Рубин — символ верности и любви

Напярэдадні навагодніх святаў прадставілася магчымасць пазнаёміцца з цікавымі людзьмі — сям’ёй Крыскевічаў. Пагутарыўшы з імі, не магла не адлюстраваць гэта на старонках газеты. Тым больш што 19 снежня Уладзімір Кірылавіч і Алена Аляксандраўна адзначаюць 40-годдзе сумеснага жыцця.
Нездарма 4 дзясяткі ў шлюбе называюць рубінавымі, бо гэты камень здаўна лічыўся сімвалам вернага і адданага кахання, шчасця. Каштоўны мінерал з’яўляецца адным з самых цвёрдых у прыродзе.
Акрамя гэтага, 19 снежня — Дзень памяці Святога Мікалая, бацькі якога далі клятву прысвяціць адзінае сваё дзіця Богу.
***
Не патрэбны скарб, калі ў сям’і лад. Менавіта так мне хочацца ахарактарызаваць сям’ю Крыскевічаў, якая жыве ў аграгарадку Чарэйшчына. Пра такія пары трэба пісаць і казаць, бо яны з’яўляюцца прыкладам для іншых — не толькі сваіх дзяцей, а і ўвогуле ўсёй моладзі. Вельмі хочацца, каб у нашай краіне ствараліся моцныя і шчаслівыя саюзы, якія б выхоўвалі дзяцей у любові і дабрыні.
Як кажуць мае суразмоўцы, 40 гадоў праляцелі незаўважна. Зусім нядаўна ў іх былі малыя дзеці, а вось цяпер ужо падрастаюць унукі.
Увесь гэты перыяд яны лічаць сябе шчаслівымі, бо пануюць у іх доме каханне і гармонія. Не, не падумайце, што Уладзімір Кірылавіч і Алена Аляксандраўна ніколі не сварыліся, не пярэчылі адзін аднаму — такога папросту не бывае. Аднак пры ўсіх нягодах для іх сям’я заўсёды знаходзілася і знаходзіцца на першым месцы.
— А я з іншай жанчынай і не змог бы пражыць столькі гадоў, — кажа гаспадар з усмешкай на вуснах.
— А хто б цябе столькі гадоў здолеў цярпець, — смяецца Алена Аляксандраўна.
Вось на такой гумарыстычнай ноце і пачалася наша размова.
Дзяцінства і юнацтва
Алена Аляксандраўна нарадзілася ў Камсамольску-на-Амуры, што на Далёкім Усходзе. Як споўнілася дзяўчынцы 5 гадоў, бацькі пераехалі на Браншчыну. А ў 1971-м — у Шклоўскі раён нашай краіны. Скончыўшы школу ў 1977 годзе, Алена Аляксандраўна паступіла ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію.
Уладзімір Кірылавіч родам з вёскі Ціханяты Ушацкага раёна. Пасля 8-годкі атрымаў спецыяльнасць агранома ў Лужаснянскім тэхнікуме. Потым былі 2 гады службы ў арміі.
— Бацька заўсёды казаў, што абавязкова трэба вучыцца. Ды і ў мяне заўсёды было такое жаданне. Нават у акадэміі атрымліваў падвышаную стыпендыю, — адзначыў мужчына.
Знаёмства
Менавіта ў Горках і адбылося знаёмства маіх суразмоўцаў, якое вельмі хутка перарасло ў моцнае каханне, ды на ўсё жыццё.
Як зараз жанчына памятае сустрэчу з Уладзімірам падчас падрыхтоўчых курсаў:
— Ён быў у ваеннай форме з пагонамі «СА» (Савецкая Армія). Толькі-толькі дэмабілізаваўся. Мы крыху паразмаўлялі і на гэтым разышліся.
У верасні дзяўчына стала студэнткай бухгалтарскага факультэта, а Уладзімір – эканамічнага.
Так атрымалася, што жылі мае суразмоўцы на адным паверсе інтэрната, аднак першыя паўгода не звярталі адзін на аднаго асаблівай увагі, былі захоплены адукацыйным працэсам, імкнуліся набыць карысныя веды на будучае.
— Афіцыйна мы сталі сустракацца 8 сакавіка 1978 года, — кажа Уладзімір Кірылавіч. – Дзяўчат у інтэрнаце было шмат, аднак я адразу звярнуў увагу на Алену. Сустракаліся мы 4 гады, наведвалі кіно, прагульваліся па парку. Адным словам, гэта былі рамантычныя годы.
У 1981 годзе Алена Аляксандраўна атрымала дыплом і паехала ў Магілёў па размеркаванні. Уладзімір Кірылавіч вучыўся па 5-гадовай праграме. Сумна стала хлопцу без каханай дзяўчыны, ды і раптам у абласным цэнтры яна знойдзе сабе каго-небудзь, таму вырашыў дзейнічаць. Доўга не раздумваючы, у кастрычніку на дзень нараджэння Алены, зрабіў прапанову рукі і сэрца, а ў хуткім часе, 19 снежня, згулялі і вяселле.
