУВСГП “Баброва”. Прыйшоў сюды, калі яно было яшчэ ў дзяржаўнай уласнасці. І раней, і цяпер працую трактарыстам.
Зімой у сельгасарганізацыях — сезоннае зацішша. З палеткаў ураджай убраны, звезена апошняя салома. Палі засеяны азімымі культурамі — жытам, пшаніцай, трыцікале, рапсам. Астатнія ж палеткі пераараны на зіму. На палях — цішыня…
І толькі на мехдварах цепліцца жыццё. Дарэчы, слова “цепліцца” ўжыта ў прамым значэнні, бо спачатку ў майстэрні распальваецца агонь у абагравальніку для стварэння нармальнага тэмпературнага рэжыму ў памяшканні, каб трактарыстам і слесарам было камфортна працаваць.
Дбайныя кіраўнікі паклапаціліся і пра дровы, і пра запчасткі для рамонту тэхнікі. Так, трактару Валерыя Гамзюка патрабаваўся капітальны рамонт рухавіка.
Што азначае капрамонт матора, ведаюць кожны механізатар і кіроўца, адрозніваюцца толькі мадэлі матораў. Калі ж ідзе размова пра энерганасычаны трактар МТЗ-3022 з рухавіком нямецкай фірмы “Deutz”, зразумела, што такая складаная тэхніка патрабуе рамонту на спецыялізаваных прадпрыемствах за вялікія грашовыя сродкі. А вось невялікі трактар МТЗ-920, на якім, уласна, працуе Валерый Лявонавіч, аснашчаны надзейным Д-240 вытворчасці Мінскага маторнага завода, які добра зарэкамендаваў сябе за дзесяцігоддзі. Нашы трактарысты і слесары могуць адрамантаваць яго амаль у палявых умовах. Галоўнае патрабаванне пры гэтым — каб запчасткі былі ў дастатковай колькасці. Валерыю Лявонавічу быў выдадзены неабходны камплект, і ён няспешна, прыблізна за паўмесяца, перабраў рухавік.
Калі мы з ім сустрэліся, папрасіў распавесці пра работу ў земляробчы сезон 2019 года.
— Сезон я пачаў ранняй вясной, як толькі сышоў снег. Азімая пшаніца выходзіла з зямлі аслабленай
з-за цвілі, якая плямамі пакрывала палеткі. Мне ж загадалі прабаранаваць усе пасевы.
— Не чуў, каб рабілі такую агратэхнічную аперацыю.
— Не, робіцца. Ва ўсялякім разе мы правялі, і азімыя дружна пайшлі ў рост, цвіль ім ніяк не нашкодзіла. Затым мяне пераключылі на ўнясенне мінеральных угнаенняў, на падкормку пасеваў. Унёс дзясяткі, калі не сотні тон тукаў. Вынік працы бачыў на сёлетнім жніве, калі пшаніца радавала ўраджайнасцю па 40 і больш цэнтнераў з гектара. Я з прычэпам адвозіў намалот ад камбайнаў.
Яшчэ адна важная работа, якой займаецца Валерый Гамзюк, — ачышчэнне палёў ад камення. Для гэтага за трактар чапляецца спецыяльны падборшчык. Наколькі гэта цяжкая і адмысловая работа, можна ўявіць, узважыўшы хаця б адзін камень, а потым паглядзеўшы на горы камення, ссыпанага каля мехдвара ў Баброве. Я ж неаднойчы ад мясцовых механізатараў чуў, што за апошнія гады палеткі прадпрыемства ў значнай ступені ачысціліся ад камянёў. Працаваць стала зручней і бяспечней. Зараз менш рызыкі, што натыкнешся на валун, пераворваючы чарговае поле.
Валерый Гамзюк, адрамантаваўшы рухавік, узяўся за старцер, каб і гэты агрэгат у наступным сезоне працаваў як належыць, без збояў.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.