Як толькі муж атрымаў дыплом, маладая сям’я накіравалася на Ушаччыну, дзе Уладзімір Кірылавіч працаваў фінансістам ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі, а Алена Аляксандраўна – эканамістам.
Праз год на кароткі перыяд пераехалі ў Докшыцкі раён, і потым, у 1984-м, жыццёвыя сцежкі прывялі на Лепельшчыну – у Забароўе, дзе ў калгасе «Дзімітрава» мужчына працаваў галоўным эканамістам, а Алена Аляксандраўна – бухгалтарам.
З 1986 года Крыскевічы жывуць у аграгарадку Чарэйшчына. «Дзімітрава», «Тэльмана», «Белая Русь», ААТ «Чарэйшчына» — назвы мяняліся, аднак людзі заставаліся ў калектыве тыя ж. Алена Аляксандраўна рупілася бухгалтарам, а Уладзімір Кірылавіч – галоўным эканамістам, а пазней — старшынёй прафкама.
Жыццё «кіпела», актыўна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах.
У 90-х муж і жонка вырашаюць змяніць свой працоўны шлях. У сям’і падрасталі трое дзяцей, грошай не хапала, таму пайшлі на ўласны хлеб. 17 гадоў Крыскевічы гандлявалі на рынку мясам. Калі хтосьці думае, што гэта лёгка, глыбока памыляецца.
— Доўгі час у нас была вялікая гаспадарка: 3 каровы 10 свіней, 3 свінаматкі, мелі гектар уласнага агароду. Шмат садзілі бульбы, жыта, нарыхтоўвалі сена на зіму, — кажа жанчына.
Дзеці ў сям’і Крыскевічаў таксама прывучаныя да працы: палолі, сена сушылі, прыбіралі… І ніхто з іх не лічыць, што дзяцінства было цяжкім. Наадварот — вясёлым і запамінальным.
Акрамя гэтага, Алена Аляксандраўна паспявала і ежу прыгатаваць, і дамашняе заданне ў дзяцей праверыць, і наведаць сельскі клуб, дзе з’яўлялася ўдзельніцай хору.
Перад выхадам на пенсію Алена Аляксандраўна некалькі гадоў папрацавала яшчэ і загадчыкам мясцовага паштовага аддзялення, а Уладзімір Кірылавіч – паштальёнам.
Вылецелі, як птушкі з гнязда, дзеці, усе атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі сваё месца ў жыцці, маюць сем’і. Старэйшаму сыну Паўлу 38 гадоў, мужчына працуе ў банкаўскай сферы ў сталіцы. Яўгену – 36, ён намеснік начальніка вялікай гандлёвай кропкі ў Віцебску. Дачка Валянціна зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Не забываюць сыны і дачка пра бацькоў, пры першай магчымасці з задавальненнем спяшаюцца ў Чарэйшчыну — у бацькоўскі дом. Чацвёра ўнукаў таксама любяць тут бавіць час.
Розныя выпрабаванні даюцца нам лёсам, і вельмі важна, каб у гэты перыяд побач былі блізкія людзі. Не абмінула бяда і сям’ю Крыскевічаў. Два гады таму Алена Аляксандраўна страціла зрок. Магчыма, гэта наступствы каранавіруснай інфекцыі, а магчыма — штосьці іншае. Медыкі спрабуюць розныя віды лячэнняў, а ў сям’і не страчваюць надзею на цуд. І правільна!
Малайчына, мая суразмоўца, якая не сядзіць склаўшы рукі. Алена Аляксандраўна пачала з бісерам працаваць, дыванкі вязаць, дзякуючы спецыяльнаму вушку нават нітку ў іголку сама прасоўвае. А калі прыязджаюць родныя, у яе на стале смачныя стравы гатовыя, якія таксама гатуе сама. Асабліва падабаюцца ўнукам галубцы ды скваркі.
Падчас размовы ўзгадалі гаспадары, што пра іх ужо была публікацыя ў газеце. У 90-я Васіль Хаванскі пісаў пра незвычайную з’яву з неба. Шаравая маланка ўдарыла ў печку ў доме Крыскевічаў.

Вось так, па-сяброўску і разам, муж і жонка Крыскевічы выхоўвалі дзяцей, працавалі на карысць раёна, з задавальненнем сустракаюць у сябе дома дзяцей і ўнукаў. Для гэтай сям’і, галоўнае слова — «разам». Разам — у радасці і ў горы, у працы і ў адпачынку.
— Не трэба мужу і жонцы высвятляць адносіны, трэба ўмець саступаць і памятаць, што цяжкасці — гэта нармальная з’ява ў сямейных адносінах, — рэзюмавалі мае суразмоўцы.
Ад усёй душы віншуем Алену Аляксандраўну і Уладзіміра Кірылавіча з рубінавай гадавінай! Жадаем заставацца такой жа моцнай парай, як самы прыгожы рубін на свеце. Моцнага здароўя і дабрабыту вам, светлых надзей і шчаслівых эмоцый.
Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